У сям’і ляхавічан нарадзіліся першынцы – сынок і дачушка

Шчаслівы бацька двайнят Сяргей Сасім.

«Два сонейкі- Санька і Сонечка».

Нараджэнне дзяцей – вялікае свята. А калі нараджаецца двойня – бязмежнае шчасце памнажаецца на два. 20 лістапада ў сям’і ляхавічан Сяргея і Кацярыны Сасімаў нарадзіліся першынцы – сынок і дачушка. Наконт выбару імён доўгіх спрэчак не было – аднагалосна вырашылі назваць Аляксандрам і Сафіяй. З’яўленне адразу двух дзетак для маладых бацькоў не стала нечаканасцю, бо пра шыкоўны падарунак лёсу даведаліся загадзя, падчас ультрагукавога даследавання. Тым больш у радні па Кацінай лініі былі двайняты.

Да гэтай падзеі рыхтаваліся і чакалі. І немаўляты гэта адчувалі: нарадзіліся здаровенькімі, Санька вагой 3180 грамаў, Сонечка – 2560.

Быць маці – вялікая адказнасць, але Кацярына – педагог па адукацыі, да дэкрэту працавала ў адной са школ Клецка настаўнікам інфарматыкі. Тэорыю выхавання цяпер будзе спраўна ператвараць на практыцы, толькі ўжо дома.

27 лістапада начальнік аддзела загса райвыканкама Людміла Палтарак выканала важную місію – уручыла шчасліваму бацьку 2 пасведчанні аб нараджэнні.

Дарэчы, сёлета ў Ляхавічах гэта першая двойня і другая ў раёне. Па словах Людмілы Іванаўны, апошні месяц восені вельмі “ўраджайны” на дзетак. За 27 лістападаўскіх дзён аддзелам загса зарэгістравана 8 дзяўчынак і 9 хлопчыкаў. Разнастайныя і імёны “лістападнічкаў”: Армандас, Уладзіслаў, Аліса, Мілана, па 2 Назары і Раманы, Надзея, Анжаліка, Паліна і іншыя. Усяго ж за няпоўныя 11 месяцаў у раёне нарадзіліся 120 хлопчыкаў і 103 дзяўчынкі. Самыя распаўсюджаныя дзявочыя імёны – Дар’я, Марыя, Сафія, Анастасія, Ганна. Рэдкія – Міраслава, Сабіра, Саміра, Ева, Мілена. Самае папулярнае хлапчуковае імя Арцём, яго абралі сваім дзецям 14 бацькоў. Па 8 Мацвеяў і Паўлаў, па 6 Кірылаў і Раманаў. Сёлета новымі жыхарамі Ляхавіччыны сталі хлопчыкі з рэдкімі імёнамі Феадосій, Дамір, Даніэль, Расціслаў, Святаслаў, Сафрон.

Расціце, дзеткі, здаровымі і шчаслівымі!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *