Задача – аб’яднанне. Дэлегацыя з Ляхавіцкага раёна прыняла ўдзел у выбарнай канферэнцыі абласной арганізацыі РГА «Белая Русь»

У мінулую пятніцу дэлегацыя з Ляхавіцкага раёна прыняла ўдзел у выбарнай канферэнцыі абласной арганізацыі РГА «Белая Русь».

На парадку дня – перавыбары старшыні абласной арганізацыі, выбары Савета і прэзідыума. Узначаліў абласную арганізацыю начальнік Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі Мікалай Сопат, за якога члены «Белай Русі» прагаласавалі аднагалосна.
Новы старшыня абласной арганізацыі сярод важных задач сваёй дзейнасці назваў і стварэнне новай палітычнай партыі «Беларуская партыя «Белая Русь» і аб’яднанне людзей у яе радах. Праект праграмы новай палітычнай партыі зараз актыўна абмяркоўвае насельніцтва. Старшыня пярвічкі райвыканкама раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Марына Завадская, якая ў складзе дэлегацыі прыняла ўдзел у абласной выбарнай канферэнцыі, падзялілася сваім меркаваннем наконт праекта праграмы:
– Тое, што абмеркаванне праграмы праходзіць адкрыта і кожны можа ўнесці свае прапановы ці дапаўненні ў праект, падкрэслівае, што рады новай палітычнай партыі будуць адкрыты для ўсіх актыўных і нераўнадушных.
Кожны з пяці раздзелаў праграмы абгрунтавана падкрэслівае яе сацыяльна-эканамічную арыентава-насць. Напрыклад, у раздзеле «Дабрабыт грамадзян» выкладзена, што сярод іншага ў сацыяльнай сферы партыя «Белая Русь» адстойвае развіццё інфраструктуры ў сельскай мясцовасці, узмацненне эпідэміялагічнай бяспекі і зніжэнне ўзроўню захворвання насельніцтва, а таксама стварэнне роўных магчымасцяў для рэалізацыі жыццёвых мэт усіх грамадзян за кошт вынікаў уласнай працы. І гэтым фарміруе адказнасць за ўласны дабрабыт.
Нагадаем, што ўстаноўчы з’езд палітычнай партыі «Белая Русь» пройдзе 18 сакавіка.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.