Развітанне з Годам беражлівасці для ляхавіцкіх камунальнікаў не азначае развітанне з беражлівасцю

«Капейка рубель беражэ».

Аператар квартальнай кацельні Сяргей Лябедзіч і майстар Аляксандр Новікаў.

Хутка развітаемся з Годам беражлівасці, што зусім не азначае развітанне з беражлівасцю. Застаецца надзвычай актуальнай тэма ашчаднасці ў выкарыстанні энергетычных, цеплавых, водных, іншых матэрыяльных і нематэрыяльных рэсурсаў. Год беражлівасці, думаецца, даў на гэта добрую дадатковую ўстаноўку. І ў свядомасці кожнага з нас, і што тычыцца абнаўлення неэфектыўнай аснасткі і абсталявання на механізмы новай “хвалі” энерга-, матэрыяласпажывання.

КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” – прадпрыемства шматпрофільнае. Сэканомленае на нейкім з участкаў, у асобным падраздзяленні на капейку і памножанае на маштаб усёй жыллёва-камунальнай гаспадаркі адгукнецца паўнацэнным рублём. Пытанні граматнага расходавання электрычнасці, цяпла, паліўных рэсурсаў, вады знаходзяцца там пад пастаянным кантролем, аналізуюцца на прадмет магчымага не ва ўрон якасці аказання паслуг скарачэння спажывання. Адсочваецца новае і перадавое ў галіне профільных тэхналогій, тэхніцы, арганізацыі работ, кіраванні працэсамі. Год беражлівасці стаў, магчыма, знакавым, але імкненне эканоміць для камунгасаўцаў – старая практыка.

Ажыццяўляецца штодзённы кантроль паказанняў прыбораў уліку расходу электраэнергіі, вады. Далей – параўнанне фактычных расходаў з зацверджанымі нарматывамі. У выпадку фіксацыі дадатковых уцечак – пошук слабых звенняў і месц, карэкціроўка і рэгуліроўка. Заўважаныя “мокрыя месцы” на каналізацыйных і водаправодных сетках лакалізуюцца адразу ж.

Параметры электрычнага току – яго сіла, напружанне – таксама штодзённы клопат спецыялістаў.

Зніжэнне ўдзельных норм расходу электраэнергіі дасягаецца, у тым ліку, за кошт устаноўкі энергаэфектыўнага помпавага абсталявання. На артсвідравінах працуюць прыстасаванні, што забяспечваюць раўнамернасць работы электрарухавікоў, дазваляюць пазбягаць пускавых токаў, якія, як ведаем, шматразова перавышаюць рабочыя. За студзень-лістапад 2013-га на кацельнях ЖКГ заменена 14 помпаў. У Жарабковічах, у прыватнасці, неэканамічныя, з нізкім ККД катлы плануецца замяніць на больш эфектыўныя ў 2014 годзе. Выканана таксама замена трох цеплаабменнікаў, 6400 метраў трубаправодаў замест запланаваных папярэдне 4700. А, напрыклад, замена дымасоса на кацельні Крывошынскай псіхбальніцы дала эканомію ў 6,5 кВт-г; электрарухавіка дымасоса на квартальнай кацельні – 33 кВт-г. Адно да другога – і толькі за 9 месяцаў года эканомія электраэнергіі склала 103 тысячы кВт-г.

Многае зроблена і ў плане павелічэння тэрмасупраціўлення канструкцый прамысловых і жылых будынкаў. Работы праведзены на плошчы больш як 2,5 тысячы метраў квадратных.

За абслугоўваннем новага энергаэфектыўнага электрарухавіка электраманцёр Ігар Ракуць.

Выкарыстанне другаснай сыравіны – таксама адзін з важных момантаў эканоміі рэсурсаў – як матэрыяльных, так і энергетычных. У гэтым прысутнічае яшчэ і вялікай важнасці экалагічны складальнік. Удзельнічаючы ў выкананні дзяржаўнай праграмы нарыхтоўкі другаснай сыравіны на 2009-2015 гады, ляхавіцкія камунальнікі справіліся ўжо з гадавым заданнем па зборы макулатуры, палімерных адходаў, тэкстылю, металічнага лому, зношаных шын. Па розных пазіцыях выкананне склала ад 100,2 да 133 працэнтаў. Акрамя высокай асабістай актыўнасці работнікаў ЖКГ, збор другаснай сыравіны наладжаны, у тым ліку і дзякуючы ўстаноўленым у розных кропках тэрыторыі кантэйнераў для асобных відаў адходаў. У прыватнасці, паасобны збор арганізаваны ў сельскай мясцовасці, садаводчых і гаражных кааператывах. Не застаецца па-за ўвагай і адслужыўшая сваё складаная бытавая тэхніка, прыборы, што ўтрымліваюць іртуць.

Капейка да капейкі – дадатковы рубель на рахунак Ляхавіцкай ЖКГ, які можна ўкладваць у далейшае развіццё вытворчасці і ўдасканаленне якасці паслуг.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея  ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *