Заліковы фармат. У Ляхавіцкім аграрным каледжы адбылася «ЗАліковая размова»

Пра адзінства і патрыятызм, любоў да Радзімы і роднага краю, абараназдольнасць Беларусі, уплыў сацыяльных сетак на моладзь і ўменне супрацьстаяць фэйкавай інфармацыі і многае іншае ішла размова падчас інфармацыйна-асветніцкага праекта для моладзі «ЗАліковая размова». Маштабную грамадскую ініцыятыву прымаў Ляхавіцкі аграрны каледж.

БОЛЬШ ФОТА ПА СПАСЫЛЦЫ

Больш за дзве гадзіны працягваўся адкрыты дыялог першага сакратара Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Аляксандра Лук’янава і кіраўніка «Альфа Радыё», вядучага папулярнага грамадска-палітычнага ток-шоу «Будні» і нашага земляка Вадзіма Шэпета.
Вадзім Шэпет нагадаў пра перавагі нашай незалежнасці і суверэнітэту, якія моладзь часта ўспрымае як звычайную справу. Тут і бясплатнае навучанне, і медыцынскае абслугоўванне, і забяспечанасць першым працоўным месцам. А ў якой яшчэ краіне маці прадастаўляецца тры гады аплачваемага водпуску па доглядзе дзіцяці…
Быць грамадзянінам – мець не толькі правы, а і абавязкі. У многіх пытаннях спікер звяртаўся да Паслання Прэзідэнта беларускаму народу і Парламенту: гаварыў пра Канстытуцыю і выбарчае права, пра мнагадзетнасць і беларускія традыцыі.
Эксперты разважалі пра ўмовы, якія стварае дзяржава для развіцця патэнцыялу беларускай моладзі. Не засталася без увагі і тэма супрацьдзеяння дэструктыўнай ідэалогіі, меры, якія прымаюцца па супрацьдзеянні ёй. Каб самім рабіць высновы, каляджанам парэкамендавалі пазнаёміцца з Пасланнем Прэзідэнта ўдумліва і падрабязна. І тады будзе ўсё зразумела пра «парады добразычліўцаў», што сцвярджаюць пра замежныя даброты.
Маладзёжны лідар Аляксандр Лук’янаў на просьбу навучэнца заатэхнічнага аддзялення Арцёма Папова раскрыць формулу поспеху падзяліўся, што важна не распыляцца ў патоку грамадскага меркавання, а стаць унікальным у канкрэтным накірунку. Выбралі спецыяльнасць – станьце лепшым у сваёй прафесіі. Формула поспеху ад Вадзіма Шэпета – працаваць і яшчэ раз працаваць, умець знайсці агульную мову, дамаўляцца з людзьмі.
Сярод гасцей праекта «ЗАліковая размова» і першы сакратар абласнога камітэта ГА «БРСМ» Юрый Сегянюк. Ён падкрэсліў важнасць адкрытага фармату зносін з моладдзю.
– Маштабны праект актыўна крочыць і набірае абароты ў нашым рэгіёне. Пабывалі ў Баранавічах, Пінску, Брэсце і іншых гарадах. Праект – пляцоўка, дзе юнакі і дзяўчаты могуць пачуць адказы на хвалюючыя пытанні, узняць праблему і вызначыць шляхі яе вырашэння.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.