Для каго лес – адкрытая кніга. У лесніка з Навасёлкаўскага лясніцтва працоўнае месца больш за тысячу гектараў

Не кожны можа пахваліцца працоўным месцам плошчай больш за тысячу гектараў, а ў Канстанціна Курловіча з Навасёлкаўскага лясніцтва яно не меншых памераў, ды яшчэ з гаючым чыстым паветрам. Ён – ляснік, а яшчэ і лепшы ў Ляхавіцкім лясгасе па зборы сасновых шышак. Сёлета на яго рахунку больш за трыста кілаграмаў ляснога «ўраджаю».

Ляхавіцкі лясгас нарыхтаваў у снежні – студзені 6 180 тон шышак – больш, чым планавалася. На першым месцы Навасёлкаўскае ляс-ніцтва з ураджаем у 1 709 тон, за ім – Востраўскае. Усе шышкі будуць адпраўлены на перапрацоўку ў лесанасенны комплекс Івацэвіцкага лясгаса.

Фота з архіва Ляхавіцкага лясгаса


Лесніком Канстанцін Курловіч стаў 17 гадоў назад. Па прафесіі аграном, у сваёй працоўнай біяграфіі спрабаваў сябе ў розных справах і ўсюды вылучаўся адказным стаўленнем і добрасумленнасцю.
Захоўваць і прымнажаць лес, абараняць і ратаваць яго ад агню – далёка не ўсе абавязкі лесніка. Збор шышак, напрыклад, уваходзіць у пералік мер, якія садзейнічаюць лесааднаўленню. Бо менавіта з іх і атрымліваюць насенне – залаты фонд – для пасадак лясных дрэўцаў.
– Для збору шышак пады-ходзяць здаровыя дрэвы – так наступнае пакаленне будзе моцным і ўстойлівым да хвароб. Па традыцыі, нарыхтоўваем на дзялянках, прызначаных для высечак, – дзеліцца ляснік.
Збіраюць шышкі зімой. Справа нялёгкая. Мінусавыя тэмпературы, вецер і снег не дадаюць зручнасці. Але для нашага земляка гэта не перашкода. Тут галоўнае – спрыт і жаданне.
Для Канстанціна Курловіча лес – адкрытая кніга. Ён, можна сказаць, вырас сярод елак і соснаў. Ад яго роднай вёскі Свяціцы да Навасёлак ведае ўсе лясныя сцежкі і дарожкі, месца дыслакацыі зайцоў і самыя ягадна-грыбныя мясціны.
– У лесе і працую, і адпачываю душой, – адзначае Канстанцін Міхайлавіч.
Ляснічы Навасёлкаўскага лясніцтва Яўгеній Рацэвіч характарызуе калегу як вельмі працавітага, прынцыповага і сумленнага, які вельмі любіць прыроду (а без гэтага ў іх прафесіі немагчыма).
Навядзенне парадку – яшчэ адна важнейшая задача лясной службы.
Шэсць лясніцтваў Ляхавіцкага лясгаса заняты зараз навядзеннем чысціні і парадку ўздоўж аўтадарог. А гэта не малы ўчастак – больш за тры дзясяткі кіламетраў трасы Р-43, дзе трэба сабраць сухастой, ветравальна-бураломную драўніну і іншае смецце, расказала «ЛВ» намеснік дырэктара лясгаса Наталля Адаменка.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.