У Героя ў гасцях. напярэдадні Першамая Героя Сацыялістычнай Працы віншавалі ў Ляхавіцкім раёне

За сваю больш як 40-гадовую добрасумленную самаадданую працу на ніве сельгасвытворчасці наш зямляк Генрых Траццяк па праве атрымаў нямала заслужаных узнагарод, у тым ліку і званне Героя Сацыялістычнай Працы. Гэта ў гады яго кіраўніцтва калгасам імя Ламаносава тутэйшыя аграрыі пакаралі самыя высокія вытворчыя вяршыні. Сам старшыня працаваў, не шкадуючы сіл, і не лічыўся з уласным часам: калі трэба, быў і трактарыстам, і аператарам машыннага даення, і брыгадзірам, і аграномам. Не менш стараліся і калгаснікі. А вынікі гаварылі самі за сябе!

Не дзіўна, што сёлета напярэдадні Першамая зноў было шматлюдна ў адным з дамоў у Флер’янове. У госці да Генрыха і Ларысы Траццякоў завітала прадстаўнічая дэлегацыя, каб павіншаваць шаноўных землякоў са Святам працы, уручыць падарункі і проста пагаварыць па душах. Нямала цёплых шчырых слоў у адрас Героя Сацыялістычнай Працы сказалі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Тамара Пракап’юк, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ірына Чура, дырэктар ААТ «Шлях новы» Андрэй Коктыш, яго намеснік Дзмітрый Бубноўскі. Першы сакратар Ляхавіцкага райкама Камуністычнай партыі Беларусі Наталля Кулак уручыла Генрыху Траццяку памятны медаль «100 гадоў СССР».
85-гадовы Генрых Міхайлавіч даўно на заслужаным адпачынку, але вясковая загартоўка не дазваляла яму сядзець без справы. Працаваў не толькі фізічна, на працягу дзесяцігоддзя ўзначальваў раённую ветэранскую арганізацыю. А яшчэ разам з жонкай Ларысай Паўлаўнай далі другое жыццё былой сядзібе Бохвіцаў у Флер’янове, якую з дапамогай неабыякавых землякоў аднавілі і ўжо не першы год гасцінна прымаюць тут шматлікіх турыстаў, якія цікавяцца гісторыяй і багатым мінулым ляхавіцкага краю.
Падчас сустрэчы Генрых Міхайлавіч цікавіўся справамі «Шляху новага» (у склад гаспадаркі калісьці ўвайшлі землі былога калгаса імя Ламаносава) і радаваўся, што сёння сельгаспрадпрыемства набірае абароты. У гэты перадсвяточны дзень госці пажадалі гаспадарам шчасця, дабрабыту, мірнага неба і, галоўнае, моцнага здароўя.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея варановіча.