Разбурыў? Прыбяры. Нязручнасці стварае яма на Савецкай. У чым справа, высвятляў «ЛВ»

На гарачую лінію «ЛВ» звярнуўся абураны жыхар райцэнтра, які паскардзіўся на тое, што яшчэ летась на ўчастку дарогі па вуліцы Савецкай каля аднаго з прыватных дамоў доўгі час застаецца яма, якая небяспечна і людзям, і аўтатранспарту. Карэспандэнты ўпэўніліся: праблема мае месца.

За каментарыямі «ЛВ» звярнуўся ў аддзел архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама, на які ўскладзены кантроль за правядзеннем земляных работ у райцэнтры.

Тут растлумачылі: адзін з домаўладальнікаў праводзіў сеткі газазабеспячэння да свайго прысядзібнага ўчастка сіламі Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння. Пасля завяршэння работ супрацоўнікі газавай службы свой участак добраўпарадкавалі, правялі аднаўленчыя работы. А вось гаспадар у зоне сваёй адказнасці так і не навёў парадак.

Сітуацыю пракаменціравала начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына ЗАВАДСКАЯ:
– З верасня 2022 года прыняты змяненні ў ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур па заявах грамадзян. Цяпер для атрымання дазволу на правядзенне раскопак на вуліцы, у двары ці іншых землях агульнага карыстання грамадзянін павінен звярнуцца ў райвыканкам і разам з заявай прадаставіць шэраг неабходных дакументаў. Рашэнне выдаецца бясплатна, максімальны тэрмін ажыццяўлення адміністрацыйнай працэдуры пяць дзён пасля падачы заявы. Згодна з артыкулам 22.11 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, правядзенне без адпаведнага дазволу раскопак вуліц, плошчаў, двароў, іншых земляў агульнага карыстання, адсутнасць агароджы ў месцах правядзення раскопак ці неналежнае іх утрыманне, як і непрыняцце мер па прывядзенні раскопак у парадак ва ўстаноўленыя тэрміны прадугледжаны штраф у памеры ад пяці да дзесяці базавых велічынь фізічнай асобе,
ад 10 да 25 БВ – індывідуальнаму прадпрымальніку, ад 20 да
50 БВ – юрыдычнай асобе.

Таксама Марына Завадская адзначыла, што КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», у зоне адказнасці якой знаходзяцца гарадскія вуліцы, выдавала прадпісанні на ўхіленне праблемы гаспадару гэтага дома. Аднак праблема так і не вырашана. Цяпер аналагічнае прадпісанне выдадзена аддзелам архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама. Калі і пасля гэтага аднаўленчыя работы не правядуцца, домаўладальнік будзе прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.