Выніковыя складнікі экстраважкіх надояў. Калектыў МТФ «Галаўнінцы» ЗАТ «Белпрампрыбор» занесены на раённую Галерэю славы

Па выніках работы за мінулы год калектыў МТФ «Галаўнінцы» ЗАТ «Белпрампрыбор» занесены на раённую Галерэю славы.

Каторы год запар у Ляхавіцкім раёне самыя важкія і якасныя надоі ад кожнай каровы – у ЗАТ «Белпрампрыбор» і СВК «Ляхавіцкі». Прычым «Белпрампрыбор» пакуль адзінае сельгаспрадпрыемства, адкуль малако прадаецца выключна гатункам экстра. Выдатныя вытворчыя паказчыкі паказваюць на дзвюх МТФ – «Галаўнінцы» (загадчык Галіна Дубовік) і «Бенькаўцы» (загадчык Надзея Патапчык).

Здаровае саперніцтва на карысць агульнага выніку – пры высокай якасці расце надой на карову, малочны вал. Унушальныя працоўныя перамогі не засталіся незаўважанымі. Па выніках мінулага года калектыў МТФ «Галаўнінцы» занесены на раённую Галерэю славы.
«ЛВ» пацікавіўся, як сёлета ідуць справы ў гэтым падраздзяленні «Белпрампрыбора», і карэспандэнты раёнкі адправіліся ў сталіцу сёлетніх раённых «Дажынак» – Галаўнінцы.
– Штодня пачынаем дойку з чатырох гадзін раніцы. У асноўным усё падрыхтавана з вечара, каб адразу прыступіць непасрэдна да дойкі. Пасля таго, як аператары машыннага даення справіліся са сваімі абавязкамі, на змену ім прыходзяць жывёлаводы: кормяць кароў, прыбіраюць, наводзяць парадак. Усяго тут працуе 20 чалавек, яны клапоцяцца пра 311 дойных рагуль, 112 цялушак, а таксама даглядаюць 276 цялят, – расказвае памочнік загадчыка фермы Святлана Зубік.


Мінулы год для «Галаўнінцаў» стаў багатым у плане перааснашчэння. Адрамантаваны будынак, дзе ўтрымліваюцца каровы, устаноўлены новыя вокны і, самае галоўнае, поўнасцю заменена даільнае і іншае абсталяванне, што значна аблегчыла працу жывёлаводаў. Таксама пабудаваны новы цялятнік. Усё зробленае, як і набыццё абсталявання, ажыццяўлялася за ўласныя сродкі прадпрыемства. Будаўніча-рэканструкцыйныя работы прадоўжацца і сёлета.
– Усё гэта паспрыяла паляпшэнню ўмоў працы, павышэнню вытворчых вынікаў. Напрыклад, сярэдні надой на адну карову ў першай палове 2022 года складаў 22 кілаграмы, а сёлета ўжо атрымліваем 23 кілаграмы. Статак пераведзены на беспрывязнае ўтрыманне, у чым таксама нямала плюсаў. Акрамя таго, на агульны станоўчы вынік паўплывала і тое, што летась гаспадарка дастойна спрацавала на нарыхтоўцы кармоў: назапасілі больш за
40 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. У рацыёне асартымент камбікармоў, шрот, імкнёмся разнастаіць меню для жывёлы, – адзначае галоўны заатэхнік «Белпрампрыбора» Ігар Маныла, чый працоўны стаж у гэтым сельгаспрадпрыемстве 23 гады.
Пяць аператараў машыннага даення двойчы на дзень спяшаюцца да рагуль, каб падаіць, паклапаціцца, папесціць. Тон задае лепшы
аператар машыннага даення Жанна Собаль, якая за суткі надойвае ад сваіх 160 кароў у сярэднім 4 200 кілаграмаў малака.
– Да кожнай каровы патрэбны індывідуальны падыход – гэта пацверджана часам і асабістым вопытам. У нас зладжаны калектыў, дапамагаем адзін аднаму. Дзякуй кіраўніцтву сельгаспрадпрыемства, што на ферме новае абсталяванне, умовы працы сталі значна лепшымі. Расце і заработная плата, – расказвае Жанна Собаль.
Дарэчы, многія работнікі фермы жывуць у Шчэрбаве, Бенькаўцах, Каўпаках і іншых вёсках, але гэта не перашкаджае ім прыязджаць на працоўнае месца да чатырох гадзін раніцы. Гэта гаворыць пра адказнасць, добрасумленнасць тутэйшых работнікаў.
Пра тое, каб статак быў своечасова накормлены, каб у стойлах і ўвогуле на ферме было чыста, дбаюць даглядчыкі Эдуард Куніцкі і Віталій Зубік.


Клопат пра падрастаючае рагуліна папаўненне – зона адказнасці цялятніц Ліліі Сельмановіч і Святланы Слабкевіч. Па словах намесніка дырэктара па жывёлагадоўлі «Белпрампрыбора» Святланы Рабцэвіч, у добрых працоўных выніках, якія з году ў год паказвае МТФ «Галаўнінцы», немалая заслуга і гінеколагаў-асемянатараў Аляксандра Кожана, Яўгенія Філічкіна, ветэрынарнага ўрача Валянціна Машэя.
– Увогуле, што на «Галаўнінцах», што на «Бенькаўцах» большасць работнікаў – працавітыя, добра спраўляюцца са сваімі абавязкамі. Найбольш паспяховыя вынікі паказваюць перадавікі – Валянціна Дзянішчык, Галіна Патапчык, Фёдар Адуеў, Алена Чэшка, Марыя Адуева, Ала Казлоўская, Таццяна Зубік, Марына Чарэднік, Юлія Буйкевіч, Алена Саган, – дадае Святлана Рабцэвіч.
– Паспяховае развіццё малочнай жывёлагадоўлі немагчыма без стварэння належнай кармавой базы, выканання тэхналогій
кармлення і даення, працоўнай дысцыпліны і, канешне, абнаўлення малочнатаварных фермаў. Стараемся, каб надоі і прывагі былі
яшчэ больш важкімі, – адзначае намеснік дырэктара ЗАТ «Белпрампрыбор» Андрэй Вараб’ёў.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.