І плюс, і перазагрузка. На справаздачным сходзе ў ААТ «Нача» падведзены вынікі работы за мінулы год і акрэслены задачы на сёлета

Як спрацавалі ў мінулым годзе і якія задачы пачалі ўжо вырашаць сёлета, каб 2023 стаў больш паспяховым, – асноўныя тэмы, што ўздымаліся на справаздачным сходзе ААТ «Нача».

– 2022 год быў стабільным для нашай гаспадаркі ў галіне раслінаводства і нестабільным у жывёлагадоўлі, – такую характарыстыку даў дырэктар «Начы» Мікалай Тарлюк.
Далей пашла расшыфроўка.
І пацвярджэнне – лічбы. Тэмп росту валавай прадукцыі жывёла-
гадоўлі ў супастаўных цэнах склаў 98,5 працэнта, раслінаводства – 133,4 працэнта. Знізіўся валавы надой малака, надой на адну карову. Калі на малочнатаварнай ферме «Цэнтр» надой на карову складае 5 886 кілаграмаў малака (на 186 кілаграмаў больш, чым пазалетась), то на МТК «Зубелевічы» паказчык мінусуе (у 2022 годзе – 5 671 кілаграм, у 2021 годзе – 5 258 кілаграмаў). Пагоршылася і якасць сырадою: гатункам экстра прададзена 79,7 працэнта (мінус 3,8 працэнта да 2021 года). А гэта – мінус 146 тысяч рублёў у казне гаспадаркі. Па словах Мікалая Тарлюка, гаспадарка менш вынікова спрацавала і ў вытворчасці мяса, знізіліся сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы. І зноў жа разбежка паміж вынікамі работы падраздзяленняў істотная: на ферме Патапавічы прывагі складаюць 611 грамаў, на МТК «Зубелевічы» – 456 грамаў.
Стратная для прадпрыемства вытворчасць ялавічыны. Сітуацыю выратоўвае рэалізацыя малака, выручка ад якога пакрывае страты і складае амаль 70 працэнтаў ад усёй выручкі «Начы».
Куды аптымістычней паказчыкі ў раслінаводстве, якім кіруе вопытны Леанід Ксёнжык. Валавы збор зерня з улікам кукурузы быў больш на 1 944 тоны ў параўнанні з 2021 годам. На 15,1 цэнтнера з гектара павялічылася ўраджайнасць збожжавых і склала 48,6 цэнтнера
на круг. Найбольш парадаваў азімы ячмень, ураджайнасць якога перавысіла 90 цэнтнераў з гектара. Выдатным атрымаўся і азімы рапс, які даў з гектара 25,8 цэнтнера, што на 8,8 цэнтнера больш, чым у 2021 годзе. Больш нарыхтавалі сена, сенажу, сіласу. На ўмоўную галаву жывёлы запасліся па 34,7 цэнтнера кармавых адзінак. А добра накормленая жывёла – гэта, адпаведна, высокія надоі і прывагі.
Ад работы механічнага цэха, які ўзначальвае галоўны інжынер Аляксандр Рак, у многім залежаць поспехі і ў раслінаводстве, і ў жывёлагадоўлі. Кіраўнік «Начы» зазначыў, што працэнт зношанасці МТП – 89,1 і яму патрабуецца неадкладная перазагрузка. У мінулым годзе пачалі рабіць пэўныя крокі ў гэтым накірунку: набылі ў лізінг трактар «Беларус 3522», малочнае таксі, устаноўлены сістэма аўтаматычнага ваджэння і сістэма кантролю апырсквальніка.
Летась гаспадарка адзначылася і новабудоўлямі. Пабудаваны цялятнік на МТК «Зубелевічы». Напрыканцы 2022 года пачалі ўзвядзенне новага кароўніка на 480 галоў з даільна-малочным блокам на МТФ «Цэнтр».
У прамой залежнасці ад вытворчых паказчыкаў – дабрабыт працаўнікоў, павелічэнне заработнай платы.
Мікалай Тарлюк агучыў і планы на сёлета. Сярод асноўных –
сярэднегадавы надой на адну карову 6 000 кілаграмаў малака, сярэднясутачныя прывагі БРЖ – 650 грам.


Дырэктар гаспадаркі сказаў, што за лічбамі і дасягненнямі – руплівая праца ўсяго калектыву. Партрэт тэхніка-асемянатара
МТК «Зубелевічы» Аляксея Зуйкевіча занесены на раённую Галерэю славы. На дошцы Гонару «Начы» – прозвішчы механізатараў Віталія Васюкевіча, Віктара Кунцэвіча, аператараў машыннага даення Святланы Собаль, Алены Кадзевіч, жывёлавода Валянціны Шостак, заатэхніка-селекцыянера Ірыны Лук’янавай, будаўніка Аляксандра Кадоўбы, спецыяліста па кадрах Юліі Дабравольскай.
Словы падзякі прагучалі і ад прафсаюзаў. Старшыня раён-
най арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Ірына Чура ўручыла Ганаровую грамату рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК тэхніку-асемянатару Генадзію Манько. Шэраг добрасумленных работнікаў адзначаны ўзнагародамі ад галіновага
райкама прафсаюза.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.