Эфект супрацоўніцтва. У Ляхавічах на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама аналізавалі эфектыўнасць работы з дзецьмі і падлеткамі

Экскурсіі, спаборніцтвы, сустрэчы і іншыя мерапрыемствы – частка вялікай работы, якая праводзіцца ўстановамі адукацыі раёна і іншымі зацікаўленымі суб’ектамі прафілактыкі дзеля занятасці хлопчыкаў і дзяўчынак і папярэджвання правапарушэнняў. У цесным узаемадзеянні са школамі працуе і інспекцыя па справах непаўналетніх РАУС. Эфектыўнасць іх сумеснай работы з дзецьмі і падлеткамі, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, аналізавалася на .

З пачатку года ў раёне не зарэгістравана падлеткавай злачыннасці (летась – адно злачынства). У 2022 годзе непаўналетнія ўчынілі 18 правапарушэнняў, сёлета з пачатку года – тры.
Па стане на 1 красавіка, ІСН праводзіць індывідуальную прафілактычную работу ў адносінах 25 непаўналетніх. Агульныя і індывідуальныя меры прафілактыкі ўзмоцнены сустрэчамі супрацоўнікаў міліцыі з навучэнцамі, выступленнямі на бацькоўскіх сходах і перад настаўнікамі.
У мінулым годзе мелі месца факты прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці школьнікаў за распіццё алкагольных напіткаў, кіраванне транспартным сродкам без права кіравання, дробнае хуліганства і наўмыснае пашкоджанне чужой маёмасці.
Занепакоенасць выклікаюць выпадкі, калі дзеці паўторна трапляюць у поле зроку супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
Дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Наталля Пішч заўважыла, што дзеля дзейснай сістэмы прафілактыкі супрацьпраўных паводзін дзяцей установы адукацыі павінны асаблівую ўвагу надаць рабоце з бацькамі, садзейнічаць іх агульнай, педагагічнай і прававой дасведчанасці і павышэнню законнымі прадстаўнікамі кантролю за дзецьмі.
Трывожны факт: на ўліку ва ўрача-нарколага ў раёне стаіць 11 непаўналетніх, з якіх тры – на прафілактычным назіранні, восем –
на кансультацыйным. У сувязі з гэтым будзе, у тым ліку, узмоцнена работа ўстаноў адукацыі, рэалізаваны шырокі спектр мерапрыемстваў, дзе асобная роля адводзіцца цеснаму ўзаемадзеянню не толькі з бацькамі, але і прадстаўнікамі грамадскіх і рэлігійных арганізацый.
Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Наталля Мацкевіч адзначыла станоўчы вынік сумеснай работы ІСН і ўстаноў адукацыі па зніжэнні супрацьпраўных дзеянняў сярод непаўналетніх. У якасці прыкладу –
аграрны каледж, дзе стала менш правапарушэнняў, у тым ліку выпадкаў распіцця алкагольных напіткаў навучэнцамі. Атрымалася так, што закон каляджане парушалі тады, калі знаходзіліся не на вучобе, а дома…
Наталля Мацкевіч падкрэсліла важнасць занятасці непаўналетніх падчас летніх канікулаў. Тым больш, установы адукацыі і культуры, іншыя прапаноўваюць разнастайныя варыянты карыснага і цікавага адпачынку.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.