Ляхавічы: ТАА «Трансэлектракамплект» адзначае і сваё 10-годдзе, і прафесійнае свята – Дзень энергетыка

Дырэктар ТАА “Трансэлектракамплект” Генадзій Сакуць.

«Гары ясна, каб не згасла».

Усё адносна: для чалавека 10 гадоў – пачатак жыцця, для прадпрыемства – перыяд станаўлення. Для паспяховага прадпрыемства ТАА “Трансэлектракамплект” дзесяцігоддзе – перыяд нараджэння, станаўлення і росквіту. Такое паскоранае развіццё выклікана выбарам правільнага шляху: прадукцыя, якая выпускаецца на гэтым прадпрыемстве, – запатрабаваная і попыт на яе ўзрастае разам з развіццём высокіх тэхналогій.

Дзесяцігоддзе назад, калі прадпрыемства было зарэгістравана, яно складалася з невялікага ўчастка. Спецыялісты мясціліся ў адным пакоі – увесь калектыў 5 чалавек, пасля прыбавілася яшчэ 3. Пошукі, эканамічныя разлікі, у пэўным сэнсе рызыка і вялікае жаданне дзейнічаць, увасабляць задуманае, бачанне перспектывы – далі свой плён. Генадзій Сакуць – заснавальнік, ініцыятар, арганізатар, дырэктар вытворчасці – падбіраў сабе каманду, можна сказаць, на конкурснай аснове. Патрабаваліся спецыялісты высакакласныя, людзі прадбачлівыя, зацікаўленыя, нераўнадушныя – такія, як сам. Знаходзіў аднадумцаў, давяраў, запальваў сваёй ідэяй…

Прадукцыя пайшла паспяхова, што надавала ўпэўненасці і натхнення: штат пашыраўся, павялічваўся асартымент выпускаемай прадукцыі – попыт нараджаў прапанову. Сёння калектыў ТАА “Трансэлектракамплект” – гэта 100 працаўнікоў і больш як 100 найменняў выпускаемай прадукцыі. А дырэктар Генадзій Сакуць неаднаразова выходзіў пераможцам у абласным і рэспубліканскім спаборніцтве сярод прадпрымальнікаў, пры-знаны “Чалавекам года-2011”.

Дык што гэта за прадукцыя? Калі коратка – кабельныя муфты для злучэння і аканцоўкі сілавых ліній. Каб зразумець, наколькі патрэбная і важная прадукцыя, варта сказаць, што будаўніцтва ні адной электралініі не абышлося без гэтых камплектуючых. Можна прайсціся па цэхах прадпрыемства і паглядзець на работу ліцейшчыкаў, наладчыкаў, апрацоўшчыкаў вырабаў з пластмасы, аператараў шнураплецельнай устаноўкі, камплектоўшчыкаў і іншых спецыялістаў, пацікавіцца работай электрамантажнікаў, наведацца ў “трансэлектракамплектаўскія” гандлёвыя кропкі: магазін-склад электратэхнічнай прадукцыі і нават прадуктовы.

Пачнём з участка ліцця і экструзіі, які ўзначальвае Генадзій Казакевіч, ён жа стаў і асноўным нашым гідам на прадпрыемстве.

Галоўны інжынер Аляксандр Гаспадура і электрамантажнікі Аляксандр Караваевіч, Аляксандр Мысла, Вячаслаў Валасюк, Юрый Кліменка.

На шасці тэрмапластаўтаматах з палімераў адліваецца загатоўка для пальчатак да будучай муфты. Шчыруюць сапраўдныя майстры Аляксандр Ксёнжык, Марат Асос, Леанід Савасцюк, Анатолій Шапель, за безадказнай работай станкоў сочыць наладчык Мікалай Харошка. Гэта толькі першы этап вялікага шляху будучай дэталі. Спачатку яна адпраўляецца на радыяцыйнае мадыфікаванне ў Нясвіж, на завод медпрэпаратаў. За гэты працэс адказваюць камплектоўшчыкі Іван Новік і Сцяпан Ляшко. На ўчастку расцяжкі пальчатак шчыруюць апрацоўшчыкі вырабаў Сяргей Русін і Вадзім Дзямід – і накіроўваюць дэталі да мыйшчыцы Святланы Плотка. Толькі пасля гэтага наносяць клеявую аснову Мікалай Чарапавіцкі, Аляксандр Пастэрнак. І загатоўка для муфты гатовая, яна пастаўляецца на склад гатовай прадукцыі, у рукі камплектоўшчыцы Людмілы Уласень, якая правярае якасць дэталяў і сартуе іх.

