Настрой з дыпломам. У Ляхавіцкім аграрным каледжы 43 выпускніка атрымалі дыпломы

Каледжскія будні з практычнымі заняткамі ў лабараторыях і вучгасе, работа ў будатрадах і цікавы сумесны адпачынак, хваляванне перад экзаменамі і размеркаванне на першае месца працы – усё засталося ў мінулым для 43 маладых спецыялістаў сельскай гаспадаркі: 32 заатэхнікаў і 11 плодаагароднікаў – першых сёлетніх выпускнікоў Ляхавіцкага аграрнага каледжа.

БОЛЬШ ФОТА ПА СПАСЫЛЦЫ

У апошні дзень зімы ў каледжы было і радасна, і сумна адначасова. Пад акампанемент маладосці ва ўрачыста-ўзрушанай атмасферы тут прайшоў развітальны выпускны баль. Прыгожыя юнакі і дзяўчаты ў цудоўным настроі спяшаліся на адну са значных падзей у сваім жыцці. У рэшце рэшт, у руках кожнага з іх доўгачаканы дакумент – дыплом, які пацвярджае, што яго ўладальнік кваліфікаваны спецыяліст сельскай гаспадаркі.
Асаблівым гэты дзень стаў для выдатнай чацвёркі. Выпускніцы аддзялен-ня плодаагародніцтва (дарэчы, усе жыхаркі Ляхавіцкага раёна) Ангеліна Масцілоўская, Вольга Івановіч, Аляксандра Федаровіч, а таксама заатэхнік Ілья Вашчылка атрымалі дыпломы з адзнакай. Хваляваліся і педагогі, у большай ступені тыя, хто на некалькі гадоў стаў для юнакоў і дзяўчат не проста выкладчыкам, але і добрым дарадчыкам, старэйшым сябрам і проста чалавекам, да якога можна ў любы момант звярнуца за парадай, – куратары груп Святлана Чакала, Тамара Юргель, Ірына Бурвель.
Нямала цёплых слоў у адрас выпускнікоў разам з пажаданнямі першых працоўных поспехаў і станаўлення ў прафесіі сказала дырэктар агракаледжа Ірына Прыступа-Юнік. Таксама яна падзякавала педагогам, якія давалі навучэнцам не толькі неабходныя веды, але і клапаціліся пра сваіх падапечных.
Уручэнне дыпломаў, віншаванні, кветкі – усё гэта для выпускнікоў-агракаляджан стала ўжо чарговай старонкай гісторыі іх жыцця. А праз некалькі тыдняў маладыя спецыялісты-аграрыі адправяцца на сваё першае працоўнае месца ў розныя сельгаспрадпрыемствы краіны.
Дарэчы, сёлета ў ЛАКу выпускны баль будзе яшчэ двойчы: напрыканцы сакавіка для аграномаў, у красавіку – для маладых спецыялістаў ветэрынар-най медыцыны.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.