Што рыхтуе БРСМ, абмеркавалі падчас апаратнай нарады ў старшыні Ляхавіцкага райвыканкама

За 2022 год у рады раённай арганізацыі БРСМ уступіла 148 юнакоў і дзяўчат. Зараз яна налічвае больш за 960 чалавек. Якім быў для райкама БРСМ мінулы год, і што запланавана ў Год міру і стварэння, абмеркавалі падчас апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама.

Першы сакратар райкама Анастасія Дземідовіч праінфармавала пра асноўныя паказчыкі ў дзейнасці. Колькасць членаў расце. Жадаючых далучыцца да сям’і БРСМ усё больш і больш. На 1 студзеня 2023 года больш за 30 працэнтаў ад агульнай колькасці моладзі раёна ва ўзросце да 31 года з’яўляецца членамі БРСМ. А гэта 43 пярвічныя арганізацыі.
– Сёння мы імкнёмся дайсці да кожнай арганізацыі ці прадпрыемства, дзе ёсць моладзь. Стварыць там пярвічкі, заахвоціць маладых людзей. У нашай рабоце галоўнае – зваротная сувязь.
БРСМ зацікавіць моладзь тады, калі прапануе ёй магчымасці для рэалізацыі здольнасцей, жаданняў, выхаду энергіі… А гэта і патрыятычныя акцыі, і дабрачынныя справы, і турзлёты, і творчыя фэсты, – адзначыла Анастасія Дземідовіч.
Сёння самыя шматлікія пярвічкі дзейнічаюць у аграрным каледжы
і райбальніцы. Хутка маладзёжныя аб’яднанні з’явяцца і па некалькіх адрасах.
Праблемным застаецца пытанне аплаты членскіх узносаў.
Каляндарны год для членаў БРСМ быў насычаным, што і пацвердзілі шматлікія фотакадры з розных акцый і добрых спраў. Актывісты пакінулі яркі след у гісторыі шматлікіх падзей.
Немалаважны і той факт, што часта менавіта са студэнцкіх атрадаў пачынаецца працоўная дзейнасць у многіх школьнікаў і каляджан. У мінулым годзе на Ляхавіччыне 17 студатрадаў працавалі па розных профілях: сельскагаспадарчым, педагагічным, экалагічным. Такім чынам 182 чалавекі атрымалі працоўныя пуцёўкі.
– Важна, што юнакі і дзяўчаты самі імкнуцца стаць часткай студ-
атрадаўскага руху. Быць у нашых атрадах – прэстыжна. Рабяты ведаюць, што работа будзе дастойна аплачана, многія прадпрыемствы клапоцяцца пра падвоз сваіх часовых работнікаў. А студатрадаўцы яшчэ сумесна з райкамам БРСМ плануюць свой вольны час весела і пазнавальна: і дыскатэка, і экскурсія, – гаворыць маладзёжны лідар раёна.
Пра дзейнасць БРСМ на працягу года расказвала і раёнка, аператыўнасць інфармацыі толькі на плюс маладым карыстальнікам, якія прывыклі імгненна бачыць сябе ў інтэрнэце. Райкам БРСМ ярка прадстаўлены ў інстаграме, а з нядаўняга часу «ўварваліся»
ў прастору ціктока.
Унушальныя планы ў Год міру і стварэння агучыла Анастасія Дземідовіч. Акрамя работы па плане, райкам рыхтуе для ляхавіцкай моладзі  нямала класных навінак.
Слушным гучала пытанне ад старшыні райсавета дэпутатаў
Юрыя Чаранкевіча наконт работы з сельскай моладдзю, у тым ліку і працоўнай, паколькі шмат акцый і мерапрыемстваў абмежаваны горадам.
Анастасія Дземідовіч запэўніла, што ў гэтым годзе шмат новых формаў работы будзе накіравана, у тым ліку, і на моладзь з сельскай мясцовасці. Варта ствараць такія сустрэчы, дзе былі б задзейнічаны ўсе: і школьнікі, і каляджане, і працоўная моладзь з усяго раёна. Гэта класна, што і пацвердзіла, напрыклад, снежаньская «Бітва розумаў».
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз адзначыў, што сёння важна бачыць ініцыятыву, а ўжо кіраўнікі па месцах, кіраўніцтва раёна падтрымаюць і дапамогуць рэалізаваць ідэю. Моладзь нельга ўпускаць, з ёй трэба працаваць без усялякага фармалізму, нельга згубіць яе давер. Што абяцалі, тое варта і выконваць. Не забываць і пра важную пераемнасць: акцябраты – піянеры – члены БРСМ.
Таксама сёння членам БРСМ варта ісці ў адну нагу і ў адным накірунку з Маладзёжным парламентам пры Ляхавіцкім раённым Савеце дэпутатаў. Такое сяброўства і сувязь толькі ўмацуюць маладзёжнае асяроддзе Ляхавіччыны.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.