Дарожныя мары збываюцца. Паездка па аўтадарозе Ганчары – Куршынавічы – Ганцавічы – сапраўднае выпрабаванне як для аўтатэхнікі, так і для пасажыраў

Па-ранейшаму адна з найбольш абмяркоўваемых у плане добраўпарадкавання тэм – дарожная. Актуальная яна і для Ляхавіччыны. Тычыцца гэта і райцэнтра, і сельскіх населеных пунктаў. І калі ў адных месцах можна справіцца касметычным рамонтам, прафіляваннем, падсыпкай ям, то ў іншых без капітальнага рамонту ці рэканструкцыі не абысціся.

Паездка па аўтадарозе Н-2 Ганчары – Куршынавічы – Ганцавічы – сапраўднае выпрабаванне як для аўтатэхнікі, так і для пасажыраў. Многія з жыхароў тутэйшых вёсак называюць гэты ўчастак дарогі гонкамі на выжыванне ці атракцыёнам небяспекі. Нядзіўна, што прывядзенне гэтай аўтадарогі ў належны стан стала тэмай шматлікіх асабістых і калектыўных зваротаў жыха-
роў Ганчароў, Куршынавічаў, Старых і Новых Будаў, Хацяжа, Гашчына і іншых навакольных вёсак (дарога праходзіць праз сем населеных пунктаў) у розныя інстанцыі ад раённага да рэспубліканскага ўзроўню.
Паездка і на асабістым, і на грамадскім транспарце павінна быць камфортнай. Ды і здароўю чалавека мала прыемнага ад паездак па такіх выбоінах.
Работнікі ДРБУ-200 (участак знаходзіцца на балансе гэтай арганізацыі) праводзілі грэйдзіраванне, але хапала эфекту не надоўга, ды і якасць зробленага не заўжды была належнай. Відавочна, выхад адзіны – «апрануць» дарогу ў асфальт.
На 2020 год было запланавана асфальтаванне, выдзелены сродкі, ДРБУ-200 заказала праектна-каштарысную дакументацыя на добра-
ўпарадкаванне дарогі. Але фінансаванне перанакіравалі на іншую дарогу. З цягам часу зробленая праектна-каштарысная дакументацыя страціла сваю актуальнасць, а страты на яе выраб у памеры 35 тысяч рублёў ляглі на выдаткі ДРБУ-200. Аб’ект быў перанесены на 2022 год. У красавіку – маі 2022 года Камітэт дзяржкантролю Брэсцкай вобласці падчас планавай праверкі «Брэстаблдарбуда» прааналізаваў абгрунтаванасць уключэння аб’ектаў рэгіёна ў Дзяржаўную праграму «Дарогі Беларусі» на 2021–2025 гады. Выяўлена, што на азначанай аўтадарозе быў выкананы бягучы рамонт гравійнага пакрыцця. Гарантыйны тэрмін устанавілі да канца  лютага 2023 года. Што гэта значыла? Усё проста: да пачатку сакавіка 2023 года ніхто не меў права ўладкоўваць тут асфальт.
Напачатку жніўня мінулага года быў праведзены сход грамадзян з удзелам прадстаўнікоў Брэсцкага аблвыканкама і Ляхавіцкага райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў, РУП «Брэстаблдарбуд».
Старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч і намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Галяк падтрымалі ініцыятыву вяскоўцаў і паабяцалі ўключыць у раённую праграму добраўпарадкавання дарог на 2023 год асфальтаванне гэтай аўтамабільнай дарогі.
І абяцанне стрымана: самы важны крок будзе зроблены сёлета.
– Выдзелена 2,5 мільёна рублёў на асфальтаванне часткі дарогі (пяць кіламетраў) паміж Ляхавічамі і Ганцавічамі, з якіх з абласнога бюджэту накіраваны сродкі на добраўпарадкаванне 2,2 кіламетра, а астатнія – з рэспубліканскага дарожнага фонду. Як толькі дазволіць надвор’е, ДРБУ-200 пачне працаваць на азначаным аб’екце, – расказвае намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Галяк.
Яшчэ адна дарога на Ляхавіччыне выклікае незадаволенасць. Размова пойдзе пра аўтадарогу Р-26-621 «Пад’езд да вёскі Падбарочча ад аўта-
дарогі Р-43 – мяжа Расійскай Федэрацыі – Крычаў – Бабруйск –
Івацэвічы (да аўтадарогі  Р-2/Е85)».
– Азначаны ўчастак уключаны ў пералік рэалізоўваемых у 2023 годзе мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы «Дарогі Беларусі». Ужо з абласнога бюджэту накіравана 173 тысячы рублёў.
– ДРБУ-200, на чыім балансе знаходзіцца гэты ўчастак, пачало праводзіць работы.
Пералік наступны: выпраўленне профільнага гравійнага пакрыц-
ця з дабаўленнем новых матэрыялаў. Плануецца завяршыць добраўпарадкаванне да сёлетняга красавіка, – расказвае начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына
Завадская.
Галіна КАНЬКО.