Слова пра настаўніка. У Ляхавічах з 90-годдзем віншавалі ветэрана педагагічнай працы

Не падлічыць, колькі сардэчных віншаванняў і шчырых пажаданняў атрымала ляхавічанка Зоя Осіпава 10 лютага з нагоды свайго юбілею. Павіншаваць паважанага ветэрана педагагічнай працы СШ № 2, выдатніка народнай асветы з 90-годдзем прыйшлі старшыня галіновага раённага прафсаюза Людміла Буцько, настаўнікі і навучэнцы школы.

За шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі раёна, актыўную жыццёвую пазіцыю і ўдзел у рабоце па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі Зоі Осіпавай уручана Падзячнае пісьмо райсавета дэпутатаў.


У руках кветкі і падарункі, вакол дзеці і калегі – і ў юбіляркі свецяцца шчасцем вочы.
– Вельмі радуюся, калі да мяне прыходзяць школьнікі. Гэта такі зарад радасці і бадзёрасці. Удзячна, што не забываюць, што ім цікавы мае расказы і ўспаміны, – дзеліцца былы настаўнік рускай мовы і літаратуры Зоя Яфімаўна.
Яна і на заслужаным адпачынку школьныя падзеі ўспрымае як крыніцу натхнення. Сочыць за навінамі, перачытвае класіку і па-ранейшаму лічыць кнігу сябрам і дарадцам дзяцей і дарослых.
Добрая і строгая, начытаная і зацікаўленая, у яе выкананні паэмы Пушкіна, вершы Фета, апавяданні Шолахава і Талстога станавіліся для рабят павучальным падарожжам па літаратурным свеце.
Больш за тры дзесяцігоддзі прысвяціла юбілярка сістэме адукацыі. Для яе, ураджэнкі Смаленшчыны, Ляхавіччына стала другім домам.
– Тут зведала сямейнае шчасце, настаўніцкі гонар і асалоду ад працы ў школе, – адзначае Зоя Осіпава.
Першыя крокі ў прафесію пасля заканчэння Брэсцкага педінстытута імя А. С. Пушкіна ў 1956 годзе пачаліся ў Навасёлкаўскай школе.
– Вяду ўрок і звяртаю ўвагу дзяцей не толькі на герояў і іх характары, але і на прыгажосць навокал, – успамінае Зоя Яфімаўна.
Таленавітага педагога заўважылі і перавялі ў раённы аддзел народнай адукацыі інспектарам. Пасля дзесяці гадоў працы жаданне вучыць вучыцца перацягнула ў школу. Адзнакай прафесіяналізму стала ўзнагарода –  нагрудны знак «Выдатнік народнай асветы БССР».
Зоя Яфімаўна з удзячнасцю ўспамінае маму, якая вывучыла-выгадавала сваіх пяць дачок, з радасцю расказвае пра настаўніцтва і з болем узгадвае дзіцячыя гады – ваенны час, калі фашысты вывезлі сям’ю на прымусовыя работы ў Германію…
Сакрэт свайго даўгалецця 90-гадовая ляхавічанка лічыць заслугай мамінай, якая заклала добрае здароўе, а яшчэ і заўсёднага свайго акружэння – цудоўных людзей і дзяцей. Сваіх былых вучняў, у якіх была класным кіраўніком, і тых, у каго вяла мову і літаратуру з чацвёртага па восьмы і дзявяты класы, памятае і радуецца, калі сустракае. І для сённяшніх школьнікаў СШ № 2 Зоя Яфімаўна – педагог з вялікай літары.
Адзінаццацікласніцы СШ № 2 Дар’я Сяргей і Аляксандра Правасуд:
– Часта прыходзім да Зоі Яфімаўны ў госці. У школе займаемся ў пошукава-даследчым атрадзе «Следапыты». Вельмі цікава пачуць пра гісторыю, ваенныя часы ад чалавека, які сам гэта перажыў і працаваў у нашай школе.
Юлія Маркоўская, пляменніца юбіляркі:
– Мая цётка па мамінай лініі пражыла складанае і нялёгкае жыццё. Але змагла выстаяць, адбыцца ў прафесіі. Вельмі светлы і пазітыўны чалавек, чытае вершы, цікавіцца палітыкай і радуецца кожнай раніцы.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.