Квэст па парадку. Як прайшоў чарговы рэйд па добраўпарадкаванні

Дбайныя гаспадары падтрымліваюць парадак незалежна ад надвор’я і пары года. Тычыцца гэта і прыватных сядзіб, і тэрыторый прадпрыемстваў, устаноў, і шматкватэрнай забудовы,
і земляў агульнага карыстання (яны таксама з’яўляюцца зонай адказнасці пэўных арганізацый). Але, на жаль, нямала прыкладаў зусім негаспадарскіх адносін – абыякавых, нядбайных.
І аўтары такой безгаспадарчасці – землякі.
Стан тэрыторый прадпрыемстваў і арганізацый, земляў агульнага карыстання нашага горада – тэма чарговага сумеснага рэйду па добраўпарадкаванні. За чысцінёй, своечасовым скошваннем пустазелля, уборкай і вывазам смецця, падтрыманнем парадку і іншымі «чыстымі» акалічнасцямі разам з «ЛВ» сачылі начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Марына Завадская, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іна Траяноўская, памочнік урача-гігіеніста райЦГіЭ Юрый Лімант.

Пачатак вуліцы Працоўнай уражвае са станоўчага боку, каля арганізацый парадак, пустазелле падкошана, смецця няма, у дварах шматкватэрнікаў па Арлоўскага добраўпарадкуюць тэрыторыю работнікі Ляхавіцкай ЖКГ. Але чым далей – тым больш пытанняў з’яўляецца. Вось-вось не будзе відаць з-за бур’яну будынка ТАА «Экаканцэпт». Ды і насупраць на землях агульнага карыстання, за парадак на якіх адказвае КУМВП ЖКГ «Ляха-
віцкая ЖКГ», пустазелле набірае абароты росту.
Здавалася б, клапоцяцца пра агульны выгляд тэрыторыі ПМК-13 і ПМС. Але гэта толькі з параднага ўваходу, а вось за агароджай прадпрыемстваў – зараснікі, зараснікі, зараснікі. Аналагічную карціну ўбачылі і каля аграхімсэрвісу.
– Згодна з рашэннем райвыканкама, устаноўлены наступныя параметры памераў замацаванай тэрыторыі. Для зямельных участкаў, на якіх размешчаны прамысловыя аб’екты, што знаходзяцца паабапал праезнай часткі вуліцы – ад мяжы зямельнага ўчастка да тратуара, а ў выпадку яго адсутнасці – да мяжы праезнай часткі вуліцы, па астатніх частках участка – палова адлегласці да суседняга зямельнага ўчастка, але не больш за
30 метраў. А ў выпадку, калі мяжа праходзіць побач з землямі сельгаспрызначэння, лесаўгоддзямі, прыродаахоўнага, гісторыка-культурнага прызначэння, – да мяжы такіх земляў, але не больш за пяць метраў ад мяжы ўчастка, –
тлумачыць Марына Завадская.
На жаль, гэта не адзінае месца на Працоўнай, дзе да парадку далёка. Чым далей ад гарадскога цэнтра, тым больш пытанняў у плане добраўпарадкавання.
У многіх месцах – бардак, развал, неахайнасць і нядбайнасць.
– Тут таксама праблема са стажам. Неаднойчы і прыро-даахоўная, і санітарная службы выносілі прадпісанні аб неабходнасці прыбрацца і на тэрыторыях, дзе знаходзіцца ПВУП «Ля-
хавічыбудтранс», і на прылягаючых. Усё вакол пазарастала, выкідваюцца адходы, у тым ліку і на землях агульнага карыстання, завалена паламанымі драўлянымі скрынямі (фота 2) і рэшткамі будаўнічага матэрыялу. Так і да несанкцыянаванага сметніка недалёка, – адзначае Іна Траяноўская.
Чамусьці адны, як, напрыклад, лясгас, ДРБУ-200, «Джэнтры», могуць своечасова скошваць траву, падтрымліваць парадак, а некаторыя і не збіраюцца гэта рабіць.
Наступнай праблеме далёка не адзін год. Так, перыядычна тут крыху прыбіраюцца, але запалу хапае ненадоўга. І падчас вераснёўскага маніторынгу чысціні заязджалі на тэрыторыю былога гандлёвага цэнтра на завулку Вакзальным. Пасля рэйду камунальнікі больш-менш уладкавалі тэрыторыю, у тым ліку ў плане бяспекі. Аднак цяпер усё паўтарылася зноў. Пустазелле бушуе, работнікі камунгаса пачалі скошванне, але рукі і косы дайшлі не да ўсіх месцаў. І гэта не адзіная праблема.
– Паступіла скарга ад жыхароў дома № 26 па вуліцы Арлоўскага. Людзі скардзяцца на дрэнны пах, які ідзе з каналізацыйных сцёкаў (фота 1), якія ўтварылі возера недалёка ад сквера па вуліцы Вакзальнай. А гэта ўжо забруджванне навакольнага асяроддзя, –
гаворыць Юрый Лімант.
А вось і сама крыніца непрыемнасцей – каналізацыйны калодзеж, які схаваўся ў тутэйшым хмызняку. Праблему трэба вырашаць неадкладна. Як і без прамаруджванняў абкасіць уваход у адміністрацыйны будынак СУП «Белазем’е», а таксама іншым арганізацыям, якія зарэгістраваны па адрасе вуліца Вакзальная, 4а.
У параўнанні з тым, што па наступным адрасе было год назад, сітуацыя змянілася ў лепшы бок. Размова пойдзе пра тэрыторыю каля чыгуначнага вакзала – зона адказнасці Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі. Варта аддаць належнае чыгуначнікам –
тут істотна паправілі стан спраў, высеклі хмызняк, паграблі, вывезлі смецце. Але зараз зараснікі зноў з’явіліся, яшчэ нехта вывез адходы і раскідаў іх па немалым участку. Час зноў працаваць на чысціню.
Дакладная і пэўная задача падчас маніторынгу пастаўлена перад гаражнымі кааператывамі і масівамі па вуліцы Арлоўскага: падкасіць пустазелле. Паважаныя аўтаўладальнікі, будзьце гаспадарамі!
З дня ў дзень прыродаахоўная служба б’е трывогу па прычыне літаральнага захопу ў палон тэрыторый як у горадзе, так і ў сельскай мясцовасці агрэсіўнай раслінай – сумнікам (залатарнікам).
– Гэта даволі небяспечная культура, якая вельмі хутка зай-мае ўсё новыя і новыя плошчы. На тым месцы, дзе рос сумнік, не будзе ўраджаю ні сельгаскультур, ні агародніны, ні кветак. Вось чаму заклікаем жыхароў раёна знішчаць зараснікі сумніку, – тлумачыць Іна Траяноўская.
Восеньскія маніторынгі чысціні прадаўжаюцца. А значыць, у фотааб’ектыў «ЛВ» могуць трапіць як станоўчыя, так і адмоўныя прык-
лады гаспадарання. Не жадаеце стаць аб’ектам прадпісанняў, штрафаў, тады наводзьце парадак там, дзе жывяце, працуеце, адпачываеце. І людзям прыгожа, і сабе прыемна.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.