Дзве малыя радзімы. У Віктара і Таццяны Дубікоўскіх дзве малыя радзімы – Нароўля і Ляхавічы

У Віктара і Таццяны Дубікоўскіх дзве малыя радзімы – Нароўля і Ляхавічы. Яны перасяленцы з забруджаных радыяцыйных земляў, а таксама ўдзельнікі ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

У 1992 годзе Чарнобыльская трагедыя вымусіла сям’ю пакінуць родны дом, у якім пражылі амаль два дзесяцігоддзі, і перасяліцца з Гомельскай у Брэсцкую вобласць.
– Выбух 1986 года праехаўся па нашай і іншых сем’ях, як кажуць, катком. Пра аварыю даведаліся 28 красавіка, але пра дрэннае не думалі – да аварыі часцяком бывалі ў Прыпяці – ад Нароўлі туды па трасе кіламетраў 70. З сынамі пайшлі на першамайскую дэманстрацыю, а пасля ў райцэнтры аб’явілі, каб дзеці менш бывалі на вуліцы. Як толькі зразумелі, што нешта адбываецца не так, кінулі ўсё і паехалі да родных у Барысаў. Праз два месяцы вярнуліся, –
узгадвае падзеі 37-гадовай даўнасці Таццяна Дубікоўская.
Школьнікаў і дашкольнікаў аўтобусы адзін за адным вывозілі ў аздараўленчыя лагеры і санаторыі.
– Сыны былі яшчэ малыя – шэсць і восем гадоў. За тыдзень напяку скрыню рознага пячэння, а ў выхадныя з мужам едзем адведаць іх… Гэта зараз сотавыя, а тады і спытаць асабліва не мелі магчымасці пра сваіх хлопчыкаў. Уявіце, у горадзе не засталося ні аднаго дзіцяці… – успамінае Таццяна.
Яна працавала вязальшчыцай у камбінаце бытавога абслугоўвання, муж – кампрэсаршчыкам на малочным заводзе. У бруднай зоне дапамагалі ўбіраць сельгаспрадпрыемствам ураджай, вывозілі абсталяванне і г. д. Гора аб’яднала людзей, стараліся ўсяляк дапамагаць ліквідаваць наступствы аварыі. Верылі, што ўсё вернецца на кругі свая…
Паступова сябры і суседзі Дубікоўскіх выехалі з забруджанай тэрыторыі. Таццяна і Віктар усяляк адкладвалі ад’езд, але хварэлі дзеці. Радыяцыя паўплывала і на здароўе Таццяны Сяргееўны. У 35 гадоў яна атрымала інваліднасць. Сям’я пераехала ў Ляхавічы – шукалі горад, падобны на сваю Нароўлю. Сюды раней пераехалі і сябры – Аляксандр і Марыя Клапаткі, па рэкамендацыі якіх і выбралі наш райцэнтр.
– Дзяржава не пакінула людзей сам-насам з бядой. Атрымалі трохпакаёвую кватэру, у якую перавезлі свае рэчы. Нам плацілі павялічаную зарплату, мелі магчымасць купіць дэфіцытны
тавар па даступным кошце.
Былі і розныя льготы: камунальныя, медыцынская, права на датэрміновую пенсію па ўзросце і іншае, – падкрэсліваюць Дубікоўскія.
Зараз бабуля і дзядуля радуюцца тром унучкам – яны іх шчасце і ўцеха. А ў лістападзе Таццяна Сяргееўна і Віктар Юр’евіч адзначаць залатое вяселле.


26 красавіка – дата, пазначаная ў календары як Дзень памяці загінулых у радыяцыйных аварыях і катастрофах. З дня трагедыі мінула ўжо 37 гадоў. Ад Чарнобыльскай аварыі, што адбылася на тэрыторыі Украіны, найбольш пацярпела Беларусь: у рознай ступені забруджанай засталася палова са 118 раёнаў рэспублікі. Па сцвярджэнні эколагаў, пятая частка сельскагаспадарчых земляў краіны набыла статус забруджаных, тэрыторыя памерам 2,65 тысячы квадратных кіламетраў была ў літаральным сэнсе пахавана. Пацярпела чвэрць ляснога фонду Беларусі. З пацярпелых ад аварыі раёнаў былі адселены 137,7 тысячы чалавек, 479 населеных пунктаў зніклі з твару зямлі.
У Беларусі асаблівыя адносіны да Чарнобыльскай катастрофы. Усе гады вядзецца навуковае суправаджэнне экалагічнай праблемы. Краіна паслядоўна рэалізуе дзяржаўную палітыку ў галіне пераадольвання наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Працуюць разнастайныя дзяржаўныя праграмы, дапоўненыя і саюзнымі праграмамі Беларусі і Расіі. Памылкі і пралікі, якія прывялі да экалагічнай катастрофы, улічаны пры праектаванні і ўзвядзенні Астравецкай АЭС.
Плануецца, што яна стане самай бяспечнай атамнай станцыяй, пабудаванай пры няўхільным выкананні нормаў і стандартаў МАГАТЭ. Пры ўзвядзенні нашай АЭС галоўны крытэрый – бяспека.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

У Беларусі мірны атам пастаўлены на службу людзям і выдае кілаваты электраэнергіі – сённяшняя неаспрэчная рэальнасць. Першая беларуская атамная электрастанцыя ў Астраўцы з моманту яе ўзвядзення на слыху і прыцягвае павышаны міжнародны інтарэс. МАГАТЭ і іншыя міжнародныя экспертныя місіі на ўсе пытанні наконт яе бяспекі пацвярджаюць: БелАЭС адпавядае ўсім стандартам ядзернай бяспекі.
І як бы еўрапейскія палітыкі не нагняталі сітуацыю вакол беларускай АЭС, шматлікія выпрабаванні сцвярджаюць: узведзеная па расійскім праекце, яна адносіцца да эвалюцыйных праектаў трэцяга пакалення павышанай бяспекі, якой не страшныя ўраган ці землетрасенне.
І сёння пацверджаны факт: наша краіна атрымлівае стабільную, экалагічна чыстую крыніцу энергіі, якая ў будучым дазволіць забяспечыць трэць унутраных патрэбнасцяў. Запуск АЭС у Астраўцы 7 лістапада 2020 года стаў без перабольшвання гістарычнай падзеяй.