Пад дахамі зімою

На чарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта разгледжаны вынікі ацяпляльнага сезона 2009-2010 гадоў і мерапрыемствы па падрыхтоўцы народнай гаспадаркі Ляхавіччыны да наступнага. Нягледзячы на тое, што аб’екты народнагаспадарчага комплексу ў мінулым ацяпляльным сезоне працавалі ўстойліва, водпуск цеплавой энергіі ажыццяўляўся ў асноўным у адпаведнасці з зацверджанымі тэмпературнымі графікамі і не было дапушчана ўзнікнення буйных надзвычайных здарэнняў на аб’ектах жыццязабеспячэння і транспарце, працяглых перабояў электра-, цепла- і водазабеспячэння, работа КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” у гэтым напрамку прызнана нездавальняючай. Гэта значыць, што ў рабоце над дапушчанымі леташнімі памылкамі трэба прадугледзець усе дробязі і не дапусціць іх паўтарэння ў ацяпляльным сезоне 2010-2011 гадоў.
Рашэннем райвыканкама створана раённая аператыўная група па каардынацыі правядзення падрыхтоўчых і прафілактычных рамонтных работ, стварэнню неабходных запасаў паліва на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Уладзімірам Гурскім. Упраўленні і аддзелы райвыканкама, арганізацыі і прадпрыемствы абавязаны распрацаваць да 1 чэрвеня і да 1 кастрычніка рэалізаваць арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы, якія забяспечваюць устойлівае і надзейнае паліўна-энергазабеспячэнне народнай гаспадаркі і насельніцтва ў будучы асенне-зімовы перыяд, пры гэтым засноўвацца на аналізе работы электра- і цеплагенерыруючых установак, электрычных і цеплавых сетак, аб’ектаў сацыяльнай сферы і жылкамунгаса ў папярэднім. Павінны быць сфарміраваны групы па каардынацыі і правядзенні падрыхтоўчых і рамонтных работ, стварэнні неабходных запасаў паліва, якія штомесяц, пачынаючы з 28 мая, будуць інфармаваць раённую групу аб ходзе выканання рашэння. Да 1 кастрычніка абслуговы персанал цеплаэнергетычнага абсталявання і асобы, адказныя за спраўны стан і бяспечную эксплуатацыю катлаагрэгатаў, абавязаны прайсці падрыхтоўку і навучанне. УАЗ “Ляхавіцкая ЦРБ” і ўпраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання трэба прыняць меры па прывядзенні рэзервовых крыніц электразабеспячэння ў рабочы стан да 1 кастрычніка. За своечасовае фінансаванне мера-прыемстваў па падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезона аб’ектаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сацыяльнага і культурна-бытавога прызначэння ў межах сродкаў, прадугледжаных на гэтыя мэты, адказваюць аддзелы райвыканкама сумесна з фінансавым аддзелам. Жылкамунгасу, аддзелу адукацыі, цэнтральнай раённай бальніцы, а таксама сельвыканкамам патрэбна звярнуць асаблівую ўвагу на падрыхтоўку жыллёвага фонду і аб’ектаў сацыяльнай сферы да работы ў асенне-зімовы перыяд, забяспечыць эканомнае выкарыстанне паліўна-энергетычных рэсурсаў, задзейнічаць сістэмы ўліку і рэгулявання цеплавой энергіі. Ад гэтых служб, а таксама ад аддзела культуры райвыканкама запатрабаваў выканання канкрэтных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезона.
Да 15 кастрычніка неабходна аформіць ва ўстаноўленым парадку пашпарты гатоўнасці аб’ектаў да работы ў асенне-зімовы перыяд. Кіраўнікі арганізацый нясуць персанальную адказнасць за пагашэнне запазычанасці за спажытыя жыллёва-камунальныя паслугі. Дарэчы, рашэннем райвыканкама вызначана дата ліквідацыі запазычанасці – да 1 ліпеня 2010 года ў адпаведнасці з распрацаванымі і ўзгодненымі графікамі.
ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас” павінен забяспечыць тэрміновае выдзяленне дзялянкі для саманарыхтоўкі і адгрузку паліўных дроў жылкамунгасу ў адпаведнасці з графікам пастаўкі на 2010 год, а філіялу Ляхавіцкага райпалівазбыту сумесна са старшынямі сельвыканкамаў прыняць арганізацыйныя меры па забеспячэнні насельніцтва палівам.
Кантроль за выкананнем прынятага райвыканкамам рашэння і мерапрыемстваў па падрыхтоўцы гаспадарчага комплексу да работы ў ацяпляльны сезон 2010-2011 гадоў ускладзены на раённую групу па каардынацыі правядзення падрыхтоўчых прафілактычных і рамонтных работ, а таксама на намеснікаў старшыні райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *