Памяці заступніка зямлі беларускай

Сярод святых заступнікаў зямлі беларускай ёсць і наш зямляк прападобнамучанік Серафім, архімандрыт Жыровіцкі, у міру Раман Шахмуць, які нарадзіўся ў вёсцы Вялікае Падлессе ў 1901 годзе. 28 кастрычніка 1999 года Свяшчэнным Сінодам Беларускай Праваслаўнай Царквы па блаславенні Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і Усяе Русі Алексія ІІ архімандрыт Серафім Шахмуць быў далучаны да ліку мясцовашанаваных святых навамучанікаў зямлі беларускай, а ў жніўні 2000 года Архіерэйскім Саборам рускай Праваслаўнай Царквы ўслаўлены ў Саборы Навамучанікаў і спаведнікаў расійскіх ХХ стагоддзя.

Памяць земляка, якому наканавана было стаць святым, ушаноўваецца 6 верасня – у дзень, калі ён быў арыштаваны, і які стаў пачаткам яго крыжовага шляху.
Штогод да гэтай даты прымяркоўваюцца хрэсныя ходы, духоўна-асветніц-кія аўтамотавелапрабегі, богаслужэнні, як у храме Узвіжання Крыжа Гасподня ў Ляхавічах, так і на малой радзіме святога – у аграгарадку Падлессе ў храме Святога Духа.
Нямала падзей адбылося на Ляхавіччыне і сёлета. Раніцай 6 верасня ў Дзень памяці прападобнамучаніка Серафіма ў Падлескай царкве святочную літургію правёў архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Георгій. Таксама ў службе ўдзельнічалі рэктар Мінскай духоўнай акадэміі архімандрыт Афанасій, благачынны цэркваў Ляхавіцкай акругі протаіерэй Георгій Жытко.
Архіепіскап Пінскі і Луні-нецкі Георгій прадставіў прыхаджанам новага настаяцеля храма Святога Духа – Уладзіслава Прымшыца, якога падчас літургіі пасвяціў у сан іерэя. У сваю чаргу прыхаджане шчыра і з любоўю падзякавалі былому настаяцелю царквы іерэю Канстанціну Шалудзько.
А потым урачыстасці перамясціліся ў Ляхавічы. Каля памятнага знака – капліцы на рыначнай плошчы сабраліся гараджане, каб паўдзельнічаць у малебне, пакланіцца абразу, прасіць у святога Серафіма парады, дапамогі і падтрымкі. І бадай, знакавая падзея – асвячэнне іконы прападобнамучаніка Серафіма. Абрад правёў архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Георгій, які прыязджае на Ляхавіччыну не ўпершыню. Цяпер кожны жадаючы можа прыйсці да капліцы, размешчанай на месцы колішняга храма, і памаліцца заступніку зямлі беларускай.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.