У Ляхавіцкім раёне распрацаваны комплекс мерапрыемстваў па выкананні задач Года беражлівасці

Не адкладвай на заўтра тое, што можна сэканоміць сёння».

Год беражлівасці, якім у Беларусі аб’яўлены 2013, паставіў шэраг важных акцэнтаў. Асабліва актуальныя сярод іх – удасканаленне арганізацыі вытворчасці, павышэнне якасці прадукцыі і паслуг і зніжэнне іх сабекошту за кошт аптымізацыі расходаў, рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў, выключэння рознага кшталту неаргументаваных страт. У першую чаргу, гэтага можна дасягнуць шляхам мадэрнізацыі вытворчасці, укаранення новых тэхналогій, тэхнікі і спосабаў гаспадарання.

А яшчэ Год беражлівасці меў на ўвазе і выхаванне ў кожнага з нас, незалежна ад узросту і сацыяльнага статуса, гаспадарлівасці, ашчаднасці, беражлівасці, жадання і ўмення эканоміць – не толькі на сваіх працоўных месцах, але і ў паўсядзённым жыцці. Своечасова выключыць святло, добра закрыць кран, абсталяваць дом энергазберагальнымі лямпачкамі і вадамерамі – гэта ў маштабах краіны зусім не дробязь, а сур’ёзная эканомія матэрыяльных рэсурсаў.

У Ляхавіцкім раёне распрацаваны комплекс мерапрыемстваў па выкананні задач Года беражлівасці. Як справа з іх рэалізацыяй у розных сферах і галінах, расказалі падчас “круглага стала “ЛВ” намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір ДЗЯЖУРНЫ, намеснік начальніка райсельгасхарчу Міхаіл НОВІК, начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Ірына ГРЫНЯЛЕВІЧ, дырэктар КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” Аляксандр МЯДЗВЕЦКІ, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Леанід КАЛБАСА, намеснік галоўнага ўрача Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы Таццяна МАЛЯР, начальнік раённага вузла электрасувязі Анатолій ЛУКАШЭВІЧ, дырэктар Дараўскага ДС-СШ Ала БУБЕН.

Уладзімір ДЗЯЖУРНЫ:

– Год беражлівасці стаў лагічным працягам рэалізацыі Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2007 года №3 “Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы”.

У раёне распрацаваны разнастайныя мерапрыемствы, у тым ліку, і па ўдасканаленні сістэмы арганізацыі вытворчасці за кошт аптымізацыі затрат, укаранення энерга- і рэсурсазберагальных тэхналогій. Многае ўжо ўкаранёна ў жыццё, дзейнічае і прыносіць эканамічны эфект. Так, у СВК “Шлях новы”, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, ДП “Нача”, СВК “Ліпнянка” сёлета аўтаматызавана работа паглыбленых помпаў артсвідравін. Для забеспячэння максімальна эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання прыродных, матэрыяльных (уключаючы паліўна-энергетычныя) і працоўных рэсурсаў на СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” устаноўлены частотныя пераўтваральнікі і ўкаранёна аўтаматызацыя працэсаў гарэння паліва ў катлах. На льнозаводзе помпавае абсталяванне заменена на энергаэфектыўнае. На торфапрадпрыемстве замест электрарухавіка драбілкі малатковай устаноўлены яго больш эканамічны аналаг. Спіс, канешне, не вычарпальны. Тут і замененыя вокны, і капрамонт ацяпляльнага абсталявання, і ўстаноўка энергазберагальных ацяпляльных прыбораў.

Адным з эфектыўных метадаў работы з’яўляецца стымуляванне работнікаў, у тым ліку, і прэміраванне, за эканомію рэсурсаў. Так, напрыклад, прынята ў ПМС, на кансервавым і торфабрыкетным заводах, у камунгасе і іншых арганізацыях.

Вядзецца мэтанакіраваная работа з насельніцтвам у плане захавання грамадзянамі прынцыпаў эканоміі і беражлівасці, выхавання гаспадарскага падыходу. Дарэчы, пра гэта часцяком ідзе размова і на старонках “Ляхавіцкага весніка”. У раёне распрацаваны інфармацыйна-даведачны і наглядны матэрыял у выглядзе лістовак і брашур аб эканоміі і беражлівасці.

