Гаспадар-выдатнік. Кіраўнік ААТ «Нача» Ляхавіцкага раёна адзначае юбілей

Ён родам з вёскі, бязмежна любіць вясковыя матывы, шмат сіл, увагі, клопату аддае сельскай гаспадарцы. Ён – наш зямляк, ураджэнец Набярэжнай, дырэктар ААТ “Нача”. Мікалай Тарлюк – прыклад сціпласці, чалавек, які заўжды трымае дадзенае слова, кіраўнік, дзякуючы якому “Нача” на працягу многіх гадоў паказвае дастойныя вытворчыя вынікі. Сапраўдны патрыёт сваёй краіны, які з гонарам і пашанай гаворыць пра Радзіму.

Дырэктар гаспадаркі Мікалай Тарлюк.

У паслужным спісе нашага земляка нямала ўзнагарод, грамат і падзячных пісьмаў розных узроўняў. Але ёсць асаблівая ўзнагарода – медаль “За працоўныя заслугі”. Разам з камандай наш зямляк здолеў паставіць калісьці адстаючую гаспадарку на трывалыя рэйкі стабільнага развіцця, пастаяннага вытворчага росту. Што ў сваю чаргу, адпаведна, істотна паўплывала на рост дабрабыту вяскоўцаў – усіх, хто працуе ў “Начы”. Сёння начаўцы па праве могуць ганарыцца: яны жывуць і працуюць у адной з лепшых, эканамічна стабільных гаспадарак раёна.
Наш Сямёнавіч (так з павагай вяскоўцы называюць кіраўніка сельгаспрадпрыемства) – чалавек патрабавальны, але справядлівы. Сам усё робіць з аддачай і таго патрабуе ад іншых. Заўжды адзначае: поспехі “Начы” – гэта заслуга вялікай і зладжанай каманды адкрытага акцыянернага таварыства.
Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. Уся працоўная біяграфія Мікалая Тарлюка звязана з Ляхавіччынай. Пачынаў са слесара на племзаводзе “Ганчароўскі”, потым больш за дзесяцігоддзе шчыраваў на інжынерных пасадах у калгасе “Беларусь”. А з 1997 года пачалася непарыўная працоўная сувязь Мікалая Тарлюка з Начай. Шэсць гадоў ён узначальваў племзавод “Нача” і крыху больш – Начаўскі сельвыканкам. Потым Мікалай Тарлюк зноў вярнуўся дырэктарам сельгаспрадпрыемства “Нача”.
Шчаслівы той, хто шчаслівы ў сябе дома. Гэта таксама пра Мікалая Тарлюка. З жонкай Галінай жывуць у згодзе больш за тры дзесяцігоддзі, выгадавалі сына і дачку. А цяпер галоўная радасць для бабулі і дзядулі – чатырохгадовая ўнучка Лерка.
Днямі Мікалай Тарлюк адзначыў 60-гадовы юбілей. “ЛВ” далучаецца да шматлікіх віншаванняў і жадае шаноўнаму земляку моцнага здароўя, новых працоўных дасягненняў, шчасця, дабрабыту, і няхай збываюцца самыя запаветныя мары.
Галіна КАНЬКО.