Бонус на старце кар’еры. Кіраўніцтва Ляхавіцкага раёна сустрэлася з маладымі спецыялістамі

Размеркаванне, дзяржаўныя іспыты, дыпломная… і неўзабаве малады чалавек прыбывае на сваё першае працоўнае месца. Ганаровы статус – малады спецыяліст. Што з гэтым рабіць, як скарыстацца ўсімі бонусамі і плюсамі ад такога статусу, як не выпусціць магчымасці скарыстацца рознымі варыянтамі дзяржаўнай падтрымкі – усё гэта варта ведаць маладому спецыялісту, каб не разгубіцца на старце дарослага жыцця.

Сёлета на Ляхавіччыну размеркаваліся больш за сотню маладых кваліфікаваных кадраў. Як заўжды, самы масавы сельскагаспадарчы набор – 34 спецыялісты, у сферу аховы здароўя Ляхавіччыны прыйшоў
31 малады кадр. Не мала і педагогаў – 13 чалавек.


Традыцыйна на Ляхавіччыне пасля першых працоўных месяцаў кіраўніцтва раёна сустракаецца з маладымі спецыялістамі, каб абмеркаваць надзённае, адказаць на хвалюючыя пытанні.
З прывітальным словам да моладзі звярнуўся старшыня райвыканкама Мікалай Мароз. Ён адзначыў, што Ляхавіччына – добрая стартавая пляцоўка для кар’ернага росту. Няхай горад і не вялікі, але ж кампактны і ўтульны, ёсць дзе працаваць, дзе ўладкоўваць свой быт. Мікалай Мароз выказаў упэўненасць, што раён многім палюбіцца і стане другой малой радзімай. Не трэба імкнуцца адпрацаваць дзеля птушачкі і «адбыць» адпрацоўку. Выкласціся па максімуму, вучыцца, чапляцца за кожную магчымасць стаць лепшым.
– Сёння вы, моладзь, будуеце краіну, дзе будзеце жыць, дзе будуць рабіць вашы дзеці. Таму перш за ўсё заставайцеся людзьмі. Заўжды жывіце з пачуццём адказнасці за тое, што вы робіце. Памятайце пра галоўную каштоўнасць чалавецтва – мір. Беражыце яго. Гэта адказнасць ляжыць на вас, – адзначыў старшыня райвыканкама.
Таксама Мікалай Мароз шмат гаварыў пра дзяржаўную падтрымку маладых кадраў. Гарантаваныя пад’ёмныя, бонусы, прадугледжаныя калектыўным дагаворам, зацікаўленасць у хутчэйшым вырашэнні жыллёвага пытання, палепшаныя ўмовы для тых, хто застанецца працаваць далей, – усё гэта клопат пра маладых. Канешне, не абысціся і без настаўніцтва, без чалавека, які дапаможа словам, важкай парадай, проста падзеліцца вопытам з пачынаючым спецыялістам. Таму такое куратарства – абавязковая ўмова паспяховага маладога старту.

Як атрымаць арэнднае жыллё?
Як толькі працоўныя пытанні вырашыліся, на першы план выходзіць жыллёвая праблема. А каб гэта не было праблемай, дэталёва па паліцах расклала галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Наталля Маслоўская. Напрык-
лад, у 2021 годзе ў раёне было размеркавана 85 арэндных кватэр (25 на перыяд працоўных адносін), у 2022-м – 35 кватэр (10 кватэр на перыяд працоўных адносін). Сёння плануецца, што ў доме, які ўзводзіцца па вуліцы Южакова, будзе выдзелена 11 арэндных кватэр.
Алгарытм дзеянняў для ажыццяўлення жыллёвай мары просты: звярнуцца ў аддзел кадраў па месцы працы, стаць на чаргу, маніторыць афіцыйныя сайты мясцовых органаў улады, сайт і газету «Ляхавіцкі веснік» (там размяшчаецца інфармацыя пра наяўнасць арэнднага жылля). Калі ў наяўнасці ёсць свабодныя квадратныя метры, узяць хадайніцтва ў кіраўніка і звярнуцца ў службу «Адно акно» райвыканкама з пашпартам. Далейшыя крокі і неабходную дакументацыю вам падкажуць. Варта таксама не грэбаваць магчымасцю стаць на чаргу маючых патрэбу ў жыллі. Вы ніколі не ведаеце, як складзецца ваш лёс далей. Наталля Маслоўская прывяла прыклады, калі маладыя спецыялісты атрымлівалі арэнднае жыллё, а пасля станавіліся на чаргу з мэтай атрымаць участак для будаўніцтва дома ці ўласную кватэру. Таксама Наталля Маслоўская прапанавала запісаць тэлефон, па якім пракаментуюць усе нюансы і адкажуць на жыллёвыя пытанні: 2-13-26 (кабінет № 209 у будынку Ляхавіцкага райвыканкама).

Ільгота для камфорту
Сярод бонусаў для маладых – ільготнае крэдытаванне. Мэта такога крэдыту – набыццё дамашняй маёмасці і тавараў першай неабходнасці беларускіх вытворцаў, а гэта і халадзільнік, мэбля, тэлевізар, пральная машына і г. д. Гэта рэальны шанц уладкаваць сваё жыллё, зрабіць яго камфотным. Каму ён прадастаўляецца, на якіх падставах, на які тэрмін і г. д., – усе нюансы высветліла вядучы спецыяліст аддзела іпатэчнага і льготнага крэдытавання абласнога ўпраўлення № 100 ААТ «ААБ Беларусбанк» Наталля Сергей.
Як нас успрымаюць іншыя людзі, як зразумець і «прачытаць» іншых
людзей, расказала намеснік дырэктара агракаледжа Таццяна Траццяк.
Для маладога чалавека не менш важны і яго выгляд. У пераважнай большасці кабінетны стыль работы мае на ўвазе і дзелавы стыль адзення. Як у ім не згубіцца, прытрымлівацца ўсіх правілаў дзелавога стылю і этыкету, з чаго пачынаць размову і як паводзіць сябе падчас яе, расказаў начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Алег Траццяк.
А пасля пытанні маладыя людзі адрасавалі кіраўніцтву раёна. Настаўніка геаграфіі гімназіі Паўла Бурко цікавілі магчымасць іншай арганізацыі вучэбнай прасторы кабінета. Дакладней, перастаноўка вучэбных партаў, каб працэс навучання быў максімальна займальны. Кіраўнік раёна адзначыў, што толькі за, калі настаўнікі ўносяць свае інавацыі і крэатывяць, галоўнае – жаданне і дазвол санслужбы. А вось старшыня дэпутацкага корпуса раёна Юрый Чаранкевіч адзначыў, што ў любым вучэбным працэсе галоўнае – асоба педагога, з якім дзецям павінна быць заўжды цікавага і пазнавальна.
– Сёння вам вырашаць, якім будзе наш горад. Прапаноўвайце свае ідэі, што б вы хацелі бачыць, па якіх парках хадзіць, дзе адпачываць і праводзіць вольны час. А мы, кіраўніцтва раёна, знойдзем шляхі паразумення, – адзначыў Мікалай Мароз.
На такой жа ўзнёслай ноце і завяршылася сустрэча. Творчыя нумары ад народнай эстраднай групы «Пачатак» падарылі шыкоўны настрой.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.