Выбірае «Ляхавіцкі». Справаздачна-выбарны сход у мінулую пятніцу адбыўся ў СВК «Ляхавіцкі»

Справаздачна-выбарны сход у мінулую пятніцу адбыўся ў
СВК «Ляхавіцкі». Месца збору аграрыяў –Русінавіцкі СДК.

Традыцыйна ў лютым у сельгаспрадпрыемствах Ляхавіччыны пачынаецца справаздачна-выбарная кампанія. Сёлета старт падвядзенню вынікаў мінулага аграрнага года, пастаноўцы задач на год бягучы даў СВК «Ляхавіцкі». Сход, у якім узяла ўдзел большасць з 245 прадстаўнікоў аднаго з лепшых сельгаспрадпрыемстваў раёна, адбыўся ў мінулую пятніцу ў Русінавіцкім СДК.

– 2022-і для нашай гаспадаркі стаў паспяховым і вызначальным. У гэтым заслуга ўсіх, бо ад укладу кожнага залежаў агульны вынік. Прааналізуем, як спрацавала кожнае падраздзяленне, адзначым дасягненні, выявім недахопы, каб не дапусціць іх у далейшым, – адзначыў старшыня СВК «Ляхавіцкі» Іван Вітко, звяртаючыся да работнікаў сельгаспрадпрыемства з традыцыйнай справаздачай пра зробленае летась. У пацвярджэнне сказанага – пераходныя Ганаровыя сцягі за дасягненне высокіх паказчыкаў па вытворчасці збожжа, рапсу і бульбы, па рэалізацыі прадукцыі вырошчвання ў 2022 годзе, што па праве ўпрыгожвалі залу, дзе праходзіў справаздачна-выбарны сход.

У раслінаводстве вынік добры
У раслінаводстве мінулы год  пазначаны ў пераважнай большасці плюсамі. Валавы збор збожжа (без кукурузы) склаў 7 125 тон,
што на 2 583 тоны больш, чым у 2021 годзе. Ураджайнасць збожжавых перавысіла пазалеташнюю на 21,2 цэнтнера на круг і склала 57,9 цэнтнера з гектара. А на землях брыгады «Мыслабаж» яна і ўвогуле склала 70,4 цэнтнера з гектара. Намалот кукурузы перавысіў ураджай 2021 года на 228 тон. Іван Вітко падкрэсліў: хоць летась валавы збор рапсу на 436 тон пераўзышоў паказчык 2021 года пры ўраджайнасці
34,3 цэнтнера з гектара, у гаспадарцы ёсць усё неабходнае, каб атрымаць 40 цэнтнераў рапсу на круг.
Выдатныя пазіцыі ў «Ляхавіцкага» і ў нарыхтоўцы кармоў. Нарыхтаваных 54,7 цэнтнера кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву жывёлы (плюс 6,1 ц.к.а. да пазалеташняга паказчыка) хопіць і на бягучы перыяд, застанецца і на год наступны.
Адносна бульбы, якая з году ў год была адной з візітовак гаспадаркі, старшыня нагадаў, што летась пасяўныя плошчы пад гэту культуру зменшыліся, адпаведна і валавы збор. Прычына – змяншэнне экспартнага попыту на другі хлеб.
У агульнай выручцы ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства найбольшая ўдзельная вага прыпадае на продаж рапсу (55 працэнтаў), зерня (24 працэнты), бульбы (19 працэнтаў).

Жывёлагадоўчыя плюсы
Галоўная падзея не толькі ў жывёлагадоўчай галіне, але і ўвогуле ў гаспадарцы – увядзенне ў эксплуатацыю новай малочнатаварнай фермы на 720 галоў. Такой абноўкі ў «Ляхавіцкім»
не было даўно. Прычым, кіраўнік сельгаскааператыва нагадаў, што для патанення будаўніцтва частка работ была выканана сіламі будаўнічай брыгады СВК.
Паказчыкі 2021 года па жывёлагадоўлі перавышаны па валавым надоі (106,4 працэнта – 9 137 тон), надоі ад адной каровы – 8 846 кілаграмаў (плюс 182), сярэднясутачных прывагах буйной рагатай жывёлы (плюс 54 грамы), выхадзе цялят (плюс 10 галоў), па вытворчасці мяса (плюс 26 тон), рэалізацыі мяса ў жывой вазе (плюс 19 тон). 90,8 працэнта малака прададзена Ляхавіцкаму малочнаму заводу гатункам экстра, таварнасць малака 94 працэнты. Рэнтабельнасць вытворчасці малака склала 51,4 працэнта, што на 5,4 працэнта больш, чым за 2021 год.
Старшыня гаспадаркі падрабязна спыніўся на жывёлагадоўчых паказчыках па кожнай ферме. Па валавым надоі і ў параўнанні з пазалеташнім перыядам, па надоях на адну карову, продажы гатункам экстра, таварнасці малака бясспрэчны лідар малочнатаварны комплекс «Русінавічы». А па атрыманні цялят, выхадзе цялят на 100 кароў, сярэднясутачных прывагах першынство летась трымала МТФ «Русінавічы». Асноўныя агучаныя на сёлета задачы ў жывёлагадоўлі:
вытворчасць малака – 9 900 тон, надой на адну карову – 8 900 тон,
сярэднясутачныя прывагі БРЖ – 780 грамаў.
Кіраўнік гаспадаркі прааналізаваў вынікі работы ў будаўніцтве і правядзенні рамонтных работ, абнаўленні машынна-трактарнага парка, іншых падраздзяленнях гаспадаркі, а таксама расказаў пра планы на сёлета.

