Маёўка ў прафсаюзным стылі. У Ляхавічах адзначылі Першамай

Першамаю ў Ляхавічах спадарожнічалі сонца і вясенні настрой. На Свята працы, месцам правядзення якога прафсаюзы прызначылі сквер ля фантана, ішлі сем’ямі, з сябрамі і калегамі. Пад адкрытым небам гучаў духавы аркестр, лілася музыка, ігралі дзеці, струменямі ўзляталі блішчаста-празрыстыя кроплі вады… Мірная карціна адзінства народа ў незалежнай краіне.

Сугучна падзеі і назва канцэртнай праграмы – «Мы – беларусы!», падчас якой урачыста ўшаноўвалі перадавых работнікаў – членаў прафсаюзных арганізацый Ляхавіччыны. Больш за чатыры дзясяткі нашых землякоў атрымалі заслужаныя ўзнагароды за добрасумленную працу і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці.
Намеснік старшыні райвыканкама Галіна Бацэнка шчыра павіншавала ляхавічан з Першамаем, адзначыла, што іх штодзённая праца ўносіць неацэнны ўклад у эканамічнае, сацыяльнае, культурнае і духоўнае развіццё нашай квітнеючай, прыгожай і мірнай Беларусі.
Прафсаюзныя лідары адрасавалі землякам цёплыя словы ўдзячнасці за працу і сардэчныя пажаданні, уручылі граматы і падзякі. Сярод узнагароджаных і інжынер па ахове працы­ старшыня пярвічкі цэнтра забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый Анатолій Салата, якому ўручана пасведчанне аб занясенні на Дошку гонару
Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў.
А ў сталіцы ўшаноўвалі прафсаюзны актыў Беларускага прафсаюза работнікаў АПК, дзе адзначана ляхавічанка Надзея Цямчык – паўфіналістка сумеснага праекта ФПБ і тэлеканала АНТ «Зорны шлях».
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.