Як расказала спецыяліст па якасці прадукцыі Антаніна Ганчук, кантроль за якасцю пастаянны, што дае магчымасць дабівацца канкурэнтаздольнасці прадукцыі на замежным рынку і знаходзіць новых спажыўцоў. Прадпрыемства працуе па стандартах ІСО, і гэта, як маркетынгавы інструмент, забяспечвае перавагу перад канкурэнтамі, якія не маюць сертыфікацыі. Летась праведзена рэсертыфікацыя сістэмы менеджменту якасці СТБ ІСО 9001 – 2009, а нядаўна – інспекцыйны кантроль сістэмы менеджменту якасці праведзены органам па сертыфікацыі сістэмаў кіравання г. Мінска. ТАА”Трансэлектракамплект” пацвердзіў раней атрыманы сертыфікат адпаведнасці РФ у сістэме ДАСТ Р, ёсць інспекцыйны кантроль ацэнкі сістэмы кіравання якасцю і сертыфікацыі прадукцыі, выдадзены органам ЦСМВ г. Кіева.

Майстар участка Генадзій Казакевіч і рабочыя Васілій Шклянік, Леанід Савасцюк, Іван Новік, Марат Асос.

Прадпрыемства стараецца максімальна ўлічваць патрабаванні і пажаданні ўсіх зацікаўленых бакоў. Напрыклад, інтарэсы спажыўцоў забяспечваюцца пастаўкай якаснай прадукцыі, пастаўшчыкоў – удасканаленнем узаемаадносін, калектыву – стварэннем творчай атмасферы, паляпшэннем дабрабыту і стабільнасці. Вынікі дзейнасці ў гэтым накірунку пастаянна разглядаюцца на пасяджэннях каардынацыйнага савета прадпрыемства. Аналізуюцца вынікі праверак сістэмы менеджменту якасці, выяўляюцца працэсы, якія патрабуюць асобай увагі. А гэта, у сваю чаргу, дазваляе своечасова ўхіляць і папярэджваць праблемы, распрацоўваць новыя мерапрыемствы, накіраваныя на паляпшэнне якасці прадукцыі.

Аднак, вернемся на вытворчасць. Паралельна вырабу пальчатак, на дзвюх лініях экструзіі наладжана вытворчасць тэрмаўсаджваемай трубкі, кожуха, манжэткі – гэта таксама дэталі для будучай муфты. Работа даверана Леаніду Салату, Мікалаю Харошку і Анатолію Максімчыку. Тут жа цэлая група спецыялістаў працуе над расцяжкай манжэтаў на блоку конусаў, кожухаў, над роздувам трубкі, напыленнем. Стараюцца ўсе: Максім Гунько, Сяргей Чарняўскі, Сяргей Лушкевіч, Уладзімір Пятроўскі, Андрэй Лёгкі, Юрый Ганчарык, Яраслаў Трыбух, Сяргей Васько.

Галоўны бухгалтар Ганна Бецька (у цэнтры), бухгалтары Алена Плескацэвіч, Ала Тарлюк, Наталля Брэзіна, спецыяліст па якасці прадукцыі Антаніна Ганчук, інжынер Таццяна Юнік.

Каб сабраць запатрабаваную муфту, абавязкова спатрэбяцца металічныя камплектуючыя. Вырабленыя наканечнікі ТМЛ адпраўляюцца ў дарогу: гальванапакрыццё робіцца ў Брэсце.

У той жа час кіпіць работа на ўчастку металаапрацоўкі, які займаецца вытворчасцю злучальнікаў і наканечнікаў балтовых. Віталій Татарыновіч кіруе работай участка, на якім 6 такарна-вінтавых станкоў і 4 сапраўдныя токары-віртуозы: Андрэй Бабко, Васілій Жмурко, Анатолій Кошман, Віктар Кудзіновіч. Яны паспяхова асвоілі станок з праграмным лічбавым кіраваннем – ЧПУ, на якім вырабляюцца так званыя момантавыя балты пад усе тыпы і размеры наканечнікаў і злучальнікаў (4 віды).