Ірына ГРЫНЯЛЕВІЧ:

– Выкананне праграмы энергазберажэння знаходзіцца на пастаянным кантролі раённай улады. Многія з мерапрыемстваў паспяхова выконваюцца.

За 10 месяцаў справаздачнага года спажыванне паліўна-энергетычных рэсурсаў у раёне склала 30694 тоны ўмоўнага паліва, што на 1924 тоны менш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Мэтавы паказчык па энергазберажэнні ў раёне за 10 месяцаў гэтага года склаў плюс 0,2 працэнта і пакуль не выкананы. Гэты паказчык залежыць ад шэрагу фактараў: тэмпературы паветра, уводу жылля, павелічэння спажывання мясцовых відаў паліва, працягласці ацяпляльнага сезона і г.д. Але ў значнай ступені – ад павелічэння аб’ёмаў вытворчасці прамысловай прадукцыі. А за 10 месяцаў гэтага года зніжэнне аб’ёмаў дапушчана ўсімі прамысловымі прадпрыемствамі раёна.

Міхаіл НОВІК:

– Стварэнне рынку другаснай тэхнікі – адно з асноўных мерапрыемстваў, выкананне якіх запланавана ў аграсектары раёна на Год беражлівасці. На сённяшні дзень у сельгаспрадпрыемствах налічваецца 1700 адзінак тэхнікі, з якой толькі трэцяя частка з тэрмінам эксплуатацыі да 5 гадоў, столькі ж – ад 5 да 10 гадоў. Каля 600 адзінак маюць адпрацаваны рэсурс – належаць спісанню. Таму актуальным з’яўляецца пытанне аднаўлення тэхнікі з заменай найбольш зношаных вузлоў, дэталяў. Пасля капітальнага рамонту такой тэхнікі замест старой атрымліваем практычна новую і дадатковую гарантыю на падаўжэнне тэрміну яе службы. Напрыклад, кошт новага энерганасычанага трактара “Кіравец К-744” – ад 2 мільярдаў рублёў. А рэстаўраваны “Кіравец” абыдзецца ў 400-600 мільёнаў рублёў.

Актыўна ствараецца рынак другаснай тэхнікі. Мяняюцца адносіны да тэхнікі, маецца на ўвазе яе эксплуатацыя, рамонт, тэхабслугоўванне, пастаноўка на захоўванне. Сквапны плаціць двойчы, таму ні ў якім разе нельга эканоміць на правядзенні тэхабслугоўвання, рамонце кваліфікаванымі спецыялістамі. Якасная і своечасовая пастаноўка тэхнікі на захоўванне – ужо на сумленні спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў. Асаблівую ўвагу на гэта трэба звярнуць у СВК “Ліпнянка”, “Дарава”, “Жарабковічы”.

Правільна праведзеная дэфектоўка, разборка адслужыўшай тэхнікі дазволіць мінімізаваць затраты на пакупку запасных дэталяў, вузлоў, металу.

Тое, наколькі беражліва і ашчадна ў гаспадарках раёна ставяцца да тэхнікі, яскрава дэманструе раённы агляд добраўпарадкавання машынных двароў і гатоўнасці рамонтна-абслуговай базы для работы ва ўмовах зімы, падрыхтоўкі машынна-трактарнага парку да вясенніх палявых работ.

Выйграюць у плане эканоміі тыя гаспадаркі, якія не шкадуюць грошай на навядзенне парадку, рамонт і рэканструкцыю машынных двароў. Бясспрэчныя лідары ў фінансаванні гэтых работ СВК “Жарабковічы” (на гэтыя мэты выдаткавана 300 мільёнаў рублёў), “Ляхавіцкі” (107 млн. руб.), ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” (83 млн. руб.).

Аляксандр МЯДЗВЕЦКІ:

– Выкананне мерапрыемстваў па праграме “Энергазберажэнне-2013” – адзін з асноўных накірункаў работы КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” у Год беражлівасці. Праводзіцца замена катлоў з нізкім каэфіцыентам карыснага дзеяння на больш эфектыўныя ў аграгарадку Жарабковічы. Усталявана новае помпавае абсталяванне: пры плане 5 штук – 19 (на кацельнях – 14, на свідравінах –5). Пры плане 4,7 кіламетра пагонных, заменены зношаныя цеплатрасы з выкарыстаннем эфектыўных трубаправодаў працягласцю 6,4 кіламетра. Эфектыўныя цеплаабменнікі з’явіліся ў жылым доме № 9 па вуліцы Гагарына, у гасцініцы і кацельні гімназіі. Павялічана тэрмасупраціўленне канструкцый будынкаў (у тым ліку, жыллёвага фонду) агульнай плошчай 2548 квадратных метраў. Выкананы і іншыя мерапрыемствы па павышэнні эфектыўнасці выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў.

