Эфектыўна, калі вынікова

Напачатку апаратнай нарады, дзе разглядалася пытанне эфектыўнасці выканання мерапрыемстваў на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна па навядзенні парадку на зямлі ў мінулым годзе, старшыня райвыканкама Мікалай Мароз звярнуў увагу выступаючых на неабходнасць закрануць у дакладах найбольш вострыя праблемныя пытанні і акрэсліць задачы на сёлета. Справаздачу аб зробленым, а гэта даволі істотны пласт работы, трымалі кіраўнікі прыродаахоўнай, санітарнай, землеўпарадкавальнай службаў, КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ».

Старшыня райвыканкама звярнуў увагу, што работа службамі праводзіцца, але разам з тым хапае і недапрацовак. А ў такой важнай справе, як навядзенне парадку, фармалізм недапушчальны, як і бяздзейнасць, абыякавасць і работа ад выпадку да выпадку. Сярод асноўных накірункаў, на якія неабходна звярнуць увагу ў плане кантролю і выяўлення нядбайных гаспадароў прыродаахоўнай, санітарнай, землеўпарадкавальнай службам, камунгасу, кіраўнік раёна назваў добраўпарадкаванне прыдарожных палос, ускрайкаў лясных масіваў. Па-ранейшаму шмат пытанняў да большасці арганізацый, якія размешчаны ў так званай прамысловай зоне Ляхавічаў. Важна не толькі ўбачыць, занатаваць у фотаздымках, але і прыняць меры, каб сітуацыя была выпраўлена, пракантраляваць зробленае, а калі парадак так і не будзе наведзены, то прыняць неабходныя меры дысцыплінарнага ці адміністрацыйнага ўздзеяння згодна з заканадаўствам. І тычыцца гэта як прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый рознай формы ўласнасці, так і гаспадароў-прыватнікаў і ў горадзе, і ў сельскай мясцовасці.
Так, па словах Мікалая Мароза, актуальным застаецца пытанне наконт утрымання кантэйнерных пляцовак. Раз-пораз паступаюць скаргі ад жыхароў раёна наконт несвоечасовасці вывазу смецця. Дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі назваў найбольш дзейсным варыянтам увогуле адмовіцца ад кантэйнерных пляцовак і аддаць перавагу вывазу бытавых адходаў згодна з распрацаваным графікам. Аднак кіраўнік раёна задаў рэзоннае пытанне, ці задаволіць такое рашэнне ўсіх жыльцоў, бо не кожны можа падпарадкаваць свой рэжым графіку прыезду спецыяльнага аўтамабіля. Таму тэма патрабуе дэталёвага разбору і прыняцця рашэння, што задаволіць усе бакі.
Яшчэ адна актуальная сітуацыя тычыцца забруджанасці вады на рацэ Ведзьме на зоне адпачынку ў райцэнтры. Звароты ляхавічан на гэту тэму паступаюць у розныя інстанцыі. Старшыня райвыканкама даручыў прыродаахоўнай службе вывучыць вопыт работы навядзення парадку на зонах адпачынку ў іншых рэгіёнах краіны, каб прымяніць іх у далейшым у нашым раёне.
Пытанне ад кіраўніцтва раёна да землеўпарадкавальнай службы тычылася ў тым ліку і навядзення парадку на прыдамавых тэрыторыях у гарадскім прыватным сектары. Уласнікі некаторых будынкаў, якія ў іх не пражываюць, не клапоцяцца пра парадак і тым самым ствараюць нязручнасці, небяспеку для сваіх суседзяў. Зразумела, што дастаткова ўзняцца пажару ў адным доме, як агонь хутка можа перакінуцца і на суседнія пабудовы. Варта прымяняць да такіх нядбайных гаспадароў меры адміністрацыйнага ўздзеяння, каб папярэдзіць трагедыю.
Добраўпарадкаванне могілак, выдаленне на іх тэрыторыях аварыйных дрэваў, зараснікаў кустоўя, абгароджванне, своечасовы вываз смецця з кантэйнерных пляцовак – задачы, якія павінны вырашацца і ў 2023 годзе.
Кіраўнік раёна адзначыў, што вынік работы разнастайных рэйдавых груп, а таксама супрацоўнікаў розных кантралюючых арганізацый можа лічыцца плённым толькі тады, калі праверкі будуць мэтанакіраванымі і рэгулярнымі, а не час ад часу. Мікалай Мароз указаў на неабходнасць штомесячнага планавання работы ўсімі службамі. Абагульніць і кантраляваць выкананне планаў – задача аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама.
Не будзем чакаць, пакуль вясна пакажа зусім някветкавыя падснежнікі агульнай безгаспадарчасці. А ўжо сёння возьмемся за справу і будзем дбайнымі гаспадарамі – усе і паўсюдна.

Галіна КАНЬКО.