Малочны квартал. Па выніках работы ў першыя тры месяцы года жывёлагадоўля Ляхавіцкага раёна паказала лёгкі дынамізм

Студзеньска-лютаўскі пік халадоў з’яўляецца не самай камфортнай атмасферай для ўсяго жывога. Сакавік бывае пераменлівым, тэмпературны мінус звычайна ўжо адыходзіць на трэці план. Аднак значэнне атрымлівае фактар блізкага заканчэння сезона стойлавага ўтрымання жывёлы і заканчэння ў некаторых сельгаспрадпрыемстваў кармавых запасаў уласнай вытворчасці. Сянаж ці сілас даводзілася эканоміць, пераразмяркоўваць, аптымізаваць, дакупляць. Калі ж казаць на чысціню і кароткім словам – недакладваць травяністыя кармы на кармавыя сталы жывёлы.

– Нешта падобнае назіралася ў нашым раёне яшчэ зусім нядаўна. Напрыклад, летась і пазалетась. У цяперашнім сезоне ні адна з гаспадарак з дэфіцытам кармоў уласнай вытворчасці не сутыкалася. Корманарыхтоўкі мінулага года ва ўсіх сельгасарганізацыях склаліся нядрэнна. І з пункту гледжання аб’ёмаў сянажных і сіласных закладак, і што тычыцца іх якасных характарыстык. У безумоўны плюс сыграла і люцэрна, пасяўныя плошчы якой раён мае намер не зніжаць і ў бягучым годзе, – запэўнівае першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Васілій Пыжык.
Пра паказаны жывёлагадоўляй раёна квартальны дынамізм сведчаць асноўныя колькасныя паказчыкі. Рост у параўнанні з леташняй базай назіраецца фактычна па ўсіх накірунках. Квартальная  агульнараённая вытворчасць малака павялічылася больш як на пяць працэнтаў, сярэдняя ўдойнасць каровы – амаль на восем дзясяткаў кілаграмаў. Больш стала і «мяса»: паказчык прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы вырас на 0,8 працэнта, а сярэднясутачныя прывагі жывёлы на дарошчванні і адкорме – на 23 грамы.
Дык чаму ж дынамізм лёгкі? Размову можна весці пра два моманты. Першы заключаецца ў тым, што квартальную прыбаўку па малаку паказалі не ўсе сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна. Так, за тры стартавыя месяцы ЗАТ «Белпрампрыбор» па паказчыку сярэдняй удойнасці каровы не дабрала амаль 70 кілаграмаў малака, «Шлях новы» значна страціў у якасці надояў – малака гатункаў
экстра і вышэйшы рэалізавана на 16 працэнтаў менш, чым
за аналагічны леташні перыяд.
А, як засяродзіў увагу начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, у ААТ «Жарабковічы» адзначана квартальнае зніжэнне фактычна па ўсіх асноўных паказчыках работы жывёлагадоўлі.
– Квартальная вытворчасць малака зменшылася амаль на два працэнты, а сярэдні ўдой ад каровы – больш як
на 60 кілаграмаў. Хоць і нязначна, але зменшылася рэалізацыя малака гатункамі экстра і вышэйшы. Адмоўная дынаміка назіраецца па паказчыку сярэднясутачных прываг, вытворчасці прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы. Пры гэтым аб’ектыўных прычын для таго, каб пагаршаць работу сваёй жывёлагадоўлі, я не бачу. Усё ёсць: кармы, жывёлагадоўчыя памяшканні, якія ў значнай ступені па-сучаснаму абсталяваны, ёсць граматныя кадры. Чаго не хапае? Думаю, большай увагі кіраўніцтва і спецыялістаў гаспадаркі да работы жывёлагадоўчай галіны, лічыць Васілій Пыжык.
Нягледзячы на тое, што якасць малака на працягу студзеня – сакавіка пагоршылася як у цэлым па раёне –
на два з паловай працэнты, так і ў большасці з сямі нашых сельгаспрадпрыемстваў, ёсць тут свае як аўтсайдары, так і лідары. За тры месяцы ААТ «Шлях новы» зменшыў аб’ём рэалізацыі малака гатун-
камі экстра і вышэйшы на 16 працэнтных пунктаў.
Стапрацэнтна якаснае і экстраякаснае малако адпраўляюць на перапрацоўку ЗАТ «Белпрампрыбор» і СУП «Ліпнянка». Прычым на экстра і вышэйшы гатункі апошняя гаспадарка выйшла іменна ў гэтым годзе.
– На прадпрыемстве змяніўся падыход да работы, выканання сваіх штатных абавязкаў кожным з працаўнікоў арганізацыі. Працаваць інакш сталі, у першую чаргу, жывёлаводы.
У «Ліпнянцы» функцыянуюць і даюць прадукцыю дзве малочнатаварныя фермы. Мадэрнізаваная і нядаўна афіцыйна адкрытая ў Ліпску пакуль толькі робіць першыя крокі ў нарошчванні вытворчага патэнцыялу. З больш як паўтысячы галоў
ўжо дойнымі з’яўляецца ўсяго толькі каля чатырох дзясяткаў. Асноўная і колькасць, і якасць малака дасягаецца на МТФ «Востраў».
У параўнанні з мінулым годам, за студзень – сакавік кожная карова прыбавіла ва ўдойнасці больш як 600 кілаграмаў, значна вырасла якасць малака. За кошт чаго такія здабыткі? Людзі сталі ставіцца да работы зацікаўлена, з аглядкай на канчатковы вынік. Максімум увагі стала надавацца ўмовам утрымання жывёлы, яе кармленню, ветэрынарным мерапрыемствам. На іншы ўзровень ашчаднасці падняўся працэс даення, абслугоўвання даільнага абсталявання. Пры гэтым, даільнай залай ферма не абсталявана. Карацей, усё па-старому на старой ферме. Акрамя адносін персаналу і кіраўніцтва да сваёй работы. І вось вам вынік, які не прымусіў сябе доўга чакаць, –
каменціруе факт лакальнай паспяховасці і шляхі яе дасягнення першы намеснік старшыні райвыканкама.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.