АЧС нікуды не дзелася!

Ветэрынарныя спецыялісты не стамляюцца папярэджваць гаспадароў пра пільнасць

Першыя ўпамінанні пра афрыканскую чуму свіней (АЧС) на старонках нашай раённай газеты знаходзім яшчэ ў 2013 годзе. З той пары інфармацыя пра гэта захворванне друкавалася з той ці іншай перыядычнасцю – у залежнасці ад сітуацыі, якая складваецца. Цяпер яна зноў гэтаму спрыяе. Людзі актыўна наведваюць лясы. Ходзяць па грыбы, у ягады, прыносяць усё гэта дамоў, перабіраюць, адходы выкідаюць. І праблема ў тым, што з гэтымі рэшткамі, з тым, што застаецца на адзенні і абутку, дамоў можна занесці вірус АЧС. Хвароба ж нікуды не знікла, і дзікі па-ранейшаму з’яўляюцца яе крыніцай і пераносчыкамі. Вакцыны і лякарства ад афрыканскай чумы свіней яшчэ не вынайшлі, таму галоўным спосабам не дапусціць яе застаецца выкананне мер засцярогі.

Афрыканская чума свіней асабліва небяспечная высокакантагіёзная вірусная хвароба свойскіх і дзікіх свіней незалежна ад узросту і пароды, якая ўзнікае ў любую пару года. Цяпер АЧС зарэгістравана ў многіх краінах Афрыкі, у Еўропе, у многіх краінах Каўказа і ў Расійскай Федэрацыі. Склаўшаяся эпідэміялагічная сітуацыя стварае рызыку заносу АЧС у суседнія краіны. Яна хутка распаўсюджваецца, характарызуецца высокай ступенню смяротнасці заражаных жывёл, нясе высокі эканамічны ўрон. Ветэрынарных прэпаратаў для прафілактыкі і лячэння свіней ад гэтай хваробы няма. Вірус АЧС устойлівы да фізічнага і хімічнага ўздзеяння: у трупах свіней захоўваецца да 10 тыдняў, у гноі – да 5 месяцаў, у глебе – ад 4 да 5 месяцаў, а ў замарожаным мясе, вэнджанай каўбасе –
да 4 месяцаў. Для здароўя людзей АЧС не ўяўляе небяспекі.
Крыніца хваробы АЧС – хворыя свінні. Здаровым жывёлам захворванне перадаецца праз заражаныя вірусам кармы, подсціл, гной, трупы і прадукты забою жывёл (мяса, мясапрадукты, кроў, косці, шкуры і іншае). Інфіцыраванне магчыма і праз органы дыхання, пашкоджаную скуру і ўкусы заражаных кляшчоў-пераносчыкаў (у іх арганізме вірус АЧС захоўваецца многія гады). Таксама вірус могуць распаўсюджваць людзі, свойскія і дзікія жывёлы, насякомыя, грызуны, якія знаходзіліся на інфіцыраваных тэрыторыях. Найбольшую ж пагрозу ўзнікнення і распаўсюджвання інфекцыі АЧС нясуць
дзікі.
Паміж заражэннем і праяўленнем клінічных прыкмет захворвання можа прайсці ад 2 да 22 сутак. Пры маланкавым цячэнні захворвання жывёлы гінуць без якіх-небудзь прыкмет. Пры вострым – у жывёл павышаецца тэмпература цела да 40,5–42 градусаў. Дыханне становіцца пачашчаным, скурнае покрыва чырванее, і на яго розных участках могуць з’явіцца фіялетава-чырвоныя плямы, што не бляднеюць пры націсканні. Назіраюцца выдзяленні з носа і вачэй, прыкметы пнеўманіі і ацёкі лёгкіх, могуць развіцца сутаргі, парэзы і паралічы канечнасцяў. Хворыя жывёлы больш ляжаць, зарыўшыся ў подсціл, млява падымаюцца, хутка стамляюцца. Жывёлы, якія перахварэлі і засталіся жывымі, становяцца пажыццёвымі вірусаносьбітамі.
Як не дапусціць заражэння: не купляйце камбікорм невядомага
паходжання;
не скормлівайце свінням адходы прадуктаў харчавання з кампанентамі жывёльнага паходжання (мяса, тлушчы, кроў, іншае);
пры кармленні свіней кармамі ўласнай вытворчасці (бульба, буракі, мука, трава і г. д.) перад скормліваннем іх неабходна тэрмічна апрацаваць (напрыклад, запарыць);
не рэкамендуецца карміць свіней кукурузнымі пачаткамі, бо не выключана магчымасць інфіцыравання кукурузных палёў хворымі дзікімі свіннямі (дарэчы, дзікія свінні могуць наведаць і бульбяныя палі);
нельга скормліваць свінням (без тэрмічнай апрацоўкі) рэшткі ежы са стала і адходы пасля забою свіней;
сядзібы, двары, дзе размешчаны хлявы, абгарадзіце, каб туды не праніклі дзікія жывёлы;
заходзьце ў хлеў толькі ў спецыяльным адзенні і абутку, якія больш нікуды не надзяваеце, асабліва ў лес;
не дапускайце старонніх у свае двары і хлявы;
пастаянна знішчайце грызуноў і мух.
Пра ўсе выпадкі захворвання і падзяжу свіней паведамляйце спецыялістам райветстанцыі або ў сельвыканкамы. Ні ў якім выпадку нельга забіваць хворых жывёл без агляду ветэрынарнага ўрача. Таксама тэрмінова паведаміце ў райветстанцыю, калі знойдзены трупы дзікіх свіней, па тэлефонах 2-13-49, +375-29-722-38-01 або ў сель-
выканкам.
Тэрыторыя, у межах якой забаронена трымаць свіней фізічным асобам у асабістых падсобных гаспадарках грамадзян,
у сялянскіх (фермерскіх) гаспадарках і індывідуальным прадпрымальнікам, застаецца ў Ляхавіцкім раёне ранейшай, гэта населеныя пункты Востраў, Гута, Падлаззе.

Павел ХЕВУК, галоўны ветэрынарны ўрач Ляхавіцкага раёна.