Таццяна МАЛЯР:

– З пачатку года ў сістэме аховы здароўя ў плане эканоміі і беражлівасці зроблена нямала, і многія з выкананых мерапрыемстваў пачалі ўжо даваць свае станоўчыя вынікі. У стацыянары хірургічнага аддзялення скарочана 10 ложка-месцаў, якія неэфектыўна выкарыстоўваліся. А гэта – мінус затраты на іх утрыманне.

Апраўдала сябе новаўвядзенне – стацыянаразамяшчальная форма медыцынскага абслугоўвання насельніцтва раёна: дзённыя стацыянары створаны пры ўсіх урачэбных амбулаторыях і райбальніцы, ёсць і стацыянары на даму. Апошнія прадугледжаны для пацыентаў з цяжкімі захворваннямі: медыцынская сястра дома паставіць хвораму кропельніцы, зробіць уколы, выканае іншыя прызначаныя ўрачом працэдуры. Урач наведае пацыента зноў жа дома.

Запатрабаванай стала медыцынская паслуга “хірургія аднаго дня”, калі пасля малаінвазійнай аперацыі пацыент знаходзіцца ў хірургічным аддзяленні райбальніцы ад 1 да 3 дзён. Дарэчы, знаходжанне аднаго хворага ў стацыянары ў сярэднім па бальніцы абыходзіцца бюджэту ў 292 тысячы рублёў у суткі, а ў хірургічным аддзяленні – 314 тысяч рублёў. Такім чынам, “хірургія аднаго дня” дазваляе больш ашчадна выкарыстоўваць бюджэтныя паступленні.

Пры магчымасці неадкладны выклік “хуткай дапамогі” пераадрасуецца на ўрачэбныя амбулаторыі (у сельскай мясцовасці) ці ў паліклініку (у горадзе). Эканоміка простая: выклік “хуткай” каштуе бюджэту ў сярэднім 216 тысяч рублёў, а ўрача на дом – 49,9 тысячы, прыём у паліклініцы – 59,9 тысячы рублёў.

Для эканоміі цяпла ў адміністрацыйных будынках і лячэбных памяшканнях райбальніцы сёлета ўсе вокны заменены на ПВХ. А энергазберагальныя лямпачкі дазваляюць эканоміць электраэнергію.

Леанід КАЛБАСА:

– Для больш эфектыўнага расходавання бюджэтных сродкаў у сістэме адукацыі наладжана закупка тавараў (у тым ліку, і прадуктаў для харчавання школьнікаў) напрамую ад пастаўшчыкоў ці вытворцаў у абыход пасрэднікаў.

Праведзена аптымізацыя колькасці ўстаноў адукацыі раёна, у прыватнасці, закрыты малакамплектныя ўстановы: Каранеўшчынскі д/с, Сваятыцкая базавая школа, Тухавіцкі міжшкольны камбінат працоўнага навучання. Хачу адзначыць, людзі без работы не засталіся – усе працаўладкаваны.

У гэтым навучальным годзе гімназія, СШ № 2 і Тальмінавіцкая СШ сталі ўдзельнікамі рэспубліканскага праекта “Адукацыя ў галіне энергаэфектыўнасці і змянення клімату ў Рэспубліцы Беларусь”. На раённы этап рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон-2013” было пададзена 12 работ з 9 устаноў адукацыі. У 7 школах працуюць факультатывы “Энергія і навакольнае асяроддзе”, “Азбука Берагошы”, “Асновы экалагічных ведаў”, “Я, энергія і навакольнае асяроддзе” і іншыя. Школьнікі Ляхавіччыны – актыўныя ўдзельнікі раённага і абласнога этапаў рэспубліканскага конкурсу творчых работ з другаснай сыравіны “Тэхнаэвалюцыя”. Па выніках абласнога этапу выхаванка цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Карына Салагуб адзначана дыпломам І ступені. Рабяты са Свяціцкай СШ прынялі актыўны ўдзел у конкурсе эпісталярнага жанру (па лініі “Белпошты”) “Чаму вада з’яўляецца каштоўнай крыніцай”. У маі для юных турыстаў і краязнаўцаў быў арганізаваны раённы злёт, прысвечаны Году беражлівасці.

