У Беларусі камфортна ўсім! У аддзяленні па грамадзянстве і міграцыі Ляхавіцкага РАУС упершыню адбылася цырымонія прынясення Прысягі грамадзяніна Рэспублікі Беларусь

30 лістапада ў аддзяленні па грамадзянстве і міграцыі Ляхавіцкага РАУС упершыню адбылася цырымонія прынясення Прысягі грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Джавед Мухамад Сакіб, зарэгістраваны ў Ляхавічах, ганарова вымаўляў тэкст Прысягі: «…Урачыста клянуся выконваць і паважаць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і іншыя акты заканадаўства, абараняць незалежнасць, суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць, быць патрыётам Рэспублікі Беларусь, паважаць яе дзяржаўныя сімвалы, духоўныя, гістарычныя, культурныя і нацыянальныя традыцыі, захоўваць гістарычную памяць аб гераічным мінулым беларускага народа…».

Згодна са зменамі, якія ўступілі ў сілу, замежная асоба набывае грамадзянства нашай краіны з дня прынясення прысягі, але пасля прыняцця станоўчага рашэння па звароце аб яго набыцці.
19 кастрычніка Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 330, якім у беларускае грамадзянства прыняты 262 чалавекі. Сярод іх і зараз ужо былы грамадзянін Ісламскай Рэспублікі Пакістан Джавед Мухамад Сакіб.
– Прыняцце прысягі было рашэннем абдуманым і ўзважаным. У Беларусі мне падабаецца ўсё! З першага дня знаходжання ў краіне не адчуваў сябе чужым. Тут мне камфортна і ўтульна. Вельмі пашанцавала з людзьмі, якія падтрымлівалі і дапамагалі мне. Таму адчуваю сябе, як дома, і хачу жыць у Беларусі і далей, – дзеліцца наваспечаны грамадзянін Беларусі.
У сябе на радзіме Джавед скончыў дзяржаўны палітэхнічны інстытут па спецыяльнасці інжынера-будаўніка. Калі ў 2013 годзе прыбыў у Беларусь, то паступіў у Гродзенскі дзяржаўны прафесіянальна-тэхнічны каледж прыборабудавання. Усе дзесяць гадоў Джавед Мухамад Сакіб жыве ў Гродне і літаральна ўлюбіўся ў яго. Яму давялося бываць у розных беларускіх гарадах, вельмі спадабаўся Брэст з яго вуліцамі і адметнай інфраструктурай, добразычлівымі людзьмі.
– Краіна і горад, дзе я на-
радзіўся, назаўсёды ў маім сэрцы. І я падтрымліваю цесныя адносіны з маёй вялікай сям’ёй. Паміж беларусамі і пакістанцамі, на самай справе, шмат агульнага. Абодва народы гасцінныя і гатовы заўсёды падтрымаць адзін аднаго ў складаных сітуацыях, – адзначае Джавед.
Дарэчы, ён зарэгістраваны індывідуальным прадпрымальнікам і аказвае дапаможныя адукацыйныя паслугі для замежных грамадзян. Тыя, хто пры яго садзейнічанні прыбыў у Беларусь для навучання, не пашкадавалі, што атрымліваюць адукацыю менавіта ў нашай краіне.
– На Ляхавіччыне пражывае каля 450 замежных грамадзян. І ўсё больш жадаючых прыняць беларускае грамадзянства. Напрыклад, зараз падалі дакументы на афармленне грамадзянства чатыры чалавекі, зарэгістраваныя ў Ляхавіцкім раёне. Сярод іх украінцы і літоўцы. Працэдура гэта не хуткая, доўжыцца не менш за год. У бліжэйшыя месяцы Прысягу грамадзяніна Рэспублікі Беларусь прымуць тры чалавекі, якія разам з грамадзянствам набудуць, адпаведна, новыя правы і абавязкі, – адзначае выконваючы абавязкі начальніка АГіМ РАУС Юрый Дзямід.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.