Газ – для вас! Аграгарадок Жарабковічы і іншыя населеныя пункты Ляхавіцкага раёна пераведзены са звадкаванага газа на прыродны

Аграгарадок Жарабковічы пераведзены са звадкаванага газа на прыродны. Будаўніцтва газавай артэрыі ў гэтым напрамку пачалося на пачатку 2022 года і адбывалася ў некалькі этапаў па Дзяржпраграме «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе».


Падчас першай чаргі газаправод прайшоў праз Улазавічы, транзітам праз Падлессе і закрануў частку Жарабковічаў. Сума работ у грашовым эквіваленце склала больш за 1 900 тысяч рублёў,
і гэта сродкі абласнога бюджэту.
На другой чарзе стаяла завяршэнне газіфікацыі ў аграгарадках Жарабковічы і Падлессе. На гэты аб’ём работы выкарыстана больш за
187 тысяч рублёў УП «Брэстаблгаз».
Працягласць газаправода праз усе гэтыя населеныя пункты перавысіла 15 кіламетраў. Амаль у пяці сотнях домаўладанняў вяскоўцаў і аграгараджан з’явілася магчымасць падключэння да экалагічна чыстага блакітнага паліва.
– На падыходзе газіфікацыя Начы і Канюхоў. Газ – гэта не толькі камфорт і цяпло, а яшчэ і зручнасць, і перспектыва развіцця населеных пунктаў. Падтрымка дзяржавы і дзейнасць
«Брэстаблгаза» дазваляе ствараць дастойныя ўмовы для жыцця насельніцтва, – падкрэслівае начальнік Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння Аляксандр Кунцэвіч.
Дарэчы, на Ляхавіччыне на сёння газіфікавана 26 населеных пунктаў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.