Навука быць мамай. Адна з дзвюх зямлячак, днямі ўзнагароджаных ордэнам Маці, – Марына Калоша

Падчас фотасесіі тата, на жаль, на рабоце.

Быць мамай – цэлая навука: прыгатаваць абед, каб ён быў не толькі смачным, але і карысным; выслухаць дзіця і даць яму правільную параду; зразумець настрой сына ці дачкі і разруліць складаную сітуацыю… Колькі ўсяго неабходна ўмець мамачцы, каб дома панавалі лад і згода, каб яе «птушаняты» былі самымі шчаслівымі.

Як гэтыя жыццёвыя задачы вырашаюць у мнагадзетных сем’ях, карэспандэнт «ЛВ» пацікавіўся, калі напярэдадні Дня жанчын пабываў у сям’і ляхавічан Дзмітрыя і Марыны Калошаў. Іх сямейнаму саюзу 17 гадоў, а паўтара гады назад яны справілі наваселле і зараз жывуць у вялікім утульным доме.
Хтосьці ў сваім жыцці ў якасці прыярытэту выбірае кар’еру, а Марына акцэнты расставіла на мацярынстве. У сям’і падрастаюць пяць дачушак – Кацярына, Ксенія, Сафія, Крысціна, Ева – і сынок Марк. Пра кожнага са сваіх рабят мама расказвае з пяшчотай і гонарам.

16-гадовая Кацярына вучыцца ў дзявятым класе, а летась скончыла Ляхавіцкую школу мастацтваў. У вольны ад урокаў час любіць маляваць партрэты. Зараз, напрыклад, на лістах паперы выводзіць родных і знаёмых у мульцяшным стылі.
Дзевяцігадовы Марк на пытанне, што любіш, адразу адказаў: «Кацю і ўсіх сястрычак». Для малодшых Каціна слова – аўтарытэтнае, а для Ксюшы яна – лепшая сяброўка, якая яе нябачна апякуе. Мара Каці – стаць дызайнерам, і яе густу ў сям’і давяраюць.
Ксенія – васьмікласніца, усюды імкнецца паспець. Вывучае не толькі алгебру і замежную мову, але і авалодвае майстэрствам ігры на фартэпіяна ў школе мастацтваў. Бацькі падтрымліваюць музычны інтарэс дачкі да сучасных твораў, нядаўна яна на сцэне выканала адзін са сваіх любімых – з кінафільма «Тытанік». Ксюша з лёгкасцю ўмее падняць настрой усёй сям’і, а яшчэ малюе графіці і робіць цікавыя вырабы.
Сафія з захапленнем дэкламуе вершы і з радасцю чакае школьных урокаў літаратуры. Мама расказвае, што Сафія прыгожа спявае. І яны з Ксеніяй могуць стварыць класны дуэт.
Любімчык сям’і – Марк. Калі дзяўчынкі – маміны памочніцы, то ён – татаў, з інтарэсам назірае, калі той нешта робіць, майструе. Хлопчык, як і сёстры, любіць маляваць, асабліва  яму ўдаюцца дробныя дэталі.
Мінулай восенню ўся сям’я збірала ў першы клас Крысціну, і сёння яна старанна выводзіць літары і лічбы, расказвае малодшай Еве, як цікава ў школе.
Трохгадовая Ева – цэнтр сусвету ўсіх дамашніх. Энергічная і жыццярадасная, яна пераймае ў сясцёр і брата іх лепшыя звычкі і паводзіны. Дзяўчынка з нецярпеннем чакае, калі старэйшыя вернуцца дадому – разам так добра!
Марына Калоша – маці вопытная. У яе арсенале шмат лайфхакаў, якія значна спрашчаюць працэс дамаводства. Повар па адукацыі, умее смачна гатаваць і робіць гэта з асаблівым настроем. Эксклюзіўныя рэцэпты адаптуе пад сваю сям’ю і заслугоўвае ўдзячныя водзывы не толькі ад родных, але і знаёмых. Булачкі і пірагі, піца і нават сушы ў Марыны атрымліваюцца на ўра. У сям’і не стаіць пытанне, з чым папіць чай, – заўсёды ў асартыменце духмяная выпечка.
– У многіх чамусьці маецца памылковае ўяўленне, што ў мнагадзетнай сям’і з’ядаюць на абед бачок бульбы, і маці ўся кудлатая, заклапочаная толькі мыццём і прасаваннем бялізны. Так, мнагадзетныя маці, таксама як і іншыя, шчыра хвалююцца, калі пасля ўкусу мошкі ў дзіцяці апухла рука, узнялася тэмпература ці забалела горла. Спяшаемся да ўрача і цалкам раствараемся ў дочках і сынах. Але калі нарадзілася трэцяе дзіця, я перастала пры нязначнай сітуацыі з дзецьмі ўпадаць у паніку. З вопытам пачала рэальна ацэньваць абставіны. У любым выпадку важна навучыцца правільна арганізоўваць свой час і ўмець адпачываць. У мяне, напрыклад, ужо даволі дарослыя дзеці, якім можна поўнасцю давяраць, – падкрэслівае Марына Калоша.
У іх вялікай сям’і абавязкі падзелены на мужчынскія і жаночыя, хаця муж сапраўдны гаспадар і заўсёды падтрымлівае і дапамагае.
– Вы ж уявіце, у нас пяць дочак, мая жаночая годнасць не дазволіць, каб муж стаяў і мыў посуд. Дзяўчынкі гэта робяць без напаміну, – дзеліцца Марына.

