Чарговае пасяджэнне раённага савета па дэмаграфічнай бяспецы прайшло на гэтым тыдні ў Ляхавічах

«Пытанні жыццёвай важнасці».

Чарговае пасяджэнне раённага савета па дэмаграфічнай бяспецы прайшло на гэтым тыдні. Яно было прысвечана пытанням стварэння бяспечных умоў жыццядзейнасці насельніцтва, забеспячэння пастаяннага кантролю за ўтрыманнем вулічна-дарожнай сеткі, сацыяльна-эканамічнай падтрымкі сем’яў у сувязі з нараджэннем і выхаваннем дзяцей.

Па словах начальніка Ляхавіцкага РАНС Валерыя Равінскага, сёлета аўтаномнымі пажарнымі апавяшчальнікамі ў колькасці 331 штукі былі абсталяваны 280 дамоў, 111 АПА устаноўлены ў жыллі сацыяльна неабароненай катэгорыі грамадзян, прычым 91 – за сродкі раённага бюджэту, 84 – за кошт арганізацый пры выкананні капітальнага рамонту і рэканструкцыі шматкватэрных жылых дамоў. На жаль, 4932 кватэры і дамы ў раёне яшчэ не маюць апавяшчальнікаў. А ў многіх, дзе прыборы былі бясплатна ўстаноўлены, яны не працуюць. Гаспадары не лічаць патрэбным мяняць элемент сілкавання, падтрымліваць працаздольнасць прылады, якая (і гэта даказана жыццём) можа засцерагчы ад бяды. У той жа час актыўна ўкараняюцца тэхнічныя рашэнні па злучэнні АПА, устаноўленых у домаўладаннях, у адну сетку з суседнімі дамамі, перадачы сігналаў ад АПА на сігнальна-гукавое ўстройства. Сёлета 36 АПА ў дамах інвалідаў, адзінокіх пенсіянераў было выве-дзена на знешняе гукавое ўстройства. Гэта стала магчымым зноў жа за кошт бюджэтных сродкаў.

Саветам быў падрабязна прааналізаваны стан дарожнага руху і вулічна-дарожнай сеткі на тэрыторыі раёна і магчымасці іх удасканалення, арганізацыя работы РАУС па стварэнні бяспечных умоў жыццядзейнасці насельніцтва і прафілактыкі траўматызму.

Матэрыяльная падтрымка – немалаважны фактар пры вырашэнні дэмаграфічных праблем. Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Дзіяна Трысцень засяродзіла ўвагу прысутных на відах дапамог, якія выплачваюцца ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей”.

З пачатку гэтага года сума, выплачаная ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў якасці дапамогі сем’ям у сувязі з нараджэннем дзіцяці перавысіла 294 мільёны рублёў, а дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў дасягнула амаль 2,5 мільярда рублёў.

Дарэчы, дапамога на дзяцей, старэйшых за 3 гады, зараз распаўсюджваецца на асобныя катэгорыі сем’яў (у якіх выхоўваецца дзіця-інвалід; бацька праходзіць тэрміновую ваенную службу; бацькі – інваліды 1 і 2 групы і г.д). З пачатку года назначана 18 такіх дапамог і выплачана больш за 93 мільёны рублёў.

У бягучым годзе дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога выдзялялася па зваротах сем’ям, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей, у залежнасці ад велічыні сярэднедушавога даходу ў выглядзе штомесячнай ці аднаразовай сацыяльнай дапамогі. Магчымасцю атрымліваць першую скарысталіся 63 сям’і (мнагадзетныя, няпоўныя і сем’і з дзіцём-інвалідам) на агульную суму 240 мільёнаў рублёў; аднаразовую – 10 сем’яў, якім выплачана 23 мільёны рублёў. Адрасная сацыяльная дапамога выплачваецца і на набыццё падгузнікаў для інвалідаў, і на забеспячэнне прадуктамі харчавання дзяцей да 2 гадоў.

Па стане на 1 снежня дапамогу па доглядзе за дзіцём ва ўзросце да 3 гадоў ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама атрымліваюць 163 сям’і (45 дапамог назначана сёлета). Сума выплат з пачатку года склала амаль 2,5 мільярда рублёў.

Сума выплат дапамог у сувязі з нараджэннем 45 дзяцей сёлета перавысіла 294 мільёны рублёў.

З пачатку года назначана 18 дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, старэйшых за 3 гады. Выплаты склалі больш як 93 мільёны рублёў.

За 2013 год дапамога сем’ям у выглядзе бясплатнага харчавання для 161 дзіцяці да 2 гадоў абышлася бюджэту ў 318,5 мільёна рублёў.

Дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама назначаюцца асобам, якія ўплачваюць абавязковыя страхавыя ўзносы ў ФСАН самастойна; тым, хто працуе па грамадзянска-прававых дагаворах, прадметам якіх з’яўляецца аказанне паслуг, выкананне работ і стварэнне аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці; свяшчэннаслужыцелям і асобам, якія працуюць у рэлігійных арганізацыях; зарэгістраваным у якасці беспрацоўных і тым, хто праходзіць навучанне па накіраванні службы занятасці; асобам, якія працуюць у камерцыйных арганізацыях з сярэдняй колькасцю працуючых да 15 чалавек, у ІП і г.д.; непрацуючым асобам.

Па ўсіх разгледжаных пытаннях савет адрасуе даручэнні адказным службам .

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *