Будаваць і ўмацоўваць краіну на фундаменце патрыятызму. «ЛВ» пацікавіўся ў старшыні Ляхавіцкага райвыканкама вынікамі і планамі ў жыцці раёна

Мінулы год для Ляхавіччыны стаў у многіх планах вызначальным. Шмат атрымалася выканаць, многія вынікі пераўзышлі чаканні, ёсць моманты, над якімі яшчэ варта працаваць. З якімі планамі пачалі 2023-і? Што атрымалася ў мінулым годзе? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні – у інтэрв’ю «ЛВ» са старшынёй Ляхавіцкага райвыканкама Мікалаем Марозам.

Мінулы год па праве можна назваць годам яркіх падзей, дасягненняў і адкрыццяў. Захаванне гістарычнай праўды стала стрыжнем леташніх сюжэтаў. Якім Год гістарычнай памяці стаў для нашага раёна?

– Адной з важнейшых падзей 2022 года для нас, нашай рэспублікі стаў, канешне, рэферэндум. Мы галасавалі за абноўленую Канстытуцыю. Словы падзякі – усім ляхавічанам за высокую грамадзянскую актыўнасць. Мы годна выканалі свой грамадзянскі абавязак. Беларусы назаўсёды застануцца вернымі тым арыенцірам, якія заклалі нашчадкі-вызваліцелі. Май пачаўся са святкавання 77-й гадавіны Ляхавіччынай Дня Перамогі. Важна, што свяшчэннае месца для ляхавічан – Курган вечнай Славы – абнавіўся. Там адбыліся маштабныя будаўнічыя работы па рэканструкцыі, а працоўныя калектывы прадпрыемстваў і арганізацый працавалі над навядзеннем парадку і чысціні. Гэта наш абавязак – захаваць памяць, зберагчы мір. Канешне, важна, што Ляхавіччына таксама працягвае запаўняць белыя плямы ў гісторыі генацыду беларускага народа. Непадалёку вёсак Новыя Буды і Куршынавічы праводзіліся пошукавыя работы. Былі знойдзены астанкі расстралянага мірнага насельніцтва. Падчас мітынгу-рэквіема астанкі расстраляных жыхароў перапахаваны ў брацкай магіле па вуліцы Заходняй у райцэнтры. Таму Год міру і стварэння – лагічны працяг, дзе ў аснове – вернасць мірным традыцыям, жаданне будаваць і ўмацоўваць краіну на фундаменце патрыятызму.

– Як спрацавала эканоміка раёна з улікам палітычна-эканамічных выклікаў 2022 года, шэрага падзей, якія тым ці іншым чынам паўплывалі на эканоміку краіны ў цэлым?

– Канешне, асновай дабрабыту грамадзян з’яўляецца эканоміка.
І, нягледзячы на напружаны і ў палітычным, і ў эканамічным планах мінулы год, эканоміка Ляхавіцкага раёна спрацавала без страт. Сярэднямесячная зарплата вырасла на 14,6 працэнта. Важна, што не дапушчаны і рост узроўню беспрацоўя.

– Вядучая роля ў эканамічнай дзейнасці раёна належыць сельскай гаспадарцы. Наш раён – аграрны. Ці можна гаварыць, што 2022 год стаў у многіх планах рэкордным для сельскагаспадарчай галіны Ляхавіччыны?

– Ляхавіцкі край – раён з вялікім патэнцыялам. Лічу, што мінулагоднія лічбы павінны нарастаць з улікам існуючых рэзерваў. Канешне, у 2022 годзе дасягнуты пэўныя станоўчыя зрухі, што стварылі базу для далейшага развіцця аграпрамысловага комплексу раёна. Галоўным вынікам зладжанай работы аграрыяў з’яўляецца тое, што Ляхавіцкі раён прызнаны пераможцам абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур у 2022 годзе. У «бронзавых» пераможцах і СВК «Ляхавіцкі», на абласных спаборніцтвах адзначаны працаўнікі ААТ «Жарабковічы» Сяргей Бурак, Георгій Жук, Уладзімір Баўтрукевіч, Віктар Лойка, Аляксандр Пілецкі, СВК «Ляхавіцкі» – Аляксандр Патаповіч.
Вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў супастаўных цэнах да 2021 года склала 107,9 працэнта (пры заданні 102,6 працэнта). Вырасла вытворчасць малака (102,2 працэнта) і яго сярэдні ўдой ад каровы (103,5 працэнта). Забяспечаны рост прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы ў жывой вазе (102,6 працэнта).
На 2023-і пастаўлена задача павялічыць на тры працэнты вытворчасць валавой прадукцыі.
Варта адзначыць, што за мінулы год у гаспадаркі раёна паступіла больш за 50 адзінак новай тэхнікі. А гэты складнік, лічы, базавы ў формуле паспяховай ураджайнасці і не толькі.

– Чытачы раёнкі назіралі за падзеямі ў жывёлагадоўлі. Прыемнымі навінамі былі наваселлі ў ААТ «Жарабковічы» і СВК «Ляхавіцкі», дзе пачалі работу новыя малочнатаварныя фермы. Ці чакаецца гэты год такім жа багатым на адкрыцці?

– Яшчэ ў мінулым годзе пачалося будаўніцтва дзвюх новых малочнатаварных фермаў. У ААТ «Нача» плануецца адкрыццё МТФ на 480 галоў з даільна-малочным блокам, ААТ «Шлях новы» рыхтуецца да адкрыцця фермы ў Літве на 640 галоў. За кошт і сродкі інвестара ў сакавіку запрацуе ферма ў Ліпску, дзе ўжо размешчана 500 галоў буйной рагатай жывёлы.

Якім быў для прамысловасці раёна мінулы год?

– У 2022 годзе прамысловымі прадпрыемствамі раёна праводзілася тэхнічнае перааснашчэнне, пашырыўся і пералік выпускаемай прадукцыі. Аб’ём вытворчасці прадукцыі ў супастаўных цэнах за 2022 год вырас на 11,3 працэнта (пры заданні росту на тры працэнты). У гэтым годзе асноўная задача – павялічыць аб’ёмы вытворчасці прадукцыі на 3,5 працэнта. За гэтым стаіць і павелічэнне фінансавай устойлівасці, эфектыўнае выкарыстанне вытворчага патэнцыялу, укараненне новых тэхналогій. Немалаважныя і кадравы складнік, падрыхтоўка і прыцягненне працоўных рэсурсаў.

– Наколькі моцна на эканоміку рэгіёна паўплывала санкцыйная палітыка краін ЕС?

– У 2022 годзе мы працавалі на далейшае пашырэнне экспарту, забеспячэнне збалансаванасці знешнегандлёвых аперацый. Аднак першае паўгоддзе мінулага года, калі санкцыйны націск быў асабліва адчувальны, прадпрыемствы раёна працавалі над пераарыента-
цыяй экспарту ў Расію, Азербайджан, Таджыкістан, Казахстан і іншыя дружалюбныя нам краіны. Санкцыі – час магчымасцей, гэта неаднойчы падкрэсліваў Прэзідэнт. Таму нашы прадпрыемствы працавалі і працягваюць знаходзіць новыя гандлёвыя пляцоўкі, прапрацоўваць невядомыя дагэтуль рынкі збыту. Нягледзячы на санкцыі, у мінулым годзе нам атрымалася павялічыць экспарт тавараў па раёне на 10,3 працэнта.
У гэтым годзе плануем павялічыць экспарт тавараў на 5,5 працэнта.

Якасць і даступнасць жылля, транспартная камунікацыя і камунальная інфраструктура – фактары, якія значна ўплываюць на ўзровень жыцця насельніцтва. Чым вызначылася будаўнічая сфера ў 2022-м?

– Сто працэнтаў ад гадавога задання выканана: у эксплуатацыю ўведзена 4 500 квадратных метраў агульнай плошчы жылых дамоў. І ў сельскай мясцовасці, і ў рацэнтры на працягу года з’яўляліся зручныя зручнасці. У эксплуатацыю ўведзена станцыя абязжалезвання ў Галаўнінцах, вонкавае асвятленне з’явілася па вуліцы Арлоўскага. Урачысты старт дадзены рабоце новай кацельні на мясцовых відах паліва ў райцэнтры. Увага газіфікацыі населеных пунктаў: у эксплуатацыю ўведзена амаль 22 кіламетры газаправоду. І гэта толькі пачатак.

Большасць тэм, з якімі звяртаюцца чытачы на гарачую лінію «ЛВ» ці ў сацыльных сетках газеты, – добраўпарадкаванне дарожнага пакрыцця горада і раёна. Якія стаяць планы ў гэтым накірунку на 2023-і?

