Адрас лепшага ФАПа – Востраў. Па выніках 2022 года Востраўскі ФАП Ляхавіцкага раёна прызнаны пераможцам абласнога агляду-конкурсу
Клопат пра здароўе амаль 800 вяскоўцаў – зона адказнасці медработнікаў Востраўскага ФАПа

Дзевяць гадзін раніцы звычайнага працоўнага дня. Цішыня ў спалучэнні са стэрыльнай чысцінёй настройваюць на мажорны лад. Такі суцэльны спакой доўжыцца дзясятак хвілін. І вось расчыняюцца дзверы, і першы наведвальнік заходзіць у Востраўскі фельчарска-акушэрскі пункт.
На працягу працоўнай змены з 9 да 17 гадзін сюды спяшаюцца вяскоўцы і аграгараджане, каб атрымаць медыцынскую дапамогу ці каштоўную параду, запасціся кваліфікаванымі рэкаменда-
цыямі па прафілактыцы хвароб, удакладніць алгарытм лячэння,
прайсці неабходныя медыцынскія маніпуляцыі. Тутэйшы ФАП абслугоўвае 767 чалавек – менавіта столькі жыхароў у Востраве, Заполлі, Траццякоўцах, Куліках, Падлаззі, Бярэзках, Любейках.
Загадчыца ФАПа Таццяна Аніскевіч – вопытны медык. На варце здароўя людзей колішняя выпускніца Баранавіцкага медыцынскага вучылішча амаль тры дзесяцігоддзі, з якіх 18 гадоў узначальвае Востраўскі ФАП. Як сама адзначае, нават не ўяўляе сябе ў іншай прафесіі.
– Нам пашанцавала, што ў нас такі цудоўны ФАП, паглядзіце, як тут прасторна. І пашчасціла на нашага фельчара Таццяну
Паўлаўну. Яна сапраўдны прафесіянал, ветлівая, уважлівая да дарослых і дзяцей. Ніколі і нікому не адмаўляе ў дапамозе, – дзеліцца ўражаннямі Галіна Іванаўна, якая прыехала з Заполля.
Не шкадавалі эпітэтаў у адрас загадчыцы медустановы і іншыя
наведвальнікі.
– Калі б ні звярнуўся за дапамогай, заўжды яе атрымаеш. Добра, што можна на месцы і аналізы здаць, і на прыём да ўрача трапіць, няма патрэбы ехаць у Ляхавічы. Адносіны да пацыентаў заўсёды ўважлівыя. Парадаваліся за наш ФАП, калі даведаліся што ён прызнаны лепшым у Брэсцкай вобласці, – адзначае аграгараджанка Валянціна Гаўрыльчык.


Таццяна Аніскевіч гутарыць з маладой жанчынай, якая месяц назад стала мамай – у яе нарадзілася другая дачушка. Медык цікавіцца самаадчуваннем немаўляці, ці робяцца ўсе неабходныя прышчэпкі. Наступнай пацыентцы – 76-гадовай жыхарцы Вострава – фельчар вымерала ціск, зрабіла электракардыяграму на пераносным апараце.
– Вымераць ціск, тэмпературу, узяць неабходныя аналізы, зрабіць прышчэпкі, правесці дыспансерызацыю, імунізацыю, паставіць уколы, арганізаваць розныя прафілактычныя мерапрыемствы – кола маіх абавязкаў. Назіраю за інвалідамі першай групы па месцы іх пражывання – такіх на ўчастку 12 чалавек. Сачу за тым, каб абавязкова раз у год правяралі стан свайго здароўя 315 жанчын, якія жывуць на тэрыторыі абслугоўвання ФАПа. У сярэднім за дзень прымаю каля 20 пацыентаў, – гаворыць Таццяна Аніскевіч.
На яе прафесійным шляху нямала выпадкаў, калі, у літаральным сэнсе, прафесіяналізм фельчара выратоўваў чалавеку жыццё. Адзін з такіх выпадкаў адбыўся мінулым летам. У госці ў Востраў прыехала 60-гадовая жыхарка Мілавідаў. Раптоўна жанчына страціла прытомнасць. Выклікалі фельчара, якая адразу западозрыла алергічны шок і тэрмінова выканала ўвесь комплекс неабходных медыцынскіх маніпуляцый. Брыгада хуткай медыцынскай дапамогі даставіла пацярпелую ў райбальніцу, дзе яна прайшла далейшае паспяховае лячэнне.
Тэлефон на ФАПе не змаўкае. Людзі цікавяцца, да якога часу будзе прымаць урач, як запісацца на прыём да стаматолага ў Тухавіцкую амбулаторыю ўрача агульнай практыкі. Чарговае пытанне – аб графіку прыезду перасоўнага «пульмаскана».
А тым часам, як звычайна, па аўторках і чацвяргах на Востраўскім ФАПе з 9 да 13 гадзін прыём праводзіць урач Тухавіцкай АУАП. Апошнія месяцы гэтыя важныя функцыі выконвае ўрач-інтэрн Ляхавіцкай ЦРБ Улада Цалевіч.
– У асноўным на прыём прыходзяць з праблемамі сардэчна-сасудзістай сістэмы, сезоннымі хваробамі органаў дыхання, з болямі ў спіне. Выпісваем рэцэпты, выдаём лісткі часовай непрацаздольнасці, медыцынскія прызначэнні. Пры неабходнасці накіроўваем на абследаванне ў райбальніцу. Даводзіцца быць і тэрапеўтам, і хірургам, і неўролагам, і педыятрам. Спраўляемся! Тым больш побач такі вопытны фельчар – Таццяна Аніскевіч, – сцвярджае Улада Цалевіч.

У які з пакояў ФАПа не зайдзі – кабінет прыёму, працэдурны, участковай медсястры, акушэркі, дапаможныя памяшканні, хол – паўсюдна чысціня. У такой атмасферы немалая заслуга санітаркі Наталлі Кудзін.
– З году ў год на працягу доўгага часу Востраўскі ФАП па праве адзначаецца як адна з лепшых сельскіх устаноў аховы здароўя не толькі нашага раёна. Гэты ФАП удастойваўся гонару быць занесеным на раённую Галерэю славы Ляхавіччыны. Па выніках 2022 года Востраўскі ФАП прызнаны пераможцам абласнога агляду-конкурсу якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва сярод фельчарска-акушэрскіх пунктаў Брэстчыны. Лічу, гэта дастойнае прызнанне. Дарэчы, такой узнагароды гэта медустанова ўдастойвалася і пяць гадоў назад. Немалая заслуга ў паспяховай дзейнасці і медработнікаў, якія прыязджаюць сюды па графіку з Тухавіцкай амбулаторыі. Гэта і ўрачы Наталля Пятліцкая (зараз у водпуску па доглядзе за дзіцем), Ірына Казбяровіч, інтэрн Улада
Цалевіч, і акушэрка Віялета Корань. Гэта перамога – каманды прафесіяналаў, – адзначае галоўны ўрач УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Георгій Хлябовіч.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

