Зімовы агляд. У цэнтры ўвагі пытанні пажарнай бяспекі

Як засцерагчыся ад пажару? Дзейсны сродак – аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Маленькі прыбор робіць вялікую справу – гучна паведамляе пра задымленне. Зараз праходзіць прафілактычная акцыя «Апавяшчальнік у кожны дом», і супрацоўнікі РАНС разам з зацікаўленымі службамі ў межах дзейнасці назіральных камісій вызначаюць наяўнасць у домаўладаннях асобных катэгорый грамадзян гэтых устройстваў. Пасля будуць падведзены вынікі і вызначана патрэба ў іх у маштабах раёна.

7 снежня прафілактычны рэйд у складзе супрацоўнікаў РАНС, РАУС, сельвыканкама і «ЛВ» прайшоў па Крывошыне, Ліпску, Заліпенні і Свяціцы – абследавалі домаўладанні грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, адзінокіх і адзінока пражываючых асоб. У такіх месцах супрацоўнікі РАНС –  частыя госці.
Першым быў адрас, дзе пражывае вясковец, заўважаны за зло-ўжываннем спіртнымі напіткамі. На гэты раз у доме параўнальна чыста, у печцы патрэскваюць дровы. Старшы інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі Сяргей Рабцэвіч адразу правярае наяўнасць АПА і яго спраўнасць. Аказалася, што ў прыборы адсутнічае батарэйка. Гаспадару дома рэкамендавана выправіць сітуацыю. У цэнтры ўвагі таксама печка, паверхня коміна і сцен, наяўнасць перадтопкавага ліста і г. д.


Мужчыне нагаданы азы пажарнай бяспекі, у тым ліку тое, што карыстацца няспраўнай печчу катэгарычна забаронена, як і прымяняць для распальвання лёгкаўзгаральныя і гаручыя вадкасці.
Інспектар РАНС Таццяна Калгушкіна для замацавання ведаў уручыла буклет па правілах пажарнай бяспекі.
У доме пенсіянера  Сяргея Мікалаевіча супрацоўнікі РАНС правяраюць стан топкі, удакладняюць, калі ачышчаўся ад сажы комін, глядзяць, ці пабелены ён. Каб агонь не застаў знянацку, комін і печка павінны быць падрыхтаваны да сезона, ачышчаны ад сажы (па правілах, ачыстка ацяпляльных печак робіцца не радзей аднаго разу ў тры месяцы). Печы, паверхні комінаў і сцен, у якіх праходзяць дымавыя каналы, павінны быць спраўнымі, без расколін, а на гарышчы – патынкаваныя і пабеленыя.


Старшы інспектар Сяргей  Рабцэвіч задае жыццёва важныя для зімовага сезона пытанні: колькі разоў на дзень гаспадар дома распальвае печку і чым, у якім посудзе выносіць попел. Акцэнтуе ўвагу, што лепш паліць двойчы на дзень і не перапальваць. Менавіта перапал часта становіцца прычынай пажару. Попел неабходна выносіць у негаручым посудзе, ні ў якім разе нельга гэта рабіць у пластмасавым вядры.


На маршруце – Ліпск. Галоўны спецыяліст Крывошынскага сельвыканкама Аляксандр Гатоўчыц добра ведае кожны праб-лемны адрас, тых, хто там жыве. Не раз з імі гутарыў на прафілактычныя тэмы. Добра, калі хтосьці разумее неабходнасць патрабаванняў, а камусьці даводзіцца паўтараць неаднойчы. Сярод такіх браты Аляксандр і Віктар, адзін з якіх працуе, а другі марнуе час дома. Іх домаўладанне даўно патрабуе генеральнага прыбірання. Супрацоўнікі РАНС вельмі пільна правяраюць стан печкі, даюць заданне па ўхіленні пажарных праблем. Як і ў іншых дамах, абавязкова вызначаюць «прапіску» апавяшчальніка. Участковы інспектар РАУС Аляксандр Русакевіч кантралюе выкананне законнасці і правапарадку.


Па ўсіх адрасах, дзе пабывалі за некалькі гадзін удзельнікі прафілактычнага рэйду, асноўныя патрабаванні прад’яўляліся да пячнога ацяплення. Штораз супрацоўнікі РАНС нагадвалі правілы бяспечнай эксплуатацыі печаў і электраабсталявання. У марозныя дні гаспадары дамоў часам ігнаруюць правілы пажарнай бяспекі. А нежаданне іх выконваць павышае небяспеку. Як і адсутнасць у пакоі аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка.


Роля гэтага прыбора ў выратаванні жыццяў пацверджана статыстыкай. Летась, напрыклад, у краіне дзякуючы спрацоўкам АПА выратаваны 65 чалавек, у тым ліку 21 дзіця. Сёлета за дзесяць месяцаў лічба гэта склала 86 чалавек. АПА адчувальны нават да нязначнага задымлення ў памяшканні, што спрыяе хуткаму выяўленню ўзгарання на ранняй стадыі. Пры з’яўленні дыму ўстройства падае гукавы сігнал, што здольны разбудзіць чалавека, які моцна спіць. Такім чынам устройства дае магчымасць прыняць меры па абароне жыцця і маёмасці. Кошт апавяшчальніка складае крыху больш за 10 рублёў, і гэта дробязі ў параўнанні з тымі наступствамі, да якіх прыводзяць пажары.
Як вызначыць, ці правільна працуе АПА? Пра тое, што ён знаходзіцца ў дзяжурным рэжыме, сведчыць перарывісты сігнал чырвонага колеру святлодыёда, размешчанага на корпусе прыбора, расказвае Таццяна Калгушкіна.
…Вельмі ўразіла сустрэча з адным вяскоўцам, у якога святла няма ўжо гадоў шэсць. Пэўна, мінімум столькі ж не гуляла мятла па яго пакоі. Раней меў работу, сям’ю і многія іншыя жыццёвыя радасці. Усё знішчыла гарэлка…

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.