Мясцовыя дэтэктывы. Сёння прафесійнае свята адзначае беларуская міліцыя

Напрыканцы студзеня ў дзяжурную часць РАУС паступіла паведамленне, што ў Навасёлках Крывошынскага сельсавета з дачнага дома выкрадзена маёмасць. На месца здарэння выехала аператыўная група ў складзе супрацоўнікаў крымінальнага вышуку, райаддзела Следчага камітэта, эксперты. Высветлілася, што гаспадары каля месяца не былі на дачы, а калі вярнуліся, не знайшлі свой лясны трафей – рогі лася. Пад падазрэнне трапіў мясцовы жыхар. Але прызнавацца ён не спяшаўся. Ляхавіцкім аператыўнікам для ўстанаўлення ісціны давялося нейкі час збіраць факты і доказы, праводзіць апытанне насельніцтва і пацярпелых. У выніку віна вяскоўца была цалкам даказана.

Па прызванні
У службовых буднях супрацоўнікаў крымінальнага вышуку сустракаюцца розныя сітуацыі і выпадкі, калі трэба дакапацца да праўды, выкрыць зламысніка, адшукаць чалавека і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.
З 2015 года аддзяленне крымінальнага вышуку ўзначальвае Віталій Давідоўскі (на здымку), і для яго раённы аддзел унутраных спраў стаў першым і адзіным месцам службы. Тут праходзіў стажыроўку, сюды больш за два дзесяцігоддзі назад лейтэнантам прыйшоў пасля заканчэння Акадэміі МУС на пасаду оперупаўнаважанага.
– Тады начальнікам крымінальнага вышуку быў Аляксандр Бурбіцкі. Многаму ў яго навучыўся, спазнаў тонкасці службы. Давялося працаваць і з вопытнымі Генадзіем Савасцюком, Алегам Сакалоўскім, Віталіем Андрушкевічам, Анатоліем Ушко, Вадзімам Зубікам і іншымі, – Віталій Давідоўскі пералічвае ветэранаў падраздзялення.
Добра памятае Давідоўскі і сваю першую справу, калі стажорам расследаваў крадзеж у вясковым доме, дзе несуны пакінулі толькі сцены і вокны.

Выявіць і папярэдзіць
Галоўная задача оперупаўнаважаных крымінальнага вышуку – выявіць, спыніць і папярэдзіць злачынства, а таксама знайсці асоб, якія яго ўчынілі, асоб, якія хаваюцца ад праваахоўных органаў
і г. д.
Работа аператыўнікаў не падпарадкавана звычайнаму распарадку.
– Цябе могуць выклікаць на службу і ў выхадныя, і святочныя дні, нават у водпуску, падняць па трывозе. Але пры сапраўднай адданасці сваёй рабоце такі графік не выклікае праблемы. Галоўнае, каб разумелі тваю адсутнасць дома родныя. Крымінальны вышук – гэта лад жыцця, асаблівая атмасфера, дзе без падтрымкі адзін аднаго ніяк. На ўсіх падзяляецца і поспех, калі знаходзім зламысніка, і дапамагаем землякам упэўніцца ў сіле закону, – дзеліцца галоўны опер РАУС.

Каманда
Сёння калектыў крымінальнага вышуку – сем чалавек – спа-
лучэнне вопыту і маладосці. Старажылы – старшыя оперупаў-
наважаныя маёр міліцыі Андрэй Чаранкевіч і капітан міліцыі Дзмітрый Котаў. Летась перайшоў з унутраных войскаў і стаў сваім сярод ляхавіцкіх операў малодшы лейтэнант Максім Плюшчанка.
Большасць злачынстваў, над раскрыццём якіх даводзіцца
працаваць Давідоўскаму і яго калегам, – крадзяжы. Нягледзячы на прафілактыку, у 2022 годзе іх зарэгістравана 116 (у 2021 годзе 91). Узрасла колькасць крадзяжоў з кватэр і прыватных дамоў, асабліва ў сельскай мясцовасці. Але і павялічыўся ўзровень устанаўлення асоб, якія іх учынілі. За мінулы год аддзяленне крымінальнага вышуку завяршыла вытворчасць па 98 крымінальных справах, што на 26 больш, чым летась.
Поспех у выкрыцці аматараў забраць чужое залежыць ад многіх фактараў, падкрэслівае начальнік крымінальнага вышуку. Маюць значэнне камунікабельнасць, уменне знайсці агульную мову з насельніцтвам. Без яго падтрымкі раскрываць некаторыя злачынствы цяжка. У рабоце опера важныя цярпенне, вытрымка, уменне ўнікнуць у дробязі, адказнасць, інтуіцыя, нешаблонны погляд на сітуацыю.
Віталій Давідоўскі прыгадвае выпадкі з практыкі, калі гэтыя якасці адыгралі сваю ролю. У адной з вёсак раёна ў двух братоў, калі яны адсутнічалі, знікла з дома буйная сума грошай – выпадак цягнуў адразу на цяжкае злачынства. Папярэдне падазравалі мясцовага жыхара. Апытанне вяскоўцаў вынікаў не дало. У рабоце былі розныя варыянты, але падчас аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў выйшлі на ганцаўчаніна. Пазней ён прызнаўся ў крадзяжы
грошай.

Бяспека і ў інтэрнэце
Зараз супрацоўнікам падраздзялення даводзіцца шмат сутыкацца з кіберзлачыннасцю. Такія справы раскрываюцца цяжка, але часта і самі грамадзяне правакуюць зламыснікаў на незаконныя дзеянні. У адным з населеных пунктаў раёна пенсіянер даваў суседцы банкаўскую картку, каб яна купляла яму прадукты. А яна так адчула смак, што набывала рэчы і для сябе. Калі вясковец вырашыў зрабіць пакупкі самастойна, аказалася, што ў яго нулявы баланс.
У інтэрнэце ахвярамі становяцца не толькі землякі, але і жыхары іншых рэгіёнаў. Набываюць на гандлёвых пляцоўках тавар і пераводзяць грошы па рэквізітах. У выніку ні грошай, ні рэчаў. Бывае, што змяшчаюць аб’яву пра продаж, напрыклад, адзення. Адразу знаходзіцца «пакупнік», гатовы заплаціць за рэч. Зноў жа фігурыруюць даныя карткі і пацярпелыя ад дзеянняў зламыснікаў.
Нашы аператыўнікі ўстанаўліваюць зламыснікаў камп’ютарных афер, калі тыя з Беларусі, і накіроўваюць матэрыялы па месцы іх пражывання на дарасследаванне.

Па службе – пашана
Віталій Давідоўскі адзначае, што крымінальны вышук працуе ў цеснай звязцы з участковымі інспектарамі, следчымі райаддзела СК і экспертамі экспертна-крыміналістычнага сектара па Ляхавіцкім раёне. Менавіта сумесная дзейнасць дапамагае вылічыць патэнцыяльных зламыснікаў і раскрыць крымінальную справу.
Сёлета Віталію Давідоўскаму па выніках работы за 2022 год прысвоена ганаровае званне «Чалавек года» Ляхавіччыны.
Першы намеснік начальніка РАУС Віталій Чабатарэнка адзначае, што маёр міліцыі Давідоўскі – кваліфікаваны і аўтарытэтны, граматны і адказны кіраўнік падраздзялення. Ён з тых, на каго можна заўсёды разлічваць і быць упэўненым – не падвядзе.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.