Самая рабочая практыка – прафілактыка. Пра што вялася размова на апаратнай нарадзе ў Ляхавіцкім райвыканкаме

На апаратнай нарадзе ў райвыканкаме значылася пытанне аб рэалізацыі мерапрыемстваў па прафілактыцы наркаманіі і супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркатычных сродкаў, сацыяльнай рэабілітацыі нарказалежных асоб у Ляхавіцкім раёне.

Са справаздачай па сутнасці ўзнятай тэмы выступіў начальнік РАУС Андрэй Бурдзь.
Было, у прыватнасці, адзначана, што работа ў накірунку «не – наркотыкам» будуецца на патрабаваннях Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў», распрацаваных у адпаведнасці з апошнім ведамаснымі і рэгіянальнымі дакументамі.
– З мэтай правядзення належнай прафілактычнай работы на тэрыторыі горада Ляхавічы і Ляхавіцкага раёна зацверджаны комплексны план мерапрыемстваў, накіраваных на ажыццяўленне эфектыўных мер па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў, прафілактыцы іх спажывання, у тым ліку сярод дзяцей і моладзі, сацыяльнай рэабілітацыі асоб, хворых наркаманіяй, на 2023-2024 гады,
а таксама механізм яго рэалізацыі, – адзначыў Андрэй Бурдзь.
У тым ліку з адзначанымі вышэй і больш шырокімі адносна тэмы мэтамі ў бягучым годзе на тэрыторыі горада і раёна адбыўся шэраг мерапрыемстваў. На працягу сакавіка быў рэалізаваны комплекс аператыўна-прафілактычных мерапрыемстваў, скіраваных на супрацьдзеянне незаконнаму абароту наркотыкаў.
У перыяд з чэрвеня па сярэдзіну верасня на тэрыторыі раёна праводзілася спецыяльная праграма пад назвай «Мак». Яе вынікам стала выяўленне 13 фактаў незаконнага вырошчвання маку. Скла-
дзена 10 адміністрацыйных пратаколаў, знішчана 278 квадратных метраў незаконных пасяўных плошчаў, што прыкладна адпавядае 120 кілаграмам дзікарослай масы названай расліны.
А літаральна месяц назад завяршылася спецыяльная антынаркатычная праграма пад назвай «Допінг».
На тэрыторыі нашага раёна функцыянуюць чатыры аб’екты, якія атрымалі спецыяльны дазвол (ліцэнзію) на ажыццяўленне дзейнасці, звязанай з абаротам наркатычных сродкаў і іх прэкурсораў. У іх ліку шэраг структур: УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ», цэнтральная раённая аптэка, УАЗ «БАПБ «Крывошын»,
ДУ «Крывошынскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў». І, як прагучала падчас выступлення, супрацоўнікамі РАУС праводзіцца пастаянная работа па кантролі за легальным абаротам медыцынскіх прэпаратаў, якія ў сваім саставе ўтрымліваюць наркатычныя і псіхатропныя рэчывы. Мэта – недапушчэнне паступлення апошніх у незаконны абарот. Падчас правядзення спецыяльнай праграмы «Допінг» правераны ўмовы захоўвання лекавых сродкаў з утрыманнем наркотыкаў і псіхатропаў, парадак іх рэалізацыі. Парушэнняў выяўлена не было, канстатаваў начальнік РАУС.
У адпаведнасці з распараджэннем МУС Рэспублікі Беларусь з 20 лістапада па 27 снежня ў нашым раёне працягваецца ажыццяўленне аператыўна-прафілактычных мерапрыемстваў па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў. Дзеянне носіць комплекс-
ны характар, закранае многія пытанні, многія накірункі, што тычацца недапушчэння ўзнікнення і распаўсюджання наркаманіі.
Але ж, як ведаем, самая рабочая практыка – прафілактыка. На працягу бягучага года супрацоўнікі Ляхавіцкага РАУС больш за два дзясяткі разоў выступілі ў працоўных калектывах і амаль 30 – ва ўстановах адукацыі. Як правіла, гутаркі насілі прафілактычны характар, змяшчалі тэматычную інфармацыйна-тлумачальную, прававую і іншую «здаровую» інфармацыю.
Тым не менш, па даных наркалагічнага кабінета Ляхавіцкай ЦРБ, на пачатак бягучага месяца ў раёне на ўліку па катэгорыі «наркаманія» знаходзіцца шэсць чалавек.
– У адносінах вышэй згаданай катэгорыі грамадзян пастаянна ажыццяўляецца аператыўная і прафілактычная работа па недапушчэнні з іх боку правапарушэнняў і злачынстваў, – запэўніў начальнік РАУС Андрэй  Бурдзь.

Іван КАВАЛЕНКА.