Анатолій ЛУКАШЭВІЧ, начальнік РВЭС:

– У маі пасля капітальнага рамонту з рэканструкцыяй, сэрвісны цэнтр “Белтэлекама” гасцінна расчыніў дзверы для наведвальнікаў з цэнтральнага ўваходу. Тут у зручных умовах хутка і якасна можна атрымаць самыя сучасныя паслугі электрасувязі. Тым самым мы беражом час нашых наведвальнікаў. Група вопытных спецыялістаў дапаможа падабраць канкрэтнаму карыстальніку выгадны тарыфны план, прыме заяўку на ўстаноўку тэлефона – і ўсё ў адным месцы.

РВЭС працягвае мадэрнізавацца. Цяпер спецыялістам няма патрэбы штодня наведваць лінейны ўчастак, які размяшчаўся на вуліцы Кастрычніцкай. Ён перанесены ў адміністрацыйны будынак. Вось вам эканомія часу работнікаў, паліўных рэсурсаў і матэрыялаў. Падчас рамонту зроблена ўцяпленне ў гаражах, устаноўлены прыборы ўліку цяпла. І калі раней плацілі за аб’ём абаграваемага памяшкання, то цяпер толькі за выкарыс-таную энергію. Эканомія адчувальная, а, значыць, беражом уласныя грошы.

Для больш паспяховай і выніковай работы электрасувязістаў пастаянна клапоцімся пра іх бытавыя ўмовы, заўсёды пад кантролем і пытанні аховы працы. Абсталяваны пакой для адпачынку і прыёму ежы: кожны жадаючы можа пакінуць у халадзільніку стравы, прыгатаваныя дома, а падчас перапынку ў камфортных умовах паабедаць.

Ала БУБЕН:

– Задача педагога ў Год беражлівасці – сфарміраваць у дзяцей ашчаднае стаўленне да выкарыстання энергарэсурсаў, пачынаючы з дашкольнага ўзросту. Выхаванне клопату пра навакольнае асяроддзе, фарміраванне адказнасці, беражлівасці, гаспадарлівасці – гэтыя задачы паспяхова вырашаюцца ў Дараўскім ДС-СШ. Настаўнікі і выхавальнікі прымяняюць разнастайныя формы работы. Назвы гавораць самі за сябе: рэйд “Электрычная лямпачка”, інтэрактыўная гульня “У свеце беражлівых”, гутарка “Беражыце святло і ваду”, апытанне “Маленькая батарэйка – вялікія праблемы”…

Рабяты разам з дарослымі азелянялі школьную тэрыторыю і саджалі дрэвы на беразе ракі Шчара, рэстаўравалі кнігі ў школьнай бібліятэцы. Энергетычны патруль кантраляваў выкарыстанне вады, цяпла. Падчас эколага-працоўнай акцыі “Моладзь за чысціню горада і вёскі” нашы школьнікі сабралі і здалі 1630 кілаграмаў макулатуры, 190 – шкла, 2 тоны металалому, 20 кілаграмаў пластыку. Збіраць макулатуру рабятам дапамагалі і іх бацькі. Асабліва пастараліся сем’і Сяргея і Вольгі Пашко, Дзмітрыя і Наталлі Масалбасавай…

Важна, каб Год беражлівасці, які заканчваецца як каляндарны год, пакінуў у кожнага з нас усведамленне таго, што беражлівасць павінна стаць неад’емнай часткай жыцця. І што берагчы трэба не толькі жыццё, здароўе сваё і сваіх блізкіх, але і тое, што дапамагае ствараць камфорт вакол нас. І не трэба адкладваць на заўтра ці на наступны панядзелак, ці на “пасля новага года”. Эканоміць трэба ўжо сёння, каб заўтра жыццё было больш зручным і заможным.

Матэрыялы “круглага стала” падрыхтавала Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *