Выгадна закупіць, па максімуму прадаць. У Ляхавіцкім райпо падвялі вынікі работы прадпрыемства за 2022 год і паставілі задачы на 2023 год

Як павысіць эфектыўнасць работы, задаволіць патрэбы спажыўцоў і ўдасканаліць вытворчыя тэхналогіі – гэтыя і іншыя пытанні стаялі на парадку дня на сходзе працоўнага калектыву Ляхавіцкага раённага спажывецкага таварыства, дзе падвялі вынікі работы прадпрыемства за 2022 год і паставілі задачы на 2023 год. У сходзе прыняла ўдзел намеснік старшыні Брэсцкага аблспажыўсаюза Ларыса Казлова.

Па выніках 2022 года аб’ём вытворчасці прадукцыі склаў больш за 4 600 тысяч рублёў, тэмп росту ў супастаўных цэнах склаў крыху больш за 118 працэнтаў пры прагнозе 101,5 працэнта, адзначыў старшыня Ляхавіцкага раённага спажывецкага таварыства Васілій Некрашэвіч.
Сёння ў сістэме райпо – шэсць кропак грамадскага харчавання і 52 магазіны, з якіх 38 знаходзяцца ў сельскай мясцовасці. Фактычны рознічны тавараабарот у гандлі перавысіў 16 849 тысяч рублёў. Аўтамагазіны спрацавалі больш як на 1 776 тысяч рублёў.
Ляхавіцкае райпо займаецца нарыхтоўкай рознага віду прадукцыі. Так, сёлета павялічаны аб’ёмы закупак бульбы больш як на
71 тону (тэмп росту да мінулага года склаў 195 працэнтаў), агародніны – на 235 тон, збожжа – на 148,6 тоны, дзікарослых пладоў і ягад на 3,2 тоны. Амаль на 96 тон больш закуплена мяса, мясапрадуктаў і іншай прадукцыі. Перад нарыхтоўчай галіной райпо стаіць задача набыцця ў насельніцтва і юрыдычных асоб сельскагаспадарчай прадукцыі і сыравіны, вырабаў і прадукцыі з асабістых падсобных гаспадарак і промыслаў, дзікарослых пладоў, ягад і грыбоў, другасных матэрыяльных рэсурсаў і своечасовы разлік за прадукцыю. Летась райпо закупіла прадукцыі на 4 054 тысячы рублёў. Удзельная вага закупак у насельніцтва ў агульным нарыхтоўчым абароце склала практычна 32 працэнты.
У мінулым годзе аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі склаў больш за 4 600 рублёў (тэмп росту – 118,5 працэнта). У асартымент-
ным пераліку чатыры віды ржанога хлеба і больш за тры дзясяткі найменняў булачных і кандытарскіх вырабаў, у якіх спалучаюцца прымальная цана і высокая якасць. Сярод станоўча ацэненых пакупнікамі круасаны «Алёнушка», грыбы кандытарскія, слойка злакавая, язычкі слаёныя, салодкія тварожныя квадрацікі і іншыя. У смачным спісе і разнастайныя пірожныя, бісквіты, пернікі, кісель… Зараз, напрыклад, карыстаецца папулярнасцю пірожнае «бульба» – яго смак знаёмы з дзяцінства.


У мясным цэху наладжана вытворчасць мясных паўфабрыкатаў (фарш, каўбаскі, катлеты). Для задавальнення насельніцтва ў «Мясной лаўцы» і ў павільёне на рынку ў штодзённай прапанове мясная раздзелка.
Канешне, як і ў кожнай арганізацыі, маюцца свае праблемы і ў райпо. Усе іх ведаюць, трымаюць на пільным кантролі, выпрацоўваюцца шляхі вырашэння. У цэнтры ўвагі і эфектыўнае выкарыстанне вытворчых і гандлёвых плошчаў, паляпшэнне якасці прадукцыі і пашырэнне асартыменту, павышэнне прафесійнай кваліфікацыі работнікаў і г. д.


На сходзе па падвядзенні вынікаў працы, хоць і не ў парадку дня, але было актуальным выступленне начальніка райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іны Траяноўскай, якая расказала пра выкананне райспажыўсаюзам прыродаахоўнага заканадаўства ў дачыненні абыходжання з адходамі, а таксама паасобнага збору другаснай сыравіны.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.