Тры плюс дзевяць. Які на Ляхавіччыне ў студзені сярэдні ўзрост жаніха і нявесты?

Тры хлопчыкі і дзевяць дзяўчынак – столькі нараджэнняў зарэгістравана ў Ляхавіцкім раёне ў студзені. У тым ліку сем пасведчанняў аб нараджэнні выдадзена ў сельвыканкамах: па два ў Навасёлкаўскім, Жарабковіцкім і Начаўскім, адно ў Крывошынскім.
Першынец нарадзіўся ў чатырох сем’ях, другое дзіця ў дзвюх, трэцяе – у шасці, расказала «Ляхавіцкаму весніку» начальнік аддзела загса райвыканкама Вольга Новік. Сярэдні ўзрост бацькі – 30 гадоў, маці – 26.
У студзені самым маладым бацькам стаў 20-гадовы жыхар раёна, маці – 17 гадоў.
Хлопчыкам далі імёны Аляксей, Уладзіслаў, Данііл. Дзяўчынак назвалі Арынай, Багданай, Дарынай, Дар’яй, Евай, Марыяй, Міраславай, Палінай і Стэфаніяй.
Здаравячком студзеня стаў Данііл, які нарадзіўся вагой 4 180 грамаў пры росце 55 сантыметраў. Дарэчы, з яго з’яўленнем сям’я атрымала статус мнагадзетнай. Дзюймоўкай месяца лічыцца Багдана (дзяўчынка нарадзілася ў снежні, але дакументы бацькі атрымалі ў студзені) – яе вага пры нараджэнні склала 2 400 грамаў і рост 44 сантыметры.
Дарэчы, першы запіс сёлета ў загсе райвыканкама зроблены 10 студзеня, ён сведчыць, што 3 студзеня нарадзілася Паліна. А новы год на Ляхавіччыне распачала Стэфанія, дата нараджэння якой – 2 студзеня.
У першым месяцы года марш Мендэльсона гучаў для пяці пар, тры з якіх сталі мужам і жонкай у аддзеле загса райвыканкама.
Сярэдні ўзрост студзеньскага жаніха – 34 гады, нявесты – 30. Статус самых юных маладых студзеня атрымалі 20-гадовыя жаніх і нявеста. Вяселле згулялі і 55-гадовы жаніх, 54-гадовая нявеста.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.