Ляхавіцкія дэлегаты падзяліліся меркаваннямі, чаканнямі ад будучай падзеі — устаноўчым з’ездзе па стварэнні новай палітычнай партыі “Беларуская партыя “Белая Русь”

Як паведамляў “ЛВ”, прадстаўнікі грамадскага аб’яднання «Белая Русь» вылучылі дэлегатаў на ўстаноўчы з’езд па стварэнні новай палітычнай партыі “Беларуская партыя “Белая Русь”. Ляхавіцкія дэлегаты падзяліліся меркаваннямі, чаканнямі ад будучай падзеі. 

Дзмітрый БАГУШЭВІЧ, кіраўнік цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый:

–Улічваючы існуючую палітычную сітуацыю ў свеце, пастаянныя спробы ўмяшання ў справы суверэннай Беларусі, негатыўны ўплыў, што імкнуцца аказаць на нас з Захаду, сёння, як ніколі, неабходна кансалідацыя нашага грамадства дзеля міру і стварэння. Таму ўнутры нашай дзяржавы павінна быць як мага больш надзейных і ўплывовых сіл, якія маюць вагу ў грамадстве і заўжды будуць падтрымкай для усёй Беларусі, для Кіраўніка дзяржавы. І адным з такіх падмуркаў павінна стаць новая палітычная сіла ў асобе партыі “Белая Русь”.

Ганаруся, што менавіта грамадскае аб’яднанне “Белая Русь”, членам якога з’яўляюся, выступіла ініцыятарам стварэння новай партыі. У жніўні 2020 года “Белая Русь” даказала, што з’яўляецца важным звяном у кансалідацыі грамадства, аб’яднанні сапраўдных патрыётаў сваёй краіны.

З моманту свайго стварэння “Белая Русь” падтрымлівае палітычны курс Прэзідэнта краіны і ідэі, якія грунтуюцца на ідэалогіі беларускай дзяржавы, а таксама ініцыюе разнастайныя грамадскія акцыі.

Лічу станоўчым і тое, што грамадскае аб’яднанне “Белая Русь” застанецца дзейнічаць на грамадскай прасторы і прадоўжыць сваю шматвектарную работу па рэалізацыі сацыяльных праектаў. Упэўнены, што партыя “Белая Русь” зойме сваю – дастойную – нішу ў палітычнай сістэме краіны і будзе працаваць на карысць Беларусі.

Асабіста для мяне вялікі гонар – аказаны землякамі давер быць абраным дэлегатам устаноўчага з’езда. Буду прысутнічаць на гістарычнай падзеі, якая, безумоўна, паўплывае на далейшае будаўніцтва партыйнай сістэмы ў нашай краіне.