Каманда здольная на многае. Трохгоддзе з дня стварэння адзначыць прафсаюзная пярвічка цэнтра забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый Ляхавіцкага раёна

Усё рабіць разам, сумесна вырашаць разнастайныя пытанні –
прынцып прафсаюзнай пярвічнай арганізацыі цэнтра забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый Ляхавіцкага раёна, якая ў маі адзначыць трохгоддзе з дня стварэння.

Рашэнне аб стварэнні пярвічкі прынялі аднагалосна падчас суботніка, дзеліцца старшыня прафсаюзнай пярвічкі Анатолій Салата. Тады і пастанавілі, што членства ў такой арганізацыі павінна быць стапрацэнтным. І на сёння ў радах пярвічкі 67 чалавек.
– Прафсаюз – гэта, перш за ўсё, увага да работнікаў, саўдзел у іх жыцці, – лічыць Анатолій Салата.
Таму першыя арганізацыйныя крокі пачаліся з афармлення дакументаў, дзе замацаваны сацыяльныя гарантыі. Зарэгістравалі пярвічку, склалі калектыўны дагавор, выдалі членскія білеты… І пайшла справа. Пабывалі ў Косаўскім палацава-паркавым комплексе і ў Мінску, прынялі ўдзел у раённым турыстычным злёце, разнастайных спартакіядах і г. д.
– Прафсаюзная пярвічка цэнтра забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый адна з самых актыўных на Ляхавіччыне. У іх добра наладжана работа з моладдзю, развіта сістэма сацыяльнага партнёрства, можна пераймаць вопыт работы інспектараў па ахове працы. Яны ў першых радах і ў дабрачынных акцыях, мерапрыемствах рознага ўзроўню, – дае высокую ацэнку дзейнасці прафсаюзнай пярвічкі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Тамара Пракап’юк і дадае, што сваю вядучую ролю адыгрываюць падтрымка кіраўніка арганізацыі Дзмітрыя Багушэвіча і асоба лідара пярвічкі Анатолія Салаты – нераўнадушнага, ініцыятыўнага, зацікаўленага. Грамадская нагрузка не перашкода для паспяховага сумяшчэння яе з асноўнай пасадай інжынера па ахове працы. Адказны і кампетэнтны ў сваёй галіне, ён таксама сур’ёзна ставіцца і да прафсаюзнага старшынства. Пратаколы прафсаюзных сходаў, асабістыя карткі членаў прафсаюза і іншыя дакументы акуратна аформлены і захоўваюцца ў ідэальным парадку. 5 жніўня Анатолій Васільевіч адзначыць 35-годдзе працоўнай дзейнасці, лічы, на адным працоўным месцы.
– Каманда здольная на многае. Добра ведаюць свае абавязкі грамадскія інспектары па ахове працы Таццяна Жывіцкая, Алена Захаранка і Ігар Васілько. У прафкаме адказныя за грамадскую работу Ганна Анціпаровіч, Марына Шашкова – намеснік старшыні пярвічкі, Таццяна Курловіч і Карына Гладкая. Культмасавы сектар узначальваюць Дзяніс Скуратовіч, Кацярына Буханава. З фінансавым бокам пярвічкі выдатна спраўляецца Таццяна Грачыха, – пералічвае сваіх памочнікаў Анатолій Салата.

Па інфармацыі раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК, казначэй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Шлях новы» Наталля Якубовіч занесена на Дошку гонару Брэсцкай абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК.
Старшыня прафсаюзнай пярвічкі кансервавага завода Вольга Матуліс адзначана Граматай рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў АПК.