Фінансы і сацыяльныя гарантыі
Не з меншай цікавасцю прысутныя слухалі гадавую фінансавую справаздачу, якую трымала галоўны бухгалтар Іна Герасімовіч.
Пра тое, як выконваецца калектыўны дагавор, якія
сацыяльныя гарантыі прадугледжаны для тутэйшых работнікаў, расказала старшыня прафсаюзнай пярвічкі «Ляхавіцкага» Валянціна Герасімовіч. Яна таксама агучыла вынікі ўнутрыгаспадарчага спаборніцтва: лепшыя з лепшых з розных падраздзяленняў былі ўзнагароджаны граматамі і грашовымі прэміямі. Дарэчы, фінансавае заахвочванне атрымалі ўсе працаўнікі гаспадаркі.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз, які прыняў удзел у рабоце сходу, адзначыў, што СВК «Ляхавіцкі» ў мінулым годзе паказаў добрыя вынікі ў раслінаводстве, што пацверджана выдатнай ураджайнасцю збожжавых. Адпаведна, гаспадарка прызнана адной з пераможцаў на абласным фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2022». І ў жывёлагадоўлі справы ідуць па ўзрастаючай: надоі сярод лепшых у раёне. А ўвядзенне ў эксплуатацыю ў мінулым годзе новай МТФ, па словах кіраўніка раёна, надасць яшчэ большы імпульс развіццю тутэйшай жывёлагадоўлі. Мікалай Мароз адзначыў, што кіраўніцтва СВК бачыць перспектыву і ведае, як дасягнуць больш высокіх паказчыкаў. Аднак важна за вытворчымі лічбамі не забываць пра людзей. У прыярытэце – рост заработнай платы, пашырэнне сацыяльных гарантый, стварэнне належных умоў працы, тады і аддача ад працаўнікоў будзе адпаведнай.
Мікалай Мароз нагадаў, што летась наш раён дасягнуў высокіх вытворчых паказчыкаў і ў нарыхтоўцы кармоў (наяўная колькасць – не на паперы, зімоўка праходзіць на ўзроўні), і на жніве, што дазволіла паказаць лепшы вынік на Брэстчыне і стаць пераможцам абласнога спаборніцтва на ўборцы збожжавых. Акрамя таго, усе сем сельгаспрадпрыемстваў раёна спрацавалі з прыбыткам. Але, адназначна, спыняцца на дасягнутым нельга. Тым больш, што рэзервы ёсць, і СВК «Ляхавіцкі» не выключэнне. Кіраўнік раёна падзякаваў вяскоўцам за добрасумленную працу, высокія дасягненні і пажадаў новых здабыткаў.
Знайшлі сваіх уладальнікаў і ўзнагароды ад раённай
арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК, іх уручыла старшыня арганізацыі Ірына Чура.

Новы знаёмы старшыня
І вось настаў момант, якога, напэўна, з нецярпеннем чакалі многія. Ад прынятага за некалькі хвілін рашэння, без перабольшвання, залежала, якім курсам будзе развівацца сельгаспрадпрыемства далей. Аграрыі «Ляхавіцкага» выбіралі кіраўніка. Як аказалася, інтрыгі не было – кандыдатура адна. Іван Вітко ў «Ляхавіцкім» працуе не адно дзесяцігоддзе. Стаў прадаўжальнікам сельскагаспадарчай дынастыі Вітко, пачынаў з агранома, многаму вучыўся і ў прафесіі, і ва ўменні кіраваць людзьмі ў бацькі – заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Аляксандра Вітко, доўгі час быў намеснікам старшыні гаспадаркі, а ў 2017 годзе яе ўзначаліў. За гэты час склаўся як прафесіянал – неаднойчы прызнаваўся лепшым і аграномам, і кіраўніком, заваяваў давер у калектыву гаспадаркі. Таму не дзіўна, што на сходзе аднагалосна прагаласавалі за свайго  старшыню – Іван Вітко прадоўжыць узначальваць СВК «Ляхавіцкі».
«ЛВ» далучаецца да віншаванняў і жадае поспехаў і кіраўніцтву гаспадаркі, і ўсім, хто з гонарам адзначае: я працую ў «Ляхавіцкім».

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.

Па выніках мінулага года пераходныя Ганаровыя сцягі за дасягненне высокіх паказчыкаў па вытворчасці збожжа, рапсу, бульбы, па рэалізацыі прадукцыі вырошчвання ўручаны СВК «Ляхавіцкі»   на гаспадарчым актыве раёна.