Чаму ў Ляхавічах былі збоі ў рабоце інфакіёска “Беларусбанка”. «Ляхавіцкі веснік» высветліў, у чым справа

Мінулыя выхадныя, як адзначаюць падпісчыкі “ЛВ” у сацсетках, для інфакіёска “Беларусбанка” ў райцэнтры вызначыліся з боку непаладак.

«Ляхавіцкі веснік» высветліў, у чым справа.

З чым звязаны збой, і ці ёсць магчымасць павялічыць колькасць інфакіёскаў у горадзе, чаму быў дэманціраваны інфакіёск каля магазіна “Усходні”, расказала дырэктар ЦБП №117 ААТ «ААБ Беларусбанк» Рыта Пракуда:

– Сапраўды, абсталяванне ААТ «ААБ Беларусбанк» ў выхадныя дні перыядычна не працавала ў сувязі са збоем праграмнага забеспячэння. Але ж такія непаладкі не былі працяглымі: 12 лютага ў перыяд з 12:01 да 12:23.

Наконт інфакіёска каля магазіна “Усходні”. Работа гэтага аб’екта за доўгі тэрмін была прааналізавана і прызнана неэфектыўнай. Напрыклад, адсутнічала неабходная колькасць аперацый, а значыць, інфакіёск не карыстаўся попытам у насельніцтва. Састарэла і абсталяванне, а замена на новае немагчыма ў сувязі са зняццем з вытворчасці данага віду абсталявання. У будучым пры планавай замене банкаматаў плануецца ўстаноўка іх з функцыяй прыёму грашовай наяўнасці.

Вывучалася неабходнасць устаноўкі інфакіёскаў у іншых кропках горада. Адназначна, немэтазгодна іх устанаўліваць ў мікрараёне па вул. Інтэрнацыянальнай і раёне малочнага завода. Тры банкаматы ААТ «ААБ Беларусбанк», ужо ўстаноўленыя ў горадзе, поўнасцю адпавядаюць крытэрыям функцыянавання абсталявання па выдачы наяўных грошай, колькасці плацежных картак і колькасці насельніцтва. Акрамя гэтага ў горадзе таксама размешчаны банкамат ААТ «Белаграпрамбанк».

Яшчэ раз нагадаю, безнаяўныя аперацыі банка можна зручна ажыццявіць пры дапамозе паслуг, якія забяспечваюць дыстанцыйны доступ да рахунку, такія як SMS-банкінг, M-банкінг і інтэрнэт-банкінг.