Слова чытачам. Напярэдадні Дня друку«ЛВ» пацікавіўся, якія газеты і часопісы чытаюць землякі

Напярэдадні Дня друку, які ў нашай краіне адзначаецца 5 мая, «ЛВ» пацікавіўся, якія газеты і часопісы чытаюць землякі, і як друкаваным сродкам інфармацыі быць запатрабаванымі і папулярнымі ў чытачоў.


Аліна ЛАПІЧ, ветэран працы рэдакцыі «Ляхавіцкага весніка»:

– Газета была і застаецца для мяне асноўнай крыніцай інфармацыі, свежых навін і нязменным спадарожнікам жыцця. А мая любімая раёнка – увогуле, цэлае жыццё. Сюды я прыйшла адразу пасля заканчэння Жарабковіцкай сярэдняй школы. І з таго часу доўжыўся мой больш чым 45-гадовы раман з «Будаўніком камунізму», потым з «Ляхавіцкім веснікам». Вялікі ўплыў на мяне і ў плане журналістыкі, і ў школе жыцця аказалі мае калегі Святлана Фокіна, Уладзімір Бацкалевіч і Аляксей Пятух і, канешне, колішнія галоўныя рэдактары раёнкі Вікенцій Шталь і Іосіф Карпыза. Зараз я на заслужаным адпачынку, але з роднай раёнкай ніколі не развітвалася, чытаю кожны нумар. Мне вельмі падабаецца сучасны выгляд «Ляхавіцкага весніка», вёрстка, дызайн, фотаздымкі. З інтарэсам сачу, як удасканальваюцца ў творчасці мае колішнія калегі, радуюся іх поспехам і дасягненням.
Ва ўсе часы газета была не толькі крыніцай інфармацыі, але і выхавальнікам, педагогам. І сёння перад газетчыкамі стаіць важная задача – кожным словам, кожным радком выхоўваць патрыёта, сапраўднага грамадзяніна сваёй краіны.
Што хацелася б часцей бачыць на старонках «ЛВ»? Нарысы пра чалавека працы, таленавітых майстроў, неабыякавых землякоў, якімі заўжды славілася Ляхавіччына. Жадаю усім моцнага здароўя, вострага пяра і рэалізацыі ўсіх планаў і задумак. Няхай і далей «ЛВ» будзе жаданым госцем у кожнай сям’і.


Уладзімір ПЛЕСКАЦЭВІЧ, старшыня Ганчароўскага сельвыканкама:
– Газета для мяне своеасаблівая настольная кніга. У кожным нумары нашага «Ляхавіцкага весніка» – навіны пра работу розных арганізацый і прадпрыемстваў, пра грамадскія справы, нямала расказаў і пра лёсы землякоў. А крытычныя публікацыі падштурхоўваюць выпраўляць памылкі і не дапускаць іх зноў. Большасць жыхароў Ганчароўскага сельсавета – пажылыя. І многія з іх не надта сябруюць з месанджарамі, інтэрнэтам, таму ўсю інфармацыю бяруць з раёнкі, выпісваюць і чытаюць яе.
Лічу сябе сябрам і прыхільнікам «Ляхавіцкага весніка», выпісваю раёнку ўсё сваё дарослае жыццё. Жадаю «веснікаўцам» і далей заставацца творчымі, аб’ектыўнымі, пазітыўнымі і аператыўнымі. І няхай колькасць падпісчыкаў раёнкі толькі павялічваецца.
Ларыса ГЛЕБ, бібліятэкар Падлескай сельскай бібліятэкі, педагог-арганізатар Падлескай БШ, стараста аграгарадка Падлессе:
– Ці чытаю друкаваныя СМІ? Не толькі рэгулярна чытаю, але нават дасылаю свае вершы, артыкулы. Газеты чытаў мой дзед, зараз чытаюць бацька і сын. Бацька піша матэрыялы ў абласную газету «Заря». Гумарэскі адпраўляем у часопіс «Вожык».
Не ўяўляем жыццё без «Ляхавіцкага весніка». Адкуль яшчэ даведаешся пра дасягненні ляхавіцкіх аграрыяў, пра поспехі ляхавіцкіх школьнікаў, пра культурныя здабыткі і захаванне гістарычнай памяці. Шмат увагі на старонках «ЛВ» надаецца надзённым пытанням, якія ўздымаюць землякі перад уладай. Важна даведацца, як гэтыя праблемы вырашаюцца. Пра папулярнасць раённай газеты гаворыць і той факт, што мае аднавяскоўцы актыўна абмяркоўваюць усё, што напісана ў газеце.
Раёнка – нязменны мой памочнік у рабоце і ў школе, і ў бібліятэцы. Хочацца, каб нашу газету больш чытала моладзь. На гэта працуе і цікавы праект «Школьны дзённік», які даволі папулярны ў школьнікаў.
Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.