– Заўжды ў гэтым пытанні ўсё ўпіраецца ў фінансаванне. Многія нашы дарогі патрабуюць увагі, але ж зрабіць усё адразу не атрымаецца.
У мінулым годзе ў рамках выдзеленага фінансавання адрамантавалі-аднавілі 14,3 кіламетра дарог. Нямала запланавана і на гэты год. Сёння варта ўлічваць той факт, што прыступіць да рамонтных работ можна будзе толькі пры адпаведных умовах надвор’я. Сёлета, напрык-
лад, будзе заасфальтавана частка прамой дарогі паміж Ляхавічамі і Ганцавічамі. На гэта выдзелена Br2,5 мільёна. Па гэтым адрасе неаднойчы гучалі прапановы і заўвагі землякоў. Прапрацуем і дарогу на Падбарочча. Планаў шмат, але тут важна разумець, што адразу ўсе дарогі не добраўпарадкуеш.

Чым адзначылася сацыяльная сфера ў мінулым годзе?

– Канешне, кіраўніцтва раёна імкнецца будаваць горад, у якім хочацца жыць, ствараць сем’і, працаваць. Горад, у якім маладым кадрам хочацца замацавацца. Прыемна, што на Ляхавіччыне павялічваецца колькасць сем’яў, у якіх нарадзілася другое, трэцяе, чацвёртае дзіця. Наша дзяржава – сацыяльна арыентаваная, у цэнтры ўвагі – чалавек, якасць жыцця. Сацыяльная сфера ў 2022-м развівалася сістэмна і дынамічна. Своечасова і ў поўным аб’ёме фінансавалася выплата пенсій, дапамог, адраснай дапамогі, не дапушчана запазычанасці па заработнай плаце. Спартыўная і адукацыйная сферы радавалі высокімі паказчыкамі, перамогамі на спаборніцтвах і конкурсах розных узроўняў. На выніковай калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама аддзел па адукацыі райвыканкама за высокія паказчыкі ў развіцці адукацыі па выніках работы за 2022 год узнагароджаны дыпломам І ступені.
Зразумела, каб выхаваць спартсменаў, важная, у тым ліку, і аснашчанасць. Даспадобы юным спартсменам адрамантаваныя бегавыя дарожкі на стадыёне «Колас». Цэнтр дзіцячага крэатыву ў мінулым годзе пасяліўся ў абноўленым будынку цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Дзеці – гэта наша будучыня, таму ўсё самае лепшае – ім, творчым, спартыўным, разумным юным зорачкам Ляхавіччыны.

Якія формы зваротнай сувязі запатрабаваны ў ляхавічан?

– Варта адзначыць, што жыхары раёна – людзі нераўнадушныя. Заўжды паступаюць пытанні падчас работы прамых ліній кіраўнікоў раёна і намеснікаў старшыні райвыканкама, пытанні вырашаюцца і падчас асабістых прыёмаў грамадзян. Асабліва хацелася б
адзначыць эфектыўнасць сходаў па вырашэнні мясцовых пытанняў. Сёлета, як і ў мінулым годзе, мы сустрэліся з жыхарамі ўсіх сельсаветаў, многія пытанні вырашаліся адразу, ёсць сітуацыі, якія на кантролі і патрабуюць вывучэння. У такой справе галоўнае –пачуць кожнага, фармальныя падыходы да работы з насельніцтвам непрымальныя. Дыялог «улада – насельніцтва» павінен быць даверлівым і бесперапынным.

– Прынцыпы, з якімі прыступілі  да работы ў 2023 годзе?

– Па-першае, хочацца сказаць, што ў нас шмат задач, якія варта вырашыць. У кожнай сферы свае – планы, лічбы, шляхі рэалізацыі. Работа вертыкалі ўлады будзе сканцэнтравана на вырашэнні праблем жыццезабеспячэння ўсіх катэгорый насельніцтва, захавання стабільнай сітуацыі ў грамадстве, фарміравання і замацавання пазітыўных адносін да традыцыйных сямейных якасцяў і здароўя. Прыярытэтнай задачай застанецца і навядзенне парадку на зямлі і добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Сёння важная аддача кожнага на сваім працоўным месцы – ад кіраўніка да спецыяліста, варта ўсведамляць сваё дачыненне да сённяшняга дня і будучыні нашай краіны, нашай Ляхавіччыны. Нам вырашаць, у якой краіне жыць, нам умацоўваць нашу незалежную Беларусь.

Гутарыла Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.