Спартыўны саюз. Даўнія традыцыі маюць спартыўныя стасункі Ляхавіцкага раёна з расійскімі рэгіёнамі

Даўнія традыцыі маюць спартыўныя стасункі нашага раёна з расійскімі рэгіёнамі.


Сёлета выхаванцы СДЮШАР Ляхавіцкага раёна, якія зараз працягваюць падрыхтоўку на больш высокім узроўні – у Рэспубліканскім вучылішчы алімпійскага рэзерву, – прынялі ўдзел у шэрагу турніраў па дзюдо ў Расійскай Федэрацыі. Эмілія Ксёнжык і Мацвей Анікей у сярэдзіне сакавіка трапілі ў горад на Няве. На ўсерасійскіх спаборніцтвах «Санкт-Пецярбургская ліга дзюдо» (Аўрора) ляхавіцкіх майстроў татамі чакала надзвычай жорсткая канкурэнцыя, вельмі моцныя сапернікі. Да ўдзелу ў медальных схватках Эмілія і Мацвей не дабраліся. Аднак атрыманы ў ходзе турніру вопыт – вялікая справа, сыграе ў далейшым за нашых атлетаў.
А вось Аляксандра Байрашэўская вярнулася з Расіі «бронзавай». Медаль такой вартасці дзюдаістка заслужыла выступленнем на Адкрытым першынстве гарадской акругі Раменскае сярод спартсменаў 2004–2006 гадоў нараджэння. Ляхавіцкі этап падрыхтоўкі цяперашнія навучэнцы РВАР праходзілі па кіраўніцтвам трэнераў Віктара Богуша і Рашыда Байрашэўскага.
А ў планах СДЮШАР – запрасіць расійскіх спартсменаў на ляхавіцкія татамі.

Іван КАВАЛЕНКА.