Часовыя нязручнасці для далейшага камфорту. Многія звярталі ўвагу на паведамленні ў тэлеграм-канале «Ляхавіцкага весніка» пра часовыя адключэнні падачы электраэнергіі

Напэўна, многія звярталі ўвагу на паведамленні ў тэлеграм-канале «Ляхавіцкага весніка» пра часовыя адключэнні падачы электраэнергіі ў некаторыя населеныя пункты раёна.

– Часовыя адключэнні электраэнергіі звязаны з правядзеннем планавых работ у межах рамонту ці рэканструкцыі паветраных ліній
электраперадачы. Гэта часовыя нязручнасці, каб у далейшым жыхары раёна мелі якасную падачу электраэнергіі, – адзначае начальнік Ляхавіцкага РЭС Віктар Станкевіч і дадае: – Хачу падзякаваць землякам за разуменне і ўменне чакаць. Мы стараемся аднавіць падачу электрычнасці як мага хутчэй, разумеем, што без яе цяжка абыходзіцца.
З 4 верасня брыгады раёна электрасетак пачалі рэканструкцыю паветраных ліній электраперадачы напружанасцю
10 кВ агульнай працягласцю 6,3 кіла-метра ў вёсцы Навасёлкі Крывошынскага сельсавета. Прадугледжана замена старых апор на новыя, акрамя таго, замест звычайных правадоў цяпер выкарыстоўваюцца ізаляваныя.
– Ізаляваныя правады значна больш устойлівыя да абрываў, адпаведна, будзе узнікаць менш праблем з падачай электраэнергіі ў непагадзь, – тлумачыць Віктар Станкевіч.
Работы раён электрасетак праводзіць уласнымі сіламі і за ўласныя сродкі, плануецца завяршыць іх да сярэдзіны кастрычніка 2023 года.
Дарэчы, з пачатку бягучага года жыхары шэрага вёсак і аграгарадкоў ужо адчулі перавагі пасля рэканструкцыі ЛЭП. Так, з новымі апорамі і новымі электраправадамі цяпер частка тэрыторыі за вёскамі Любейкі, Лабузы, вядзецца рэканструкцыя ліній да садаводчага таварыства «Дружба». На чарзе такога кшталту рэканструкцыя ў частках вёсак Гарадзішча і Шавялі, дзе абноўкі з’явяцца ў сёлетнім кастрычніку – лістападзе.
Яшчэ адзін надзвычай важны аб’ект завяршылі работнікі Ляхавіцкага РЭС. Пасля рэканструкцыі ЛЭП жыхары Тальмінавічаў могуць ацяпляць дамы з дапамогай электраэнергіі.
Галіна КАНЬКО.