Вяртанне імёнаў. У Ляхавіцкім раёне і сёння працягваецца актыўная работа па ўвекавечванні памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны

Не менш за тры мільёны мірных грамадзян, сярод якіх дзеці і пажылыя людзі, – столькі беларусаў было знішчана ў бязлітасным агні Вялікай Айчыннай вайны. Колькасць ахвяр устаноўлена падчас расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе, якую вядзе Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь. Следства працягваецца пяць гадоў…
Вялікая Айчынная вайна пакінула глыбокі след і на ляхавіцкай зямлі.
Доўгі час лічылася, што на Ляхавіччыне ў агні загінулі больш за 20 вёсак і хутароў. Падчас расследавання пракуратурай Ляхавіцкага раёна справы аб генацыдзе ўстаноўлена, што фашысты спалілі 48 вёсак і хутароў. Каля дзевяці соцень дамоў былі знішчаны часткова ці цалкам.
Ахвярамі фашыстаў сталі больш за паўтысячы мірных жыхароў. Свяціца і Залужжа гарэлі двойчы… Да вайны на тэрыторыі васьмі хутароў знаходзілася 23 дамы, і ўсе яны знішчаны ў агні. Летась работнікі Ляхавіцкага лясгаса ўстанавілі шыльды на месцах тых хутароў. Пра тое, што калісьці там гучалі шчаслівыя дзіцячыя галасы, нагадвае толькі квецень яблынь кожную вясну.
У Ляхавіцкім раёне і сёння працягваецца актыўная работа па ўвекавечванні памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. І сведчанне таму – памятны знак спаленым вёскам Ляхавіччыны, устаноўлены ў Марынове. Ён – даніна памяці і павагі тым, хто загінуў у полымі вайны.
Сведчанне пра тое, што памяць пра ваенныя падзеі жыве, што гістарычная праўда запатрабавана ў сённяшніх пакаленняў, – клопат пра ваенныя пахаванні, помнікі і брацкія магілы, якія нагадваюць пра ваенныя трагічныя падзеі і гераічныя ўчынкі.
Дзеля ўдасканалення работы па ўвекавечванні памяці загінулых пры абароне Айчыны і ахвяр вайны праводзіцца маштабная дзейнасць па інвентарызацыі кожнага помніка і ваеннага пахавання на тэрыторыі раёна.
Інвентарызацыя помнікаў – не бюракратычная працэдура, а акт павагі да тых, хто ахвяраваў сваім жыццём дзеля нашай будучыні.
Гэта і ўрок гісторыі для маладога пакалення. Самае складанае
і адказнае – не проста абнавіць спісы, а праверыць кожнае імя загінулага ў архівах і дакументах.
– Часам высвятляецца, што на помніку выбіта адно прозвішча, а ў архівах захавалася іншае. У дакументах сустракаюцца скажэнні або памылкі ў імёнах і прозвішчах, якія пераходзілі з аднаго спіса ў другі. Бывае, што імёны наогул страчаны. Работа гэта вядзецца
не для справаздачы, а дзеля аднаўлення гістарычнай справядлівасці, – падкрэслівае намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы
і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Юшкевіч.
У выніку маштабнай работы ўстаноўлены і ўзгоднены з упраўленнем па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны Міністэрства абароны даныя па 217 чалавеках. Устаноўлены пяць новых імёнаў, унесеных у аўтаматызаваную базу даных «Кніга памяці Рэспублікі Беларусь». Вывучаюцца архіўныя дакументы, у рабоце і даныя, змешчаныя ў абагульненым электронным банку даных «Мемарыял» і інфармацыйнай сістэме «Памяць народа».
Кожны факт занатаваны ў пашпарт воінскага пахавання. На воінскіх пахаваннях, пахаваннях ахвяр вайны ўстаноўлены адпаведныя дзяржаўныя знакі.
На тэрыторыі Ляхавіччыны паўсотні воінскіх пахаванняў рознага перыяду, з якіх 39 – часоў Вялікай Айчыннай вайны.
Асобнай увагі заслугоўвае гісторыя помніка ў Зубелевічах. У 1985 годзе землякі ўшанавалі памяць аднавяскоўцаў, якія загінулі падчас вайны, і ўстанавілі абеліск на пастаменце. Перад абеліскам размясцілі дзесяць гранітных шыльдаў са звесткамі пра 35 загінулых жыхароў Зубелевічаў. Праз дзесяць гадоў недалёка ад Патапавічаў 52-і асобны спецыялізаваны пошукавы батальён праводзіў раскопкі. У выніку былі знойдзены рэшткі 17 ваеннаслужачых, загінулых на тэрыторыі нашага раёна ў гады Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў. З 17 вядома толькі адно прозвішча. Астатнія 16 так і засталіся безыменнымі. Урачыста, шчымліва, з пашанай да памяці герояў прайшоў рытуал перапахавання ў брацкую магілу ў Зубелевічах. Помнік землякам набыў новы статус – воінскае пахаванне.
У брацкай магіле ў Падсаколлі ўдакладнены даныя ў адносінах да 20 пахаваных. Летам мінулага года там былі перапахаваны рэшткі не менш як трох чалавек, знойдзеныя падчас раскопак у лясным масіве каля вёскі Мінічы. У воінскім пахаванні ў Свяціцы ўдакладнены даныя па дзевяці пахаваных. З улікам змяненняў іх колькасць складае 16, з якіх тры – ваеннаслужачыя, а 13 – удзельнікі супраціўлення. У Востраве падчас архіўна-даследчай дзейнасці ўдакладнены звесткі ў адносінах да 15 чалавек. Унесены змяненні ў персанальныя даныя васьмі пахаваных і ў брацкай магіле ў Крывошыне. У выніку архіўна-даследчай работы абноўлены даныя па колькасці пахаваных у брацкай магіле, размешчанай у Ляхавічах на перакрыжаванні вуліц Леніна і Кастрычніцкай. Згодна з новымі фактамі, у брацкай магіле пахаваны 25 чалавек. У спіс унесены два новыя імені – ураджэнцаў Гомельшчыны радавых Маісея Філіпавіча Харлака і Яўгенія Мікалаевіча Усціменкі.
Работа па пошуку і перапахаванні загінулых падчас Вялікай Айчыннай вайны працягваецца, і кожная такая знаходка – гэта вяртанне імёнаў тых, хто доўгія дзесяцігоддзі лічыўся прапаўшым
без вестак.
Работа па аднаўленні прозвішчаў невядомых герояў вайны, што навечна засталіся на Ляхавіччыне, працягваецца. Ні адно імя
не павінна быць забыта,
і ні адзін салдат не павінен застацца безыменным.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

