Мэта адна – незалежная Беларусь. На Ляхавіччыне працавалі інфармацыйна-прапагандысцкія групы

У мінулы чацвер у калектывах прайшлі сустрэчы з кіраўніцтвам раёна і прадстаўнікамі службаў і арганізацый.
На Ляхавіччыне працавалі інфармацыйна-прапагандысцкія групы
.

Сёлета мы святкуем 105-ы дзень нараджэння Узброеных Сіл Беларусі. Закладзеныя яшчэ ў Савецкім саюзе традыцыі мужнасці, адданасці Радзіме, непарушнага ваеннага братэрства прадаўжаюць вызначаць імідж сучаснай беларускай арміі, якая за больш чым векавую гісторыю заўжды была гонарам свайго народа. Адзін з прыкладаў самаадданасці і стойкасці – Вялікая Айчынная вайна: з першых дзён абароны Брэсцкай крэпасці ў чэрвені 1941 года да вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў у ліпені 1944 года. Ва ўсе часы армія стаіць на абароне інтарэсаў краіны, народа. І сёння Узброеныя Сілы –
ключавы элемент стратэгічнага стрымлівання і папярэджвання пагрозы прымянення ваеннай сілы супраць нашай краіны.

Мы – мірныя  людзі
«Забеспячэнне ваеннай бяспекі – важнейшы фактар развіцця Рэспублікі Беларусь у сучасных умовах» – адна з тэм, што абмяркоўвалася падчас сустрэчы інфармацыйна-прапагандысцкай групы пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Мікалая Мароза з калектывам Ляхавіцкай цэнтральнай раённай баль-ніцы. Начальнік адасобленай групы Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята г. Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Арцём Кірута расказаў пра асаблівасці сучаснай ваенна-палітычнай абстаноўкі. Размова ішла і пра тое, што ў шэрагу еўрапейскіх краін, у тым ліку і тых, з кім мяжуе Беларусь, планамерна адраджаліся паўфашысцкія правячыя рэжымы, якія ўсхваляюць і прапагандуюць неанацызм на дзяржаўным узроўні. Суверэнная беларуская дзяржава знаходзіцца ў эпіцэнтры сусветных падзей. Каб папярэдзіць магчымасць агрэсіі супраць Беларусі, у краіне мадэрнізуюцца Узброеныя Сілы. Расказваючы пра беларускую армію на сучасным этапе, Арцём Кірута, акцэнтаваў увагу, што ваенная дактрына нашай краіны носіць выключна абарончы характар.
Беларусь зыходзіць з таго, што ні адна з дзяржаў не з’яўляецца для яе ворагам. Разам з тым Беларусь будзе адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы з выкарыстаннем усіх сродкаў, у тым ліку шляхам прымянення ваеннай сілы, і пакідае за сабой права прыняцця комплексу прэвентыўных мер стратэгічнага ўтрымання ў мэтах недапушчэння нападу ці нейтралізацыі ўнутранага ўзброенага канфлікту.
Цяпер у Беларусі існуе змешаны тып камплектавання арміі – захавана як тэрміновая ваенная служба, так і служба па кантракце. Такая сістэма, як паказвае час, поўнасцю сябе апраўдвае, з парадку дня знята пытанне аб неабходнасці пераходу да поўнасцю прафесійнай арміі. Кожны мужчына павінен быць гатовы абараняць сваю Радзіму. Армія – важны сацыяльны інстытут, які аб’ядноўвае розныя сацыяльныя групы вакол адзіных агульнанацыянальных каштоўнасцей і ідэалаў. Дарэчы, на сёння каля 40 працэнтаў агульнай колькасці салдатаў і сяржантаў ужо нясуць службу на кантрактнай аснове, умацоўваючы агульны патэнцыял беларускай арміі.
Спыніўся Арцём Кірута і на тэрытарыяльнай абароне, якая дазваляе аб’яднаць і мабілізаваць грамадзян да абароны і барацьбы з ворагам, прыцягнуць мясцовыя рэсурсы для агульнай справы. Таксама акцэнтавана ўвага на ваенна-патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення, пытаннях сацыяльнай абароны ваеннаслужачых і членаў іх сем’яў. Дакладчык расказаў пра аснову абаронна-прамысловага комплексу краіны, пра міжнароднае ваеннае супрацоўніцтва, уклад Беларусі ва ўмацаванне бяспекі і стабільнасці ў свеце.
Тэмы адказнасці бацькоў за выхаванне і ўтрыманне сваіх непаўналетніх дзяцей, наркаманіі і яе цяжкіх наступстваў, адказнасці, прадугледжанай за выраб і распаўсюджванне наркатычных сродкаў таксама абмяркоўваліся на сустрэчы ў працоўным калектыве ЦРБ. Пра гэта расказалі оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку Ляхавіцкага РАУС Дзмітрый Котаў і старшы ўчастковы інспектар ІСН Анастасія Карпік.
Сустрэча з членамі ІПГ – гэта не толькі абмеркаванне важных дзяржаўных тэм, але і магчымасць для землякоў задаць хвалюючае пытанне кіраўніцтву раёна, прадстаўнікам органаў улады, прадпрыемстваў і арганізацый.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз звярнуў увагу, што Беларусь па-ранейшаму з’яўляецца сацыяльна арыентаванай дзяржавай, у якой шмат робіцца дзеля дабрабыту людзей. Калі гаварыць канкрэтна пра раённую медыцыну, то на Ляхавіччыне паспяхова вырашаецца пытанне атрымання арэнднага жылля для маладых спецыялістаў, якія прыязджаюць на першае працоўнае месца. А вось кад-
равая сітуацыя ўсё яшчэ складаная: адчувальны недахоп урачоў, ёсць і цякучасць кадраў. Таму асноўны акцэнт як кіраўніцтва ЦРБ, так і педагогаў павінен быць зроблены на ўзмацненне прафарыентацыйнай работы са школьнікамі. Спыніўся старшыня райвыканкама і на знешнепалітычнай сітуацыі вакол Беларусі, падкрэсліў, што ў Год міру і стварэння кожны жыхар краіны павінен сказаць вучобай, працай, актыўнай грамадзянскай пазіцыяй сваё важкае слова ў падтрымку моцнай і квітнеючай Беларусі.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.