Армейская кампанія. Прызыў на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве ў 2022 годзе абмеркавалі падчас апаратнай нарады ў старшыні Ляхавіцкага райвыканкама

У адасобленай групе Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята г. Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў зараз прызыўнікі праходзяць медыцынскі агляд і вызначэнне катэгорыі годнасці да ваеннай службы. Хутка многія з іх адправяцца выконваць канстытуцыйны абавязак ва Узброеныя Сілы Беларусі.

Як прайшоў у раёне прызыў на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве ў 2022 годзе, абмеркавалі падчас апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама ў мінулы панядзелак.
Арганізацыя і правядзенне мерапрыемстваў па першапачатковым прыёме грамадзян на воінскі ўлік, падрыхтоўка грамадзян па ваенна-тэхнічных спецыяльнасцях і многае іншае – сярод задач улікова-прызыўнай работы, якую праводзіць адасобленая група сумесна з мясцовымі распарадчымі органамі. Летась за вясенні і асенні прызывы прайшлі прызыўную камісію амаль тры сотні юнакоў, з якіх у адносінах больш як 70 чалавек прынята рашэнне аб прызыве на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве, больш за сотню нашых землякоў атрымалі на час навучання адтэрміноўку, адзначыў начальнік адасобленай групы Ляхавіцкага раёна Арцём Кірута. Дарэчы, сярод тых, хто атрымаў павестку, ёсць і такія, хто не прыбыў на прызыўны ўчастак. Райаддзел СК у адносінах двух чалавек узбудзіў крымінальную справу і праводзіць расследаванне.
Юнакі з Ляхавіччыны, якія адпраўляліся ў армію вясной і восенню
2022 года, нясуць службу ва Узброеных Сілах, транспартных і ўнутраных войсках, органах пагранічнай службы. Некаторыя з іх прыняты на ваенную службу па кантракце ці ў сілавыя структуры. Меры, прадугледжаныя рашэннем райвыканкама, садзейнічалі паспяховаму правядзенню прызыву юнакоў на тэрміновую ваенную службу.
Сёлета 12 выпускнікоў школ мэтанакіравана вырашылі звязаць свой
прафесійны шлях з арміяй і падалі адпаведную заяву ў адасобленую групу Ляхавіцкага раёна. Папярэдне перад паступленнем у ваенныя навучальныя ўстановы ім неабходна прайсці медагляд.
Падчас сёлетняй прызыўной кампаніі ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь адправяцца служыць больш за 50 нашых землякоў. Геаграфія іх армейскага шляху будзе, як і заўсёды, у розных рэгіёнах краіны.
Арцём Кірута агучыў і праблемы,  з якімі сутыкаюцца супрацоўнікі
адасобленай групы падчас прызыўной кампаніі.
Старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч звярнуў увагу на прадастаўленне значнай колькасці адтэрміновак для атрымання
вышэйшай адукацыі і пацікавіўся, як далей узаемадзейнічаюць на гэты конт ужо з дыпламаванымі спецыялістамі.
На апаратнай нарадзе размова ішла і пра арганізацыю ваенна-патрыятычнага выхавання ў школах раёна, пра прафесійныя якасці, якімі павінны валодаць кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні навучэнцаў, узняты былі і іншыя тэмы.
– Радзіму абараняць – святая справа. Кожны мужчына незалежна ад узросту павінен умець трымаць зброю і ў выпадку неабходнасці стаць на абарону сваёй Айчыны, свайго дома і родных, – рэзюмаваў кіраўнік раёна Мікалай Мароз.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.