З 1988 года 1 снежня адзначаецца Сусветны дзень барацьбы са СНІДам

«Да нуля. Мара ці рэальнасць?».

«Першыя выпадкі гэтай пакуль яшчэ невылечнай хваробы пачалі рэгістравацца больш за 30 гадоў назад.  Імкненне да нуля. Нуль новых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. Нуль дыскрымінацыі. Нуль смерцяў з-за СНІДу” – такі дэвіз прыняты аб’яднанай праграмай ААН па ВІЧ/СНІДу на 2011-2015 гады.

Штогод напярэдадні 1 снежня ладзяцца разнастайныя мерапрыемствы, накіраваныя на супрацьдзеянне распаўсюджанню ВІЧ-інфекцыі. Сусветная грамадскасць арганізоўвае і праводзіць маштабныя акцыі. Гэта яшчэ адна нагода сказаць пра тое, што СНІД па-ранейшаму застаецца бязлітасным “забойцам”, ад якога асабліва церпіць моладзь. На Ляхавіччыне райЦГіЭ, грамадскія арганізацыі, установы культуры і адукацыі да гэтай даты традыцыйна арганізоўваюць тэматычныя конкурсы малюнкаў і плакатаў, “круглыя сталы”, віктарыны, тэматычныя дыскатэкі, дыспуты, вечары пытанняў і адказаў, спартыўныя спаборніцтвы. Медыкі распаўсюджваюць спецыяльную літаратуру па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі і наркаманіі. Звярнуць увагу людзей на праблемы СНІДу і наркаманіі, павысіць узровень інфармаванасці насельніцтва, даць магчымасць задумацца пра тое, што гэта страшная хвароба не мае межаў, сацыяльнай прыналежнасці і ўзросту, а яе ахвярай можа стаць кожны, – асноўная мэта акцый такога кшталту.

За апошнія 20 гадоў хвароба павольна, але бесперашкодна перайшла з ЗША і Цэнтральнай Афрыкі на іншыя кантыненты і ахапіла ўсе краіны свету. Па меркаванні экспертаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, кожны соты жыхар нашай планеты ўжо з’яўляецца носьбітам ВІЧ.

Па стане на 1 лістапада гэтага года ў Беларусі зарэгістраваны 15412 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі (на Брэстчыне 1200 выпадкаў), з іх 1234 выяўлены сёлета за 10 месяцаў.

Большасць інфіцыраваных – моладзь ва ўзросце ад 15 да 29 гадоў. Аднак, прасочваецца тэндэнцыя да павелічэння колькасці выпадкаў выяўлення інфекцыі ва ўзроставай групе 30-39 гадоў (у параўнанні з 2007 годам – у 1,5 раза), а таксама ва ўзросце 40 гадоў і старэйшых (у 2,5 раза). Жанчыны з агульнай колькасці ВІЧ-інфіцыраваных складаюць 40,4 працэнта (6231 чалавек).

У эпідэміялагічны працэс уцягнуты ўсе адміністрацыйныя тэрыторыі Брэсцкай вобласці. Адзначаецца рост захворвання ў Пінску – 545 выпадкаў (48 зарэгістраваны сёлета), Брэсце – 183 (12), Баранавічах і Баранавіцкім раёне – 123 (15). Пачынаючы з 2009 года, штогадовы рост ВІЧ-інфіцыраваных адзначаецца ў Ганцавіцкім раёне – 12 (3). У Ляхавіцкім раёне выяўлена 7 ВІЧ-інфіцыраваных.

Няма патрэбы панікаваць. ВІЧ не перадаецца пры звычайных зносінах з інфіцыраванымі: знаходжанні ў адным памяшканні з хворым ці пры доглядзе за ім, пацісканні рук, абдымках, карыстанні грамадскім душам, туалетам і басейнам, укусах крывасмокаў, у транспарце. Заражэнне, у асноўным, адбываецца палавым шляхам. Магчыма заразіцца таксама праз кроў, пры родах і кармленні дзіцяці. Лепшая прафілактыка ВІЧ – пазбягаць выпадковых палавых сувязей, не ўжываць наркотыкі. Гэта якраз той выпадак, калі хваробы можна пазбегнуць.

Ларыса КЕНДЫШ,

памочнік урача-эпідэміёлага райЦГіЭ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *