Помніць пра подзвіг, каб ніколі не дапусціць вайну. Ляхавіччына ўшанавала воінаў-інтэрнацыяналістаў

У Беларусі ведаюць, помняць і шануюць воінаў-інтэрнацыяналістаў – тых, хто выканаў свой воінскі абавязак, застаўся верным прысязе, хто не скарыўся цяжкасцям. Штогод 15 лютага ў Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і напярэдадні чарговай даты вываду савецкіх войскаў з Афганістана па ўсёй краіне праходзяць разнастайныя мерапрыемствы-ўшанаванні, мітынгі, урокі мужнасці. І 2023-і – Год міру і стварэння – не стаў выключэннем.

БОЛЬШ ФОТА ПА СПАСЫЛЦЫ

Напачатку тыдня на сустрэчы з актывам абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Вадзім Краўчук прапанаваў у кожным раёне Брэстчыны вызначыць установы адукацыі, якім прысвоіць імёны воінаў-інтэрнацыяналістаў для захавання памяці. Дарэчы, у сустрэчы, якая прайшла ў фармаце шчырага адкрытага дыялогу, прымаў удзел і старшыня Ляхавіцкай раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Генадзій Лойка.
І Ляхавіччына ўшанавала воінаў-інтэрнацыяналістаў.
Усіх – тых, хто загінуў на далёкай Афганскай вайне, тых, хто пайшоў з жыцця ў мірны час, хто і сёння моцна трымае ў памяці юнацтва, апаленае гарачым сонцам Афгана. Школьнікі раёна сталі ўдзельнікамі працоўнай акцыі «Абеліск»: добраўпарадкавалі магілы загінулых і памерлых воінаў-інтэрнацыяналістаў. Наве-
далі магілы і іх землякі – воіны-інтэрнацыяналісты. У многіх школах прайшлі сустрэчы з ветэранамі, якія выконвалі інтэрна-
цыянальны абавязак. Усім удзельнікам Афганскай вайны, бацькам загінулых, сем’ям памерлых аказана матэрыяльная дапамога з раённага бюджэту.
У Ляхавічах у сераду 15 лютага па традыцыі агульны збор быў аб’яўлены каля памятнага знака ў райцэнтры. І сёння праз дзесяцігоддзі афганскае братэрства па-ранейшаму моцнае, шчырае, назаўжды. І гэта відавочна па тым, як радаваліся сустрэчы ветэраны-афганцы, ім заўжды ёсць што сказаць адзін аднаму, успомніць, пагаварыць, абмеркаваць. Пад гукі духавога аркестра вянкі і кветкі леглі да застылага ў метале БМД, хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінулых.


Потым урачыстасці перамясціліся ў гарадскі Дом культуры. Тыя, хто прайшоў нялёгкі шлях вайны ў чужой краіне, прадстаўнікі органаў улады, грамадскіх арганізацый, школьнікі, навучэнцы аграрнага
каледжа сабраліся разам, каб чарговы раз успомніць тых, на чый лёс выпала вайна, тых, хто прадэманстраваў мужнасць, вытрымку і сапраўднае воінскае сяброўства. Успомніць і чарговы раз адчуць, як важна зберагчы мір і не дапусціць вайны. Такія гістарычныя ўрокі памяці патрэбны, неабходны заўжды, а ў наш неспакойны час – асабліва значныя і важныя.
Колькі шчырых, пранікнёных слоў у адрас былых салдатаў сказала намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч. Яна адзначыла, што дата вываду савецкіх салдатаў з Афганістана хоць і жалобная (тысячы воінаў Савецкай Арміі загінулі амаль за 10 гадоў той вайны), але ўрачыстая. Святлана Юрлевіч падкрэсліла, наколькі важна помніць мінулае, захоўваць сённяшняе і думаць пра будучыню. Падзякаваў салдатам Афганскай вайны за мужнасць, адвагу і вернасць прысязе начальнік адасобленай групы Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята г. Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Арцём Кірута.
У знак прызнання і пашаны прагучалі канцэртныя нумары ў выкананні артыстаў і калектываў мастацкай самадзейнасці.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.