Яшчэ адна адметная кропка ў вытворчым працэсе – работа шнураплецельнай машыны. Тонкі провад мудрагеліста пераплятаецца і атрымліваецца шнур для вырабу канцавога і злучальнага зазямлення. Кантралююць работу машыны, задаюць ёй праграму дзейнасці Ігар Глушко і Васілій Шклянік.

Усе дэталі паступаюць на ўчастак зборкі і камплектацыі, які функцыянуе пад кантролем намесніка дырэктара прадпрыемства Яўгенія Сяргея. Адказнейшы момант зборкі аддадзены жаночым рукам Галіны Сокал, Галіны Жмурко, Тамары Бярэзіч.

Клапатлівы, патрабуючы вялікага майстэрства працэс, дзе задзейнічаны дзясяткі спецыялістаў, нарэшце завяршаецца выдачай запатрабаванай муфты, якую чакаюць галоўныя спажыўцы – прадпрыемствы, арганізацыі, установы Расійскай Федэрацыі, Казахстана, Узбекістана, Украіны і, зразумела ж, народная гаспадарка Рэспублікі Беларусь.

Спецыяліст па знешнеэканамічнай дзейнасці Эдуард Косцін і вядучы эканаміст Юрый Палуянчык.

Астатнія клопаты – дастаўка. Заўсёды гатовы выйсці ў чарговы рэйс вадзіцелі Аляксей Сокал, Леанід Юнік, Іосіф Валуй, Уладзімір Максіменка, Анатолій Ляўковіч, якія за дзесяцігоддзе ўжо “наматалі” на спідометрах адлегласць, роўную некалькім віткам вакол экватара зямнога шара. Застаецца пажадаць ім шчаслівага шляху.

Аднак, расказ пра ТАА “Трансэлектракамплект” будзе няпоўным, калі не засяродзіць увагу яшчэ на адным вытворчым падраздзяленні прадпрыемства – участку электрамантажных работ, на чале з галоўным інжынерам Аляксандрам Гаспадурам. Гэта падраздзяленне для ўсяго раёна патрэбнае: яно аснашчана лабараторыяй электрафізічных вымярэнняў, якія ў пэўнай сітуацыі неабходны не толькі прадпрыемствам, арганізацыям, установам, а і прыватным спажыўцам электраэнергіі. Гэта па-першае, а па другое, сямёра майстроў-электрамантажнікаў, якія валодаюць выдатнымі навыкамі ў правядзенні электрамантажных работ, надзвычай запатрабаваныя ў раёне. Гэта яны, электрамантажнікі з ТАА “Трансэлектракамплект”, зрабілі прыгожую ілюмінацыю да фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2013” у Ляхавічах. Іх рукамі ўстаноўлена больш як 200 свяцільняў на абноўленых вуліцах горада. На любой новабудоўлі яны пакідаюць свой аўтограф, увасоблены ў надзейнае асвятленне. Узводзілася памяшканне міліцыі – працавалі там; здаюцца кааператыўныя дамы – электрамантажнікі даюць святло ў новыя мікрараёны; працавалі ў лясгасе, ДРБУ-200 і ў іншых арганізацыях раёна. Дапамагалі электрамантажнікі і ўпраўленню па працы, занятасці і сацыяльным абслугоўванні райвыканкама: у дваццаці дамах адзінокіх састарэлых грамадзян памянялі электраправодку, зрабілі жыццё гэтых людзей больш бяспечным. За 11 месяцаў года электрамантажнікі ТАА “Трансэлектракамплект” выканалі работ на 3 мільярды 149 мільёнаў рублёў. Майстар Вячаслаў Галёнка, мантажнікі Дзмітрый Ксёнжык, Аляксандр Караваевіч, Аляксандр Мысла, Дзмітрый Белы, Юрый Кліменка, Вячаслаў Валасюк працуюць выдатна! Запрашэнні да іх сыплюцца з многіх рэгіёнаў рэспублікі. Нядаўна закончылі работы на кааператыўным доме ў г. Баранавічы, працавалі ў Любаньскім раёне і зноў туды запрошаны.

Кантралёр Галіна Сокал і камплектоўшчыца Галіна Жмурко.

