«Волаты» нараджаюцца ў красавіку. Як прайшоў адкрыты турнір СДЮШАР Ляхавіцкага раёна па дзюдо «Ляхавіцкі волат»

Двойчы на год – ранняй восенню, а таксама ў красавіку неабыякавыя да спорту ляхавічане маюць магчымасць далучыцца да дзюдо ў якасці гледачоў, балельшчыкаў ці былых дзюдаістаў, а зараз проста знаўцаў гэтага напрамку ўсходняга адзінаборства. Спорт зацягвае надоўга, нярэдка – назаўсёды.

БОЛЬШ ФОТА ПА СПАСЫЛЦЫ

26 красавіка стартаваў чарговы адкрыты турнір СДЮШАР Ляхавіцкага раёна па дзюдо сярод хлопчыкаў і дзяўчынак 2010-2011 і 2012-2013 гадоў нараджэння. Спаборніцтвы маюць хоць пакуль яшчэ і не глыбокую, але сваю гісторыю, кола пастаянных каманд-удзельніц і, канешне ж, сваю брэндавую назву – «Ляхавіцкі волат».
Стартавы дзень турніру арганізатары вырашылі зрабіць пазагульнявым: каманды патэнцыяльных волатаў прыбывалі да
месца спаборніцтваў, размяшчаліся з дарогі, «прыглядаліся» да ляхавіцкага татамі. Адным словам, адаптаваліся да напружанай
барацьбы.
Каманд-удзельніц «Волата» 13: гарадоў Брэст, Баранавічы, Бяроза, Кобрын, Драгічын, Камянец, Івацэвічы, «мінскіх» Нясвіжа і Дзяржынска. А яшчэ аграгарадок Моталь, горад Давыд-Гарадок і, канешне ж, прымаючы бок – Ляхавічы.
Пачыналі старэйшыя – 12-13-гадовыя дзюдаісты і дзюдаісткі. Дзень закрыцця прайшоў пад акампанемент барацьбы іх больш малодшых калег. На татамі было калі не ўсё, то вельмі многае з арсенала таго, што адрознівае дзюдо ад іншых відаў спартыўных адзінаборстваў: «юныя», а ўжо дастаткова кваліфікаваныя і хуткасна-імклівыя іпоны –
чыстыя перамогі ў перакладзе на родную мову, напружаныя і таксама пераможныя ўтрыманні. Здараліся моманты выбуху эмоцый: адна справа, калі паядынак завяршыўся на тваю карысць, іншая – калі на карысць твайго сённяшняга саперніка. А зняць у тым і другім выпадку напружанне, настроіць дзюдаіста на працяг барацьбы – гэта ўжо работа трэнера. Што многія з іх дэманстравалі,
не адыходзячы ад татамі.
А першым акордам «Ляхавіцкага волата – 2023» стала цырымонія адкрыцця: былі цёплыя словы і шчырыя пажаданні спартсменам, прагучала музычнае прывітанне. А для больш старэйшых, чым удзельнікі турніру, выхаванцаў ляхавіцкай школы дзюдо гэты дзень стаў дакументальна знакавым: Аліне Байрашэўскай і Аляксею Грыкелю былі ўрачыста ўручаны пасведчанні кандыдатаў у майстры спорту. Заслужылі: рэгулярнымі на працягу гадоў трэніроўкамі, удзелам у шматлікіх, нярэдка прызавых для сябе спаборніцтвах.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і з архіва СДЮШАР.