У вялікай і дружнай сям’і склаліся прыгожыя і душэўныя традыцыі. Сярод іх і святкаванне дня нараджэння дзяцей, калі за сталом збіраюцца чалавек 20 – не менш. А ў цэнтры красуецца вялікі торт, спечаны клапатлівай мамай. Ражджаство весела адзначаюць з сябрамі і роднымі. А да гэтага адказна рыхтуюцца да яго. Кожная сям’я гатуе некалькі страў, а яшчэ падчас гульні вызначаюць, што дзеці мараць атрымаць у падарунак. Такое свята чакаюць і дзеці, і дарослыя. І колькі яшчэ цікавага і важнага яны набылі за шлях, пройдзены разам, што стала такім дарагім для кожнага.
Час, калі ўся сям’я ў гасцінай збіраецца разам – самы дарагі. Яны гуляюць у настольны тэніс (маецца свой стол) і іншыя гульні, спяваюць і танцуюць, чытаюць і малююць, дзеляцца сваімі навінамі і падзеямі.
– Вялікая сям’я – Божы дар. Быць маці – справа нялёгкая, але шчаслівая. Становіцца так спакойна і ўтульна, калі цябе абдымаюць твае дзеці, цягнуцца да цябе і любячым позіркам глядзяць у твае вочы. Місія маці адказная. Важна вырасціць дзяцей добрымі і міласэрнымі людзьмі, каб яны выбралі прафесію па сваім інтарэсе, адбыліся як асобы. Выхоўваем дзяцей у любві і веры ў Бога, – падкрэслівае Марына Калоша.
Мнагадзетная маці адзначае пра важкую дапамогу, якую аказвае дзяржава. Дзякуючы ў тым ліку і сямейнаму капіталу, змаглі пабудаваць дом сваёй мары. І хоць не ўсе пакоі цалкам адрамантаваны, але сям’я радуецца магчымасці мець уласныя «квадраты».
У іх шмат планаў і мараў. Сёння вызначаюць, што пасадзяць на агародзе, якія дрэвы будуць у садзе, якія кветкі ўпрыгожаць палісаднік. Што яшчэ трэба для жаночага шчасця?
8 сакавіка ў сям’і Калошаў – дзень адметны: шчырыя віншаванні і кветкі са святам ад сваіх мужчын тут атрымаюць шэсць прадстаўніц прыгожага полу.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Шакаладны бісквіт ад Марыны Калошы
Для цеста трэба ўзяць 6 яек, 240 грамаў цукру, 180 грамаў мукі,
40 грамаў какавы, дзве чайныя лыжкі разрыхляльніка, 120 грамаў малака і 80 грамаў алею.
Яйкі з цукрам узбіць міксерам 10 мінут на высокай скорасці. Да ўзбітых яек у адзін прыём прасеяць усе сыпкія прадукты, дадаць малако і на нізкай скорасці міксера ўсё змяшаць да аднароднасці. Дадаць алей і зноў перамяшаць.
Выпякаць у загадзя разагрэтай да 180 градусаў духоўцы каля 45 мінут. Бісквіт атрымліваецца смачным, порыстым і мяккім. Цудоўна падыходзіць для тартоў.