Даўно правераны факт: поспех любога калектыву залежыць ад яго кіраўніка. Электрамантажнікам пашанцавала: Аляксандр Гаспадура не толькі адукаваны спецыяліст, але і выдатны ініцыятыўны арганізатар, вельмі любіць сваю работу, з павагай ставіцца да людзей, пра якіх гавораць “ас” у сваёй справе.

За ўсю работу ТАА “Трансэлектракамплект” у адказе найперш начальнік вытворчасці Сяргей Мацкевіч. Ён – з ліку заснавальнікаў прадпрыемства, клапоціцца пра дзень сённяшні і перспектыву:

– Наша стратэгічная мэта, – гаворыць Сяргей Сцяпанавіч, – устойлівае развіццё вытворчасці, павышэнне прыбытковасці прадпрыемства і, як канчатковы вынік, дабрабыту ўсіх супрацоўнікаў. Гэтым прынцыпам будзем кіравацца заўсёды.

Вызначаная стратэгічная мэта – іменна той механізм, які, сапраўды, аб’ядноўвае ўвесь калектыў, неад’емнай часткай якога з’яўляюцца і бухгалтарска-эканамічная служба, і інжынерна-тэхнічныя работнікі. Галоўны бухгалтар Ганна Бецька бездакорна вядзе сваю работу, каардынуе дзейнасць усёй бухгалтарскай службы, якая складаецца з вопытных спецыялістаў Алены Плескацэвіч, Алы Тарлюк, Наталлі Брэзінай. Вядучы эканаміст Юрый Палуянчык, спецыяліст па знешне-эканамічнай дзейнасці Эдуард Косцін, група інжынерна-тэхнічных работнікаў у складзе інжынера па каштарысных работах Таццяны Юнік, намесніка дырэктара па вытворчасці Віктара Матчэні, па будаўніцтве Уладзіміра Чарнамаза, механіка Паўла Валасюка, інжынера Антона Мацкевіча, як гаворыцца, трымаюць руку на пульсе часу.

Работніцы прадпрыемства Святлана Плотка, Алена Герашчанка, Людміла Янушка.

Зразумела, што любая вытворчасць – гэта, найперш, людзі. Ад таго, у якіх умовах яны працуюць, залежаць не толькі вынікі іх дзейнасці, але і здароўе, настрой, жаданне ўдасканальваць сваё майстэрства і г.д. На ТАА “Трансэлектракамплект” кожны чалавек – у цэнтры ўвагі: выдатны інтэр’ер у кабінетах, паўсюдная камп’ютарызацыя, чысціня і парадак на вытворчых участках, добраўпарадкаваная тэрыторыя, падарункі і матэрыяльныя заахвочванні да святаў. А ў сваім прадуктовым магазіне, пра арганізацыю работы якога клапоціцца Алена Плескацэвіч і яшчэ пяцёра прадаўцоў, можна заўсёды набыць усё неабходнае, у тым ліку пад заказ. Папулярнасцю ў гараджан і не толькі карыстаецца і магазін-склад, дзе прадаюцца электратэхнічныя тавары.

Нядаўна, з мэтай тэхнічнай разгрузкі вытворчых участкаў, пашырэння вытворчасці і стварэння яшчэ больш спрыяльных умоў для працы, прадпрыемства распачало будаўніцтва новага сучаснага корпуса.

Мінула ўсяго 10 гадоў з дня заснавання ТАА “Трансэлектракамплект”. За гэты час 100 чалавек знайшлі тут сваё “месца пад сонцам” – работу, магчымасць праявіць сябе ў розных сферах дзейнасці, зарплату, якая задавальняе, прымальны сацпакет і надзейную перспектыву. А прадукцыя з ляхавіцкім брэндам стала вядомай і запатрабаванай на ўсёй постсавецкай прасторы, прыносячы ў бюджэт раёна значныя дывідэнды. А яркія аўтографы прадпрыемства асвятляюць быццё гараджан…

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Ліцейшчыкі Сяргей Лушкевіч, Яўгеній Максімчык, Уладзімір Пятроўскі
Запрашаюць у магазін загадчыца Людміла Чвыр, прадаўцы Вольга Іванова і Марына Булатая.

Майстар участка Віталій Татарыновіч, токары Анатолій Кошман, Віктар Кудзіновіч, Васілій